Лукашэнка прадказаў канец АДКБ у выпадку паразы Расіі ў вайне. Здаецца, гэтым разам ён мае рацыю — тлумачым
25 лiстапада 2022 у 1669380660
«Зеркало»
Саміт АДКБ у Ерэване быў багаты на гучныя заявы Аляксандра Лукашэнкі. Не абышлося і без прадказанняў - прычым як мінімум адно з іх выглядае цалкам праўдападобным. Ацэньваючы справядлівасць меркавання «калі пераможа [Расія], АДКБ будзе жыць. Калі не пераможа, АДКБ існаваць не будзе», Лукашэнка падзяліўся прагнозам: «Адчуваю, што мы прыйшлі да адзінага меркавання, што калі, не дай бог, абрынецца Расія, то пад гэтымі абломкамі - нашае месца». Праўда, тут жа адмёў такую магчымасць, дадаўшы, што «АДКБ будзе існаваць, і ніхто нідзе не абрынецца». Наколькі імаверным выглядае тое, што ў выпадку паразы Расіі ў развязанай ёю вайне АДКБ спыніць існаванне? Мы вырашылі разабрацца ў пытанні на прыкладах з гісторыі.
Калі Акела прамахваецца
Літаральна за дзень да заявы Лукашэнкі будучыню АДКБ абмяркоўвалі на дзяржаўным тэлеканале СТБ, дзе ў якасці запрошанага ваеннага эксперта ўдзельнічаў намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных сіл Ваеннай акадэміі Беларусі Андрэй Багадзель. Адказваючы на пытанні вядоўцаў пра перспектывы ваеннага альянсу, у які ўваходзіць Беларусь, ён так апісаў сваё бачанне гіпатэтычнай сітуацыі, у якой Расія прайграе цяперашнюю вайну: «Калі нешта пойдзе не па тым плане, пра які мы вышэй казалі, то ніхто не будзе знаходзіцца разам са слабым. Гэта закон. Гэта закон палітыкі, гэта закон логікі, гэта закон жыцця. Калі Акела прамахнуўся, то мы ведаем, што зграя пераходзіць да іншага важака. Таму немінуча развал гэтага блока можа адбыцца».
Метафара пра Акелу, падабраная кандыдатам ваенных навук, вельмі дакладная. Сама логіка стварэння монацэнтрычных ваенных і ваенна-палітычных альянсаў (то-бок такіх, у якіх эканамічны і ваенны патэнцыял аднаго з саюзнікаў значна пераўзыходзіць магчымасці іншых) падказвае, што яны цалкам залежаць ад сваіх лідараў. І пасля паразы галоўных дзяржаваў такіх саюзаў яны, як правіла, спыняюць сваё існаванне.
Так дзеецца з сівой антычнасці. Яшчэ ў V стагоддзі да нашай эры Дэласкі саюз з некалькіх сотняў грэцкіх полісаў, у якім непадзельна дамінавалі Афіны, спыніў існаванне пасля паразы, нанесенай афінянам Спартай. Параза Францыі падчас уварвання ў Расію ў 1812 годзе прывяло да таго, што створаны Напалеонам шырокі еўрапейскі альянс пачаў распадацца. У наступнай вайне Шостай кааліцыі Францыя ваявала не толькі супраць Расіі і Вялікабрытаніі, але і супраць сваіх учарашніх саюзнікаў - Аўстрыі і Прусіі. Дакладна гэтак жа еўрапейскія саюзнікі па берлінскім пакце пачалі весці сепаратныя перамовы, а потым кідаць Германію і пераходзіць на бок праціўніка, калі пачаў «прамахвацца» Гітлер - то-бок пасля стратэгічных паразаў вермахта пад Сталінградам і Эль-Аламейнам.
Гэтыя прыклады паказваюць, што для пачатку распаду ваеннага альянсу нават неабавязкова чакаць поўнай паразы даміноўнай дзяржавы. Сур'ёзныя няўдачы на франтах і няздольнасць аказаць ваенную дапамогу сваім саюзнікам таксама могуць палічыць за прыкмету слабасці. Падобна, што менавіта гэта прымушае ўсё далей і далей дыстанцыявацца ад АДКБ прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які, прымаючы саміт арганізацыі ў сваёй сталіцы, адначасова адмовіўся падпісаць выніковую дэкларацыю арганізацыі.
Акрамя таго, без Расіі і яе ваеенай моцы АДКБ наогул не мае сэнсу. Пяць з шасці дзяржаваў - удзельніц арганізацыі (Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан - усе, акрамя Расіі) не маюць выхаду да сусветнага акіяна і пры гэтым раскіданыя трыма асобнымі анклавамі на велізарнай прасторы Еўразіі ад Заходняга Буга да Паміра. Вялікая загадка, як і чым у выпадку вайны супраць кагосьці з іх змогуць дапамагчы адно аднаму Беларусь і Таджыкістан або Кыргызстан і Арменія. А суседзяў-саюзнікаў па АДКБ - Таджыкістан і Кыргызстан - ужо некалькі разоў даводзілася разнімаць, калі памежныя канфлікты пагражалі перарасці ў паўнавартасныя войны.
Гісторыя паўтараецца?
Каб зразумець, што можа чакаць АДКБ у выпадку паразы Расіі, няма неабходнасці капацца ў антычнай гісторыі ці напалеонаўскіх войнах. Існуе значна бліжэйшы па часе і зразумелы прыклад.
Расія (у асобе СССР) мае досвед будаўніцтва магутнага монацэнтрычнага ваеннага альянсу. У траўні 1955 года ў якасці супрацьвагі NATO, што з'явілася за шэсць гадоў да гэтага, была створаная Арганізацыя Варшаўскай дамовы (АВД). Безумоўным лідарам гэтага ваеннага блока быў СССР, які аб'ядноўваў у сваім складзе ўсіх шасцярых цяперашніх чальцоў АДКБ і яшчэ дзесяць саюзных рэспублік (тады ў СССР уваходзіла 16 рэспублік - існавала яшчэ Карэла-Фінская ССР, якая пазней увайшла на правах аўтаноміі ў РСФСР). Яго саюзнікамі былі еўрапейскія краіны з вельмі важкімі па мерках кантынента ваеннымі патэнцыяламі: ГДР, Польшча, Чэхаславакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя і (пергапачаткова, да 1960-х гадоў) невялікая Албанія. У наш час усе гэтыя краіны (Чэхаславакія ў выглядзе асобных Чэхіі і Славакіі) - чальцы NATO, як і тры рэспублікі са складу былога СССР (Латвія, Літва, Эстонія).
АВД была значна больш цэнтралізаваным ваенным блокам, чым NATO. Хоць у Паўночнаатлантычным альянсе ЗША таксама гралі найважнейшую ролю, у заходні блок уваходзілі цэлыя тры пастаянныя чальцы Савета бяспекі ААН (акрамя ЗША гэта былі Францыя і Вялікабрытанія - і ўсе гэтыя тры краіны мелі ядзерную зброю). Супастаўны з імі эканамічны і ваенны патэнцыял мелі і Заходняя Германія з Італіяй. Кожная з гэтых дзяржаваў праводзіла досыць самастойную замежную палітыку, якая часта ішла насуперак амерыканскай. А вось акрамя Албаніі, якая выйшла са складу АВД, праводзіць адносна незалежную замежную палітыку ўнутры Усходняга блока адважвалася толькі Румынія. Напрыклад, у 1963 годзе яна не дазволіла далучыцца да АВД Манголіі, якая падала заяўку.
У NATO дзве працоўныя мовы (англійская і французская), у АВД была толькі адна - руская. Усе галоўнакамандуючыя і начальнікі штабоў Арганізацыі Варшаўскай дамовы былі савецкімі маршаламі і генераламі, у той час як за ўсю гісторыю NATO яго генеральным сакратаром ні разу не быў амерыканец. Нарэшце, штаб-кватэра АВД, нягледзячы на назву, знаходзілася ў Маскве - а штаб-кватэра NATO знаходзіцца ў сталіцы Бельгіі - аднаго самых невялікіх чальцоў Альянсу. Такая сур'ёзная цэнтралізацыя АВД дазваляла СССР моцна кантраляваць саюзныя краіны і іх арміі, але выйшла арганізацыі бокам у перыяд заняпаду самога Савецкага Саюза.
36-гадовае суіснаванне двух наймагутнейшых ваенных блокаў у Еўропе ў рэжыме халоднай вайны абярнулася ўсталяваннем глухой жалезнай заслоны, мілітарызацыяй і гонкай узбраенняў. Намагаючыся дасягнуць парытэту, а то і перавагі над войскамі NATO, менш развітая эканоміка краін Усходняга блока не спраўлялася з падтрыманнем прымальнага для сваіх грамадзян узроўню жыцця. На піку сваёй моцы СССР здолеў апярэдзіць ЗША нават па колькасці ядзерных боегаловак, але цана гэтага дасягнення аказалася завялікай для яго эканамічнай сістэмы.
У канцы 1980-х гадоў аслаблы СССР усё больш засяроджваўся на вырашэнні ўнутраных праблем, звязаных з празмернымі выдаткамі на войска, сістэмнымі праблемамі планавай эканомікі і абвалам сусветных цэн на нафту. Забег на доўгую дыстанцыю ў гонцы ўзбраенняў абярнуўся для Савецкага Саюза паразай у халоднай вайне праз эканамічны накаўт і знікненнем з карты свету - пасля распаду на 15 дзяржаваў рознай ступені самастойнасці.
Паралельна з унутранай агоніяй СССР паміраў і ўзначалены ім ваенны блок. Камуністычныя рэжымы краін, што ўваходзілі ў АВД, маглі існаваць шмат у чым дзякуючы савецкай ваеннай падтрымцы. Будзе перабольшаннем сказаць, што прасавецкія рэжымы ва Усходняй Еўропе да канца 80-х гадоў трымаліся выключна на савецкіх штыках. Але адзіным разам, калі арміі ўдзельнікаў Варшаўскай дамовы дзейнічалі разам не на вучэннях, было не адбіццё ўварвання NATO, а здушэнне антыкамуністычнага паўстання ў Чэхаславакіі.
Варшаўскі пакт пачаў трашчаць па швах яшчэ да канчатковага развалу СССР. З 1989 па 1991 гады камуністычныя ўрады абрынуліся ў Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі, ГДР, Румыніі, Балгарыі, а таксама ў краінах, якія не ўваходзілі ў АВД - Албаніі і Югаславіі. 25 лютага 1991 года Арганізацыя Варшаўскай дамовы была распушчаная на сустрэчы міністраў абароны і замежных справаў краін-удзельніц у Венгрыі. Сам СССР разваліўся канчаткова амаль праз год - у снежні.
Быў бы куст, а варона знойдзецца
АДКБ па ступені цэнтралізаванасці нават пераўзыходзіць АВД. Ваенны блок, узначалены сучаснай Расіяй, уключае ўсяго шэсць дзяржаваў (столькі іх засталося з дзевяці, якія ўваходзілі ў арганізацыю першапачаткова). Савецкія саюзнікі накшталт Чэхаславакіі, Польшчы і ГДР мелі развітыя індустрыяльныя эканомікі і пэўную вагу ў сусветнай супольнасці. А з цяперашніх партнёраў Расіі па АДКБ толькі Казахстан мае аб'ём ВУП большы, чым у Люксембурга - самай буйной з еўрапейскіх мікрадзяржаваў (Казахстан - 191 млрд даляраў, Люксембург - 87 млрд, Беларусь - 68 млрд, Арменія - 13 млрд, Кыргызстан - 9 млрд, Таджыкістан - 9 млрд, паводле звестак Сусветнага банка за 2021 год).
Вельмі цяжка ўявіць сітуацыю, у якой Расія, пацярпеўшы паразу, застанецца для гэтых краін прывабным партнёрам з пункту гледжання гарантый ваеннай бяспекі. Зразумела, у арганізацыі застаецца яшчэ функцыя здушэння ўнутрыдзяржаўнай апазіцыйнай актыўнасці. АДКБ прадэманстравала сваю здольнасць арганізаваць новае «ўварванне ў Чэхаславакію» ў студзені 2022 года, калі ўвяла міратворцаў у Казахстан.
Але і тут Расія не незаменная. Напрыклад, у цэнтральнаазіяцкім рэгіёне адразу некалькі гульцоў гатовыя заняць яе месца. У першую чаргу гэта Турцыя, уплыў, ваенная моц і аўтарытэт якой на міжнароднай арэне апошнім часам прыкметна павялічыліся. У лістападзе мінулага года Турцыя са сваімі партнёрамі перафарматавалі Цюркскі савет у паўнавартасную Арганізацыю цюркскіх дзяржаваў, якая ўключае, акрамя дзяржавы-лідара, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан і Узбекістан. Сярод агучаных мэтаў і задач арганізацыі ёсць і «каардынацыя дзеянняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і сепаратызмам, экстрэмізмам», чаго цалкам дастаткова для легалізацыі аперацый па падтрыманні дружалюбных палітычных рэжымаў.
Складаней за ўсё з цяперашніх чальцоў АДКБ у Сярэдняй Азіі давядзецца Таджыкістану. Заціснуты паміж цюркскімі дзяржавамі і талібскім Афганістанам, ён проста вымушаны шукаць моцнага знешняга саюзніка. Але і ў яго ёсць некалькі кандыдатаў на гэтую ролю. Напрыклад, Кітай, які актыўна развівае супрацоўніцтва з заходнім суседам і, паводле некаторых сведчанняў, нават пабудаваў на яго тэрыторыі сакрэтную вайсковую базу.
Калі ў агляднай будучыні ўлада ў Арменіі не трапіць у рукі адкрыта прарасійскага ўрада, то выходзіць, што апошнім саюзнікам, які ад безвыходнасці можа трымацца за Расію нават пасля яе паразы ў вайне, застанецца Лукашэнка. У Еўропе, дзе знаходзіцца Беларусь, проста не знойдзецца іншых кандыдатаў стаць ягоным заступнікам. І ўжо тым больш не будзе да Мінска справы астатнім цяперашнім саюзнікам па АДКБ. І тут рэч не толькі ў геаграфічным становішчы і невялікай эканамічнай вазе такіх саюзнікаў. Калі вы збіраецеся сябраваць з нейкімі краінамі і выбудоўваць з імі саюзныя адносіны, вам як мінімум не варта хаміць іх лідарам. У Мінска ж пакуль атрымліваецца выбудоўваць адносіны толькі з адным саюзнікам, які ў афіцыйнай рыторыцы даўно ператварыўся ў «старэйшага брата».