Лукашэнка выказаўся пра іпэшнікаў: «Заўсёды нам праблемы падкідвалі», «але крыўдзіць іх не трэба»
31 кастрычнiка 2022 у 1667207160
«Зеркало»
Цэны мусяць фармавацца паводле тых правілаў, якія вызначае дзяржава. А прыватным прадпрымальнікам час «працаваць празрыста». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку.
«Не забудзьце пра цэны. Я спецыяльна Снапкова паклікаў (першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. - Заўв. рэд.), каб ён не забываў, што маё патрабаванне па рэгуляванні цэн і выпрацоўцы сістэмы цэнаўтварэння - гэта не проста нейкае аднамомантнае даручэнне або пажаданне. Я яму кожны дзень пра гэта кажу. І хацеў бы чарговы раз пачуць. У тым плане, што, напэўна, не ўсё вы прадугледзелі, як гэта звычайна бывае, пастановай урада. Але калі мы дзесьці нешта прапусцілі, трэба карэктаваць, дадаваць», - сказаў Лукашэнка.
Ён таксама пракаментаваў размовы пра тое, што апошнім часам у Беларусі «бізнес прасеў».
«Пачынаю цікавіцца, які бізнес. Іпэшнікі, якія заўсёды нам праблемы падкідвалі, - адзначыў ён. - Арыентаваць усю краіну на пажаданні вось такога бізнесу - гэта ўжо занадта. Але і іх крыўдзіць не трэба. Калі яны возяць нейкі тавар, прадаюць, а яго купляюць, значыць, яны запатрабаваныя».
Лукашэнка заявіў, што індывідуальным прадпрымальнікам, якія гандлююць таварамі легпрама, «час працаваць празрыста», таму што яны прывозяць «тавар часам незразумела які, па тандэце яго тут уцюхіваюць нашым людзям. А лёгкая прамысловасць свая пастаянна падае».
«Мы неаднойчы падыходзілі да пытанняў працы вось гэтых так званых іпэшнікаў, якія возяць тавар і ў якіх няма нават накладных на гэты тавар. І тады мы дамаўляліся, што трэба дапамагчы індывідуальным прадпрымальнікам, якія займаюцца такім гандлем, стварыць аптовыя пастаўкі прадукцыі ў Беларусь. Наўпрост у Беларусь. Каб яны не ездзілі па закутках Расіі, Турцыі ці Кітая. Ім там уцюхіваюць гэты тавар без накладных. Незразумела, па якіх цэнах. Ды і сертыфікаты не заўсёды нармальныя», - сказаў ён.
«Таму нікога не крыўдзім, але павінныя працаваць празрыста. І цэны павінныя быць падкантрольныя. Згодна з пастановай урада», - папярэдзіў Лукашэнка.
Каротка пра тое, што наогул адбылося і чаму бізнес так перапалохаўся
6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Аляксандр Лукашэнка заявіў пра забарону на павышэнне любых цэн у краіне. Пасля забароны на рост цэн Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных справаў. Да рэйдаў падключыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты. Пасля гэтага за павышэнне цэн завялі дзясяткі крымінальных справаў.
19 кастрычніка ўрад нарэшце прыняў новую пастанову аб рэгуляванні цэн (але апублікавалі яе 20 кастрычніка). У дакуменце пералічаныя 370 відаў тавараў: ад харчавання і адзення да аўтамабіляў і рознага абсталявання. Пастановай увялі гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю. Павышэнне адпускных цэн, згодна з пастановай, неабходна ўзгадняць з дзяржорганамі. Чыноўнікі не маглі адказаць на многія пытанні бізнесу што да новаўвядзенняў.
Познім вечарам 26 кастрычніка ўрад паведаміў, што прыняў змены ў нашумелую пастанову № 713, але чыноўнікі зацягвалі з тлумачэннямі па новаўвядзеннях.
27 кастрычніка ў шэрагу гарадоў Беларусі прадпрымальнікі, якія гандлююць нехарчовымі таварамі на рынках, не адкрылі свае павільёны. Іпэшнікі абвясцілі, што ставяць сваю дзейнасць на паўзу, пакуль не атрымаюць выразнага тлумачэння, як далей прымяняць механізм цэнаўтварэння. Пазней улады правялі лакальныя сустрэчы з прадпрымальнікамі з нагоды цэн. На наступны дзень У Брэсцкім аблвыканкаме запэўнілі, што вырашылі пытанне з іпэшнікамі, і рынкі ў рэгіёне адкрыліся.
Кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў 30 кастрычніка заявіў, што ўсе іпэшнікі выйшлі на працу, а вялікіх праблем у міністэрстве не бачаць - «сітуацыя абсалютна нармальная».