Лукашэнка патэлефанаваў Пашыняну, а той адмовіўся ехаць на саміт АДКБ у Мінск
14 лiстапада 2023 у 1699948500
«Зеркало»
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян не будзе ўдзельнічаць у паседжанні АДКБ у Мінску. Як паведамілі ва ўрадзе Арменіі, прэм'ер-міністр выказаў надзею, што партнёры па арганізацыі зразумеюць гэтае рашэнне.
«З ініцыятывы беларускага боку прэм'ер-міністр Нікол Пашынян правёў тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам. Абмеркаваныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй паседжання Савета АДКБ, якое пройдзе 23 лістапада ў Мінску. Прэм'ер-міністр Пашынян праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку, што не зможа ўзяць удзел у паседжанні, і выказаў надзею, што партнёры па АДКБ зразумеюць гэтае рашэнне», - адзначаецца ў паведамленні.
Нагадаем, Нікол Пашынян даўно і даволі жорстка крытыкуе АДКБ. У лістападзе 2022 года ён не стаў падпісваць сумесную дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі АДКБ праз адсутнасць палітычнай ацэнкі «агрэсіі Азербайджана» супраць суверэнітэту Арменіі.
У траўні гэтага года армянскі прэм'ер заявіў, што, на думку Ерэвана, АДКБ не рэагуе на просьбы даслаць маніторынгавую місію; такім чынам, ствараецца ўражанне, што арганізацыя «сыходзіць з Арменіі». Прэм'ер тады дапусціў, што краіна можа прыпыніць сяброўства ў АДКБ.