«Падарваў аўтарытэт органаў улады». У Магілёве будуць судзіць прадпрымальніка за павышэнне цаны на сыр
8 лiстапада 2022 у 1667910900
«Зеркало»
Пракуратура Магілёўскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 46-гадовага жыхара горада ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі падчас фарміравання рознічных цэн, паведаміла прэс-служба нагляднага ведамства.
Абвінавачаны - дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю. Паводле версіі следства, 8 кастрычніка 2022 года на працоўным месцы ў сваёй краме ён, ведаючы пра забарону на павышэнне цэн, «з карыслівых меркаванняў наўмысна ўстанавіў цану на сыр, якая перавышае яго кошт на 5 кастрычніка 2022 года».
«Сваімі дзеяннямі абвінавачаны нанёс істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Гэта выявілася ў падрыве аўтарытэту органаў улады пры прыняцці сістэмных мер па выключэнні неабгрунтаванага росту цэн і кантролі за цэнавай дысцыплінай, усталяванні эфектыўнай сістэмы мэтавага кантролю для забеспячэння ўнутранага спажывецкага рынку таварамі», - сцвярджае пракуратура.
Мужчыну выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 424 КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Пасля выстаўлення абвінавачання бізнесоўца выпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Як развівалася гісторыя з рэгуляваннем цэн
6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Аляксандр Лукашэнка заявіў пра забарону на павышэнне любых цэн у краіне.
«За-ба-ра-ня-ец-ца! З сённяшняга дня. Не з заўтрашняга дня, а з сённяшняга. Каб за суткі не накруцілі цэны. Таму з сённяшняга дня рост цэн забараняецца. І не дай бог хтосьці па бухгалтэрыі правядзе задняй датай нешта, нейкія разлікі, пераразлікі», - папярэдзіў Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блокам на тэму інфляцыі (цытата паводле БЕЛТА).
У той жа дзень ён даручыў ураду да 20 кастрычніка зацвердзіць новы парадак рэгулявання цэн. Адказнай прызначыў старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву.
Пасля забароны на рост цэн Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных справаў. Да рэйдаў падключыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты. Пасля гэтага за павышэнне цэн завялі дзясяткі крымінальных справаў.
19 кастрычніка ўрад нарэшце прыняў новую пастанову аб рэгуляванні цэн (але апублікавалі яе 20 кастрычніка). У дакуменце пералічаныя 370 відаў тавараў: ад харчавання і адзення да аўтамабіляў і рознага абсталявання. Пастановай увялі гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю. Павышэнне адпускных цэн, згодна з пастановай, неабходна ўзгадняць з дзяржорганамі. Чыноўнікі не маглі адказаць на многія пытанні бізнесу па новаўвядзеннях.
Познім вечарам 26 кастрычніка ўрад паведаміў, што прыняў змены ў нашумелую пастанову № 713. Падрабязнасці не агучваліся. Пры гэтым дакумент уступіў у сілу з 26 кастрычніка, а апублікаваны ён быў бліжэй да абеду 27 кастрычніка на сайце зрада. Чыноўнікі зацягвалі з тлумачэннямі па новаўвядзеннях.