Цэны замарозілі, а рэальныя даходы беларусаў усё роўна падаюць. Чаму так адбываецца? Спыталі пра гэта эканаміста
16 снежня 2022 у 1671181380
«Зеркало»
Рэальныя даходы беларусаў па выніках дзесяці месяцаў скараціліся на 3,9% у гадавым выражэнні. Паскарэнню іх падзення не перашкодзіла нават забарона росту цэн, якую ўвялі акурат у кастрычніку. Чаму так атрымліваецца і чаго чакаць да канца года, тлумачыць эканаміст.
У кастрычніку, калі на загад Аляксандра Лукашэнкі ўвялі забарону на рост цэн, працягнулі падаць рэальныя даходы беларусаў. На гэта ўплывала некалькі фактараў. Па-першае, назапашвальны эфект, то-бок на звесткі пра рэальныя даходы за студзень-кастрычнік уплывала інфляцыя не толькі апошняга месяца (тады статыстыка нават зафіксавала дэфляцыю), а за ўвесь год. У цэлым атрымліваецца, што яна знізіла даходы насельніцтва. Па-другое, у кастрычніку мог моцна прасесці нейкі з кампанентаў, якія ўлічваюцца ў статыстыцы па рэальных даходах, адзначае акадэмічны дырэктар BEROC (Кіеў), запрошаны прафесар універсітэта Карласа III у Мадрыдзе Кацярына Барнукова.
- Мы не бачылі ў кастрычніку вялікага росту заробкаў. Тое самае з пенсіямі - яны ў кастрычніку наўрад ці падалі, але і не раслі. Хутчэй за ўсё, моцна праселі прадпрымальніцкія даходы хатніх гаспадарак. Практычна ва ўсіх, хто заняты ў малым прадпрымальніцтве, ІП у сувязі з кантролем цэн маглі моцна прасесці даходы, бо многія не разумелі, як працаваць, а тлумачэнні пачалі паступаць толькі ў канцы месяца. Так, гэтыя даходы складаюць да 10%, але калі такі кампанент прасядае на 30−50%, гэта адаб'ецца і ў агульных рэальных даходах насельніцтва, - тлумачыць эканаміст.
Паводле яе словаў, уплывае таксама і тое, што летась у кастрычніку быў рост даходаў, у тым ліку таму, што тады актыўна раслі заробкі.
У цэлым жа афіцыйнае падзенне цэн у кастрычніку і лістападзе па выніках года прыкметна паправіць карціну па рэальных даходах насельніцтва.
- Упэўненая, што па выніках года будзе паляпшэнне, таму што ў лістападзе мы зноў бачылі ў афіцыйнай статыстыцы падзенне цэн. Тым больш у лістападзе і прадпрымальніцкія даходы, напэўна, часткова аднавіліся. У крайнім выпадку яны пачнуць аднаўляцца ў снежні. Наконт магчымасці давесці рэальную сярэднюю зарплату да ўзроўню мінулага года складана нешта казаць - пакуль гэтага не відаць. Але ў любым выпадку паляпшэнне будзе.