Аздаравіў за мяжой сотні тысяч дзяцей, але сам памёр ад лейкеміі. Гісторыя чалавека, які ратаваў беларусаў ад наступстваў Чарнобыля
26 красавiка 2025 у 1745651100
Кірыл Папаратнікаў / «Зеркало»
Сёння, 26 красавіка, беларусы адзначаюць чарговую гадавіну страшнай аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Трыццаць дзевяць гадоў таму, у 1986-м, праз выбух чацвёртага энергаблока адбыўся выкід каля 200 розных радыенуклідаў, большая частка якіх выпала на тэрыторыі Беларусі. Забруджанымі радыяцыяй аказаліся 3678 населеных пунктаў, дзе жыло 2,2 мільёна чалавек. Гэтых людзей трэба было ратаваць, і гэтым заняўся Генадзь Грушавы. Расказваем, як гэты рэспектабельны навуковец-філосаф прыйшоў у палітыку, стварыў фонд «Дзецям Чарнобыля», вывез за мяжу на аздараўленне сотні тысяч чалавек і памёр ад хваробы, з якой змагаліся некаторыя яго падапечныя.
Чарнобыль і БНФ
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС назаўжды змяніла жыццё Грушавога. Аж да гэтай падзеі - дакладней, да таго, як наступствы аварыі сталі ўсім вядомыя, - Генадзь вёў жыццё навукоўца-выкладчыка. Ён нарадзіўся ў 1950 годзе ў Мінску, куды яго бацьку-франтавіка, што скончыў вайну ў званні маёра - камандзіра палка, перавялі па службе. Скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта БДУ (1972) і праз год пачаў там выкладаць, у вольны час займаючыся баскетболам, барацьбой і лёгкай атлетыкай. Ужо ў 1976-м абараніў кандыдацкую дысертацыю па французскім аказіяналізме, якім займаўся з другога курса (аказіяналізм - філасофскае вучэнне, якое тлумачыць узаемадзеянне душы і цела з дапамогай умяшання Бога). Усё гэта было вельмі далёка ад якога-кольвек грамадзянскага актывізму.
Калі ў 1986-м здарылася аварыя, Грушавы - як і большасць жыхароў краіны - мала ведаў пра яе: улады замоўчвалі яе наступствы. «Не таму, што нам гэта нецікава, - у прынцыпе ў Беларусі нідзе даведацца пра гэта было нельга», - расказваў ён.
Такое «прыемнае няведанне», як назваў яго сам Грушавы, цягнулася тры гады. А потым ён ініцыяваў паездку з журналістамі па вёсках і гарадах, якія пацярпелі ад аварыі. «Там проста нічога не ведалі, і я нічога не ведаў. І я ехаў, каб на свае вочы проста паглядзець і паслухаць людзей, што адбываецца на месцы. І тады пасля паездкі па сутнасці перавярнуўся лёс», - успамінаў навуковец.
Убачанае ўразіла Генадзя, і ён не мог заставацца ўбаку. Але, згодна з навуковым светапоглядам, характэрным для яго атачэння, перш чым нешта рабіць, трэба было знайсці сур'ёзныя навуковыя доказы.
«Я прапанаваў гэтую парадыгму павярнуць у іншы бок <…>: дакажы сёння, у 1989 годзе, што людзям нічога не пагражае. Навука, дакажы, што 10, 20 ці 50 гадоў здароўе людзей, якія жылі ў гэтых чарнобыльскіх рэгіёнах, не будзе закранутае дзеяннем радыяцыі. Але дакажы эфектыўна і сур'ёзна. Ёсць такія доказы? Не. Ах, не? Ну тады, прабачце мне, мы не можам чакаць, пакуль навука разбярэцца ў гэтым феномене, пакуль яна прыйдзе да таго ці да іншага меркавання, пройдуць дзесяцігоддзі ці многія гады, і што стане са здароўем людзей, мне не ўсё адно», - тлумачыў ён матывы сваіх паводзін.
У той час тэму Чарнобыля найбольш актыўна падымаў Беларускі народны фронт (БНФ) - найбуйнейшая апазіцыйная арганізацыя, якая, акрамя гэтага, выступала за змены ва ўсіх сферах. Грушавы далучыўся да яе. У 1988-м ён прысутнічаў на паседжанні аргкамітэта Фронту, а вясной 1989-га дапамагаў у арганізацыі Устаноўчага з'езда БНФ, які ўдалося правесці толькі ў Вільнюсе: у Мінску забаранілі.
Улады маўчалі, усяляк утойваючы наступствы аварыі. Фронтаўцы разумелі, што важна зрабіць праблему публічнай, таму вырашылі правесці ў Мінску першы «Чарнобыльскі шлях». Заяўку на яго падпісалі лідар БНФ Зянон Пазняк, ягоны намеснік, фізік Юры Хадыка, і Генадзь Грушавы. Дазволу ім не далі, але шэсце ўсё роўна адбылося 30 верасня 1989 года.
На арганізатараў завялі справу, Грушавога аштрафавалі на 300 рублёў - гэта быў яго месячны заробак. Хадыку далі два месяцы прымусовых работ з выплатай 20 працэнтаў ад заробку. «Вердыкт выклікаў абурэнне. Людзі збіралі грошы, каб дапамагчы нам», - расказваў Хадыка. Грушавы пасля гэтага страціў працу ва ўніверсітэце. «Суд праходзіў па такім жа сцэнары, што і цяпер. Ніякай абароны, усе сведкі з МУС. Я сказаў суду: "Вы ствараеце прэцэдэнт. Вы судзіце таго, хто абараняе людзей. Праз пару месяцаў вы зробіце з мяне героя". Дарэчы, пасля гэтага я і быў абраны ў парламент», - успамінаў Генадзь.
Дэпутацтва і незалежнасць
У сакавіку 1990 года ў Беларусі, яшчэ савецкай рэспубліцы, выбары ў парламент - Вярхоўны Савет XII склікання - упершыню прайшлі на альтэрнатыўнай аснове. Грушавы, які прадстаўляў БНФ, балатаваўся ў сталічнай Матусевіцкай акрузе і быў абраны дэпутатам у першым жа туры. Агулам Фронт змог правесці ў парламент каля 30 сваіх прадстаўнікоў (з 360 месцаў). Але наогул дэпутатаў, якія стаялі на дэмакратычных пазіцыях, было больш.
«Тады, ужо ў траўні, у нас узнікла ідэя злучыць усіх больш-менш нязгодных з наменклатурай дэпутатаў на аснове платформы Народнага фронту. Збіраліся шмат разоў у розных месцах (найбольш у Беларускім дзяржаўным універсітэце), прыходзіла часам каля сотні дэпутатаў, але нічога не атрымлівалася. Большая частка тых, што прыходзілі, трымалі партбілет у кішэні (у камуністаў гэта быў тады галоўны дакумент) і самі не разумелі, чаго яны хочуць, не мелі выразнай пазіцыі, не думалі пра перспектыву. Таму дыскусіі былі пастаянныя, меркаванні разбягаліся ў розныя бакі. Праз тыдзень бясплённых спрэчак стала зразумела, што тут поўны тупік - вельмі розныя ўзроўні. Выхад са становішча падказаў мне Генадзь Грушавы», - успамінаў Пазняк.
Ідэя была наступная: аформіць Дэпутацкі дэмакратычны клуб, які аб'яднае прыхільнікаў пераменаў. А прадстаўнікам Фронту - стварыць дэпутацкую фракцыю БНФ і ўвайсці ў клуб сваёй структурай. Так і зрабілі. Чальцамі клуба стала больш за 100 чалавек (зрэшты, збіраліся яны рэдка, і тое не ў поўным складзе). А прыхільнікі Пазняка, не толькі з Фронту, аб'ядналіся ў выніку ў Апазіцыю БНФ. Туды ўвайшоў і Грушавы, які працаваў у дэпутацкай камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы.
Спачатку Генадзь старанна займаўся парламенцкай працай.
«Грушавы гаварыў няшмат, асабліва на публіку. У Вярхоўным Савеце ён быў стрыманы і асцярожны, часцей маўклівы, вылучаўся гнуткай і практычнай арганізацыяй розуму (я гэта ведаў і цаніў)», - прызнаваўся Пазняк.
Увесь час дэпутацтва Генадзь падтрымліваў усе ініцыятывы Апазіцыі БНФ. У студзені 1991-га ён разам з калегамі-дэпутатамі асудзіў увод савецкіх войскаў у Вільнюс (так Масква спрабавала не дапусціць выхаду Літвы з Саюза). У жніўні таго ж года выступіў супраць спробы дзяржаўнага перавароту (адхілення ад улады генеральнага сакратара Міхаіла Гарбачова) і рыхтаваў дакументы да пазачарговай сесіі, на якой была абвешчаная незалежнасць Беларусі (вядома, Грушавы галасаваў за). У 1992-м разам з іншымі дэпутатамі БНФ ён пратэставаў супраць адмовы прызначыць рэферэндум пра пазачарговыя парламенцкія выбары, якія дазволілі б павялічыць колькасць дэпутатаў-дэмакратаў і праводзіць рэформы. Нарэшце, у 1993-м выступаў за парламенцкую, а не прэзідэнцкую рэспубліку: калі б краіна пайшла менавіта такім шляхам, гэта дазволіла б пазбегнуць дыктатуры.
Аднак, па сутнасці, ужо з 1990 года Грушавы стаў нашмат менш цікавіцца дэпутацтвам і палітыкай наогул. «Але праца ягонага фонду па выратаванні жыццяў ахвяр Чарнобыля апраўдвае ўсё», - падкрэсліў у каментары «Люстэрку» яго тагачасны калега па Вярхоўным Савеце Сяргей Навумчык.
Стварэнне фонду і дапамога Лукашэнкі
Чарнобыльскі камітэт Беларускага Народнага Фронту «Дзеці Чарнобыля» з'явіўся яшчэ вясной 1989 года. Першапачаткова яго ўзначаліў мастак Мікола Купава. Але справа патрабавала пастаяннай арганізатарскай працы. Таму кіраўніком камітэта ў тым самым годзе стаў Грушавы.
Першым грошы для фонду вылучыў пісьменнік Алесь Адамовіч - пералічыў свой ганарар за прачытаныя ў Японіі лекцыі. Менавіта тады, у 1989-м, пачаліся першыя паездкі дзяцей за мяжу. Да сярэдзіны 1990 года Генадзь здолеў арганізаваць выезд больш чым 700 беларускіх дзяцей на аздараўленне ў Германію, Польшчу і Чэхаславакію.
Уладам гэта не спадабалася. У 1990 годзе сакратар па ідэалогіі Мінскага гаркама партыі Ніна Іванова выступіла на старонках газеты «Советская Белоруссия». Яна заявіла, што дзяцей нельга адрываць ад роднай глебы: «Куды гэтыя дзеці потым будуць імкнуцца? Ці патрэбныя нам такія дзеці?» (Пазней гэтая чыноўніца ўзначаліла Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, якім кіруе дагэтуль.) Дарэчы, тады Грушавога падтрымаў яго калега па парламенце, дэпутат Аляксандр Лукашэнка.
«Слухай, так важна дзяцей пасылаць за мяжу! Народ так гэтага хоча! І калі дзяцей будзем пасылаць мы, а не дзяржава, народ паверыць у дэмакратыю і ў нас як яе праваднікоў», - успамінаў Генадзь размову з ім і дадаваў, што тады ж яны разам пачалі фармаваць першыя групы дзяцей са Шклова. Пазней стаўленне Лукашэнкі зменіцца, але пра гэта ніжэй.
Дзякуючы Грушавому дзеці не толькі папраўлялі здароўе, але і адкрывалі для сябе Еўропу. За час працы Фонду за мяжой пабывала, паводле некаторых ацэнак, больш за 300 тысяч дзяцей, паводле самога Генадзя - паўмільёна.
«Што такое паўмільёна дзяцей, якія пабывалі ў іншых краінах, якія паглядзелі на іншае жыццё і задумаліся, чаму мы жывём так, а не як у Еўропе? Сёння яны яшчэ не галасуюць. Але дзеці сталеюць», - тлумачыў ён.
У сярэдзіне чэрвеня 1990 года Грушавы і Зянон Пазняк наведалі лагер пад Берлінам, дзе адпачывалі беларускія дзеці. Палітыкі правялі перамовы з мясцовымі ўладамі, у выніку чаго два рэйсы транспартных самалётаў бясплатна даставілі ў Мінск 12 тон дзіцячага харчавання для чарнобыльскіх дзяцей.
Нядзіўна, што ўлады глядзелі на поспехі актывістаў няўхвальна: іх уласныя ініцыятывы ў гэтай сферы абарочваліся скандаламі. Незадоўга да таго выявілася, што чыноўнікі на грошы, вылучаныя на ліквідацыю наступстваў аварыі, арганізоўвалі сабе круізы, што частку грамадскіх ахвяраванняў змудрыліся перадаць Міністэрству атамнай энергіі СССР.
«Нарэшце, 28 чэрвеня стала вядома, што на Кубе памерла два дзіцяці з Беларусі - улады арганізавалі "аздараўленне" ў субтрапічным клімаце. Да таго ж кубінскія камуністычныя ўлады выставілі Беларусі рахунак у чвэрць мільёна даляраў», - успамінаў Сяргей Навумчык. І цытаваў Пазняка, які адзначаў у парламенце: «Ці задумаліся вы, чаму, калі за гуманную справу бяруцца афіцыйныя структуры, то альбо нічога не атрымліваецца, альбо выходзіць кепскасць і марната?»
Зрэшты, ужо ў тым жа 1990 годзе дарогі Генадзя Грушавога і БНФ трохі разышліся. Ён зарэгістраваў уласную арганізацыю «Дзецям Чарнобыля».
«Скарыстаўшы аўтарытэт Фронта і сваю дзейнасьць у Фронце, ён паступова адыйшоў ад БНФ і пачаў самастойную дзейнасьць», - з крыўдай пісала ў мемуарах Галіна Пазняк, жонка лідара арганізацыі.
Прычынай, відаць, сталі сур'ёзныя супярэчнасці падыходаў двух палітыкаў. «Яны нагадвалі байцоўскіх пеўняў, якія стаяць адзін насупраць аднаго», - успамінала Ірына, жонка Генадзя. На думку Пазняка, дзеці, якія ўпершыню прыехалі за мяжу, прадстаўлялі нашую краіну не найлепшым чынам. Напрыклад, некаторыя замежнікі скардзіліся, што дзеці не ведаюць, як хадзіць у прыбіральню, рыхтавацца да сну, чысціць зубы. Пазняк прапаноўваў праводзіць адбор. А вось Грушавы лічыў, што ніякіх сацыяльных крытэраў быць не можа. Паводле Ірыны, гэта і было асноўнай прычынай дыстанцыявання ад БНФ. Генадзю хацелася дзейнічаць самастойна, без аглядкі на кіраўніцтва Фронту.
Паралельна з дэпутацтвам навуковец з 1991 года працаваў прарэктарам у Інстытуце сучасных ведаў імені Шырокага, аднак большую частку часу прысвячаў менавіта фонду. Яго супрацоўнікі заўсёды тлумачылі дзецям і дарослым, чаму яны едуць за мяжу, інфармавалі пра наступствы катастрофы на ЧАЭС.
«Генадзь заахвоціў сябе і нас, тагачасных "саўкоў", пачаць мяняць жыццё (сваё і іншых) да лепшага. Гэта быў дэвіз і заклік фонду: давайце зменім сваё жыццё да лепшага і дапаможам у гэтым іншым! Нашай "барыкадай" была праца па стварэнні груп самадапамогі, па стварэнні міжнароднага гуманітарнага руху, г. зн. супрацоўніцтва людзей з мэтай палепшыць іх жыццё. Гэта была праца і мара Генадзя. І людзі аб'ядноўваліся», - успамінала яго жонка Ірына.
Паводле яе, муж ратаваў не толькі здароўе дзяцей пасля Чарнобыля, але і дапамагаў людзям вырашыць канкрэтныя задачы што да ўладкавання свайго жыцця.
«Мы аздараўлялі дзяцей, дапамагалі старым, арганізоўвалі дапамогу інвалідам, сіротам, адораным дзецям і асуджаным малагадовым, стваралі групы і аб'яднанні. Нават не ведаючы, што гэта і ёсць стварэнне грамадзянскай супольнасці, у якім свабодныя грамадзяне выбудоўваюць сваё жыццё ў адпаведнасці з іх уяўленнямі, а не чакаюць, пакуль дзяржава ўсё дасць», - адзначала яна.
Надзвычай высока Грушавога ацэньвала і пісьменніца Святлана Алексіевіч.
«Памятаю, як у мяне на кухні за гарбатай мы вялі бясконцыя інтэлектуальныя штурмы… Казалі пра тое, што Чарнобыль падарваў наш ранейшы свет, нашую веру ў сацыялізм, у навуку, у тое, што чалавек - вянец стварэння… Я бачыла перад сабой палітыка і філосафа. Чалавека рэдкага ў нашых месцах маштабу. Не будзе перабольшаннем, калі я скажу, што менавіта дзякуючы Грушавому свет даведаўся пра Чарнобыль. Ён стаў чарнобыльскім пасланнікам у свеце. У ім, я не раз у гэтым пераконвалася, зліліся разам палітык, мастак слова і магутны тэмперамент. Гэта быў не чыноўнік, а дзеяч».
Выгнанне з парламента і карма для кантралёра
Праца Вярхоўнага Савета XII склікання, дэпутатам якога з'яўляўся Грушавы, мусіла завяршыцца ў 1995-м. На травень былі прызначаныя новыя выбары, а таксама рэферэндум, ініцыяваны Лукашэнкам - той годам раней прыйшоў да ўлады і ўжо паспеў разагнаць апазіцыю ў парламенце сілай і прымусіць астатніх дэпутатаў зацвердзіць рэферэндум, які мяняў дзяржсімвалы, рабіў рускую мову другой дзяржаўнай, абвяшчаў курс на саюз з Расіяй і дазваляў датэрмінова распускаць сам парламент. Галасаванне было сфальсіфікаванае: рэферэндум адбыўся, а выбары нібыта не - праз нізкую яўку, хоць у абодвух выпадках галасавалі адны і тыя ж людзі адначасова на адных і тых жа ўчастках.
У выніку новы парламент не быў сфармаваны. Вярхоўны Савет ранейшага складу аднавіў працу, але быў паралізаваны з прычыны няпоўнага складу: запалоханыя дэпутаты папросту не прыходзілі на сесіі. Гэтага і дабіваўся Лукашэнка: ніхто не мог яму супрацьстаяць. Была запушчаная прапагандысцкая машына, Лукашэнка абвінавачваў дэпутатаў ва ўсіх няшчасцях народа, на тэлебачанні цкавалі БНФ. У выніку, калі ў канцы 1995 года адбыліся давыбары і пачаў працу Вярхоўны Савет новага, XIII склікання, у ім было толькі 14% ад ранейшага складу, а сярод упершыню абраных была вялікая доля «моцных гаспадарнікаў». Тым не менш і гэты парламент яшчэ спрабаваў супрацьстаяць Лукашэнку і нават абвясціць яму імпічмент. На жаль, безвынікова.
На 24 лістапада 1996 года быў абвешчаны новы рэферэндум. На яго Лукашэнка вынес новы варыянт Канстытуцыі, які даваў яму неабмежаваную ўладу. Паралельна праходзілі давыбары ў парламент па некалькіх акругах. На адной з іх вылучыўся Генадзь Грушавы. На той час ён абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі, атрымаў званне прафесара, аднак вырашыў вярнуцца ў палітыку - і перамог, зноў стаўшы дэпутатам.
Аднак у выніку рэферэндуму, які ўлады зноў сфальсіфікавалі, Лукашэнка распусціў Вярхоўны Савет і стварыў з часткі лаяльных яму дэпутатаў Палату прадстаўнікоў. Атрымалася, што праца Генадзя ў новым складзе парламента скончылася, так і не пачаўшыся. За некалькі тыдняў арганізацыя «Дзецям Чарнобыля» сабрала 116 тысяч подпісаў супраць спынення яго паўнамоцтваў. Вядома, да іх не прыслухаліся. Замест гэтага на фонд пачаўся ціск.
«Прыходзіў адзін з самых жорсткіх кантралёраў. Ён працаваў пры Савеце бяспекі, але бачыў нашую працу - ад і да. Ён бачыў, як людзі ў нас працуюць. Потым, пасля праверкі, ён паклікаў мяне і сказаў: "Мне далі даручэнне закрыць вас. Але гэтага я рабіць не буду, бо бачу, што вы робіце. Я сыходжу, але чакайце новага кантралёра". Новага, дарэчы, так і не было. Можа, гэты ўчынак стаў урокам. А неўзабаве ва ўнука старога кантралёра выявілі рак крыві. Звярнуўся да нас, выратавалі, дапамаглі… Палкоўнік тады сказаў так: "А калі б я вас закрыў?"» - успамінаў Грушавы.
Аднак ціск не спыняўся, і вясной 1997 года Генадзю давялося эміграваць у Германію. Прычынай сталі абвінавачанні ў антыдзяржаўнай дзейнасці, парушэннях у выплаце падаткаў, вымагальніцтве грошай у замежнікаў. Вярнуцца ў Беларусь ён змог толькі праз год, у сакавіку 1998-га.
Ліквідацыя фонду і смерць ад лейкеміі
Нягледзячы на ўсе складанасці, Грушавы не сыходзіў з палітыкі. Ён быў каардынатарам Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі, у 2000 годзе зноў спрабаваў выбрацца ў парламент, але яго кандыдатуру не зарэгістравалі. У 2001-м разам з рэжысёрам Юрыем Хашчавацкім прыдумаў, як аб'яднаць у звязку двух апазіцыйных кандыдатаў Уладзіміра Ганчарыка і Сямёна Домаша: у выпадку перамогі першы мусіў стаць прэзідэнтам, другі - прэм'ерам. У 2010-м Генадзь стаяў ля вытокаў кампаніі «Гавары праўду», якая вылучыла кандыдатам у прэзідэнты паэта Уладзіміра Някляева.
Аднак асноўныя сілы ішлі на тое, каб падтрымліваць існаванне фонду і адбіваць атакі дзяржавы. За дзясятак гадоў па лініі фонду Грушавога ў Беларусь паступіла дапамога, пераважна лекі, на суму каля 500 млн даляраў. Але ў 1997-м улады стварылі Дэпартамент гуманітарнай дапамогі, каб узяць пад кантроль яе патокі, а ў 2000-м увялі ліцэнзаванне на гэтую дапамогу. У 2005 годзе фонд выкінулі з памяшкання ў сталічным Траецкім прадмесці, дзе ён месціўся з дня заснавання. А ў 2008-м наогул былі ўведзеныя абмежаванні на паездкі дзяцей за мяжу. Цяпер іх можна было адпраўляць іх толькі ў тыя краіны, з якімі Беларусь заключыла дамовы, што гарантуюць іх вяртанне. На аздараўленне за мяжу дазвалялася выязджаць дзецям толькі да 14 гадоў і не больш за тры разы ў адну і тую ж дзяржаву.
Урэшце ў 2012 годзе Генадзь Грушавы закрыў свой фонд. Пазней ён увайшоў у раду новай арганізацыі Platform Innovation, якая пачала займацца дапамогай зняволеным.
«Дзеці Чарнобыля выраслі, у іх ёсць уласныя дзеці, і цяпер мы ім мала чым можам дапамагчы. Цяпер іх лёс ва ўласных руках. Фонд выканаў сваю сацыяльную місію, і нельга таптацца на пляцоўцы, якая страчвае свой сэнс. Мы мусілі падняць гэтае правінцыйнае грамадства на дзейнасць, звязаную з самадапамогай, на дзейнасць, звязаную з тым, каб ратаваць уласных дзяцей сваімі рукамі і сіламі. І мы гэтую задачу выканалі», - заявіў ён.
Усяго фонд «Дзецям Чарнобыля» дапамог больш чым 2 млн жыхароў Беларусі, вывез на рэабілітацыю і аздараўленне сотні тысяч дзяцей у многія краіны свету. У замежных камандзіроўках (Бельгія, Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Германія, Японія і г. д.) для абмену досведам пабывалі некалькі сотняў медыцынскіх супрацоўнікаў - ад загадчыкаў паліклінік да медсясцёр.
А 28 студзеня 2014 года Грушавы памёр. Яму было 63 гады. У той дзень яму стала цяжка дыхаць, ён выклікаў хуткую дапамогу і памёр ужо ў бальніцы, рэанімацыя не дапамагла. У Генадзя была лейкемія. У 2013 годзе яна дала ўскладненні, ён перанёс інфаркт і пнеўманію. Урэшце арганізм не вытрымаў.
Хвароба наўрад ці была проста трагічнай іроніяй лёсу - магчыма, тут паўплывалі частыя паездкі на заражаныя тэрыторыі. Святлана Алексіевіч успамінала спрэчку з Грушавым «пра бутэрброд», які нязменна бралі з сабой у паездку туды замежныя журналісты і навукоўцы. На запрашэнне мясцовых жыхароў сесці за стол яны заўсёды адказвалі ветлівай адмовай, а потым даставалі кожны свой бутэрброд. Грушавы ж заўсёды садзіўся за стол.
«Я не мог адмовіць. Мне было сорамна гаварыць з людзьмі пра іх бяду і не дзяліць з імі гэтую бяду. Хоць дома мяне чакалі жонка і двое маленькіх дзяцей. Хоць дагэтуль не ведаю - правільна я рабіў ці не?» - успамінала яго словы пісьменніца.
Ужо цяжкахворым Грушавы пакінуў тэстамент:
«Калi амаль пяць гадоў таму я даведаўся, што ў мяне лейкемiя - парушэнне структуры ДНК, - я сказаў сабе: мне ў жыццi пашанцавала, бо я памру ад таго, з чым змагаўся ўсё жыццё. Але я не дам Чарнобылю анiякiх шанцаў. Я хацеў бы скончыць жыццё на той бойцы, у якую ўступiў 26 красавiка 1986 года i на якой знаходжуся апошнiя 27 гадоў. Я з тымi, для каго працаваў пасля Чарнобыля. Мой сыход - лагiчнае завяршэнне майго жыцця. Такi сыход дараваны мне Богам i лёсам. I я ўспрымаю яго як салдат на вайне, бо лепш загiнуць падчас атакi на фронце, чым ад малярыi ў тыле. Быць можа, сваiм лёсам я каго-небудзь пераканаю, што ў Беларусi няма будучага, калi iгнаруюцца наступствы Чарнобыля. Нельга спадзявацца, што ад гэтай трагедыi можна схавацца цi ўцячы. Вось чаму дзяржава павiнна займацца Чарнобылем самым сур'ёзным чынам. Толькi тады нацыя мае нейкую надзею на выратаванне».