Лукашэнка абурыўся палітыкай Сербіі: «круцяць хвастом», падтрымліваюць санкцыі, забылі «тое дабро, з якім мы ішлі да іх»
20 лiстапада 2023 у 1700479020
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць палітыкай уладаў Сербіі і запатрабаваў «сур'ёзна вывучыць» сітуацыю ў гэтай краіне. Такое даручэнне ён даў 20 лістапада, прызначаючы новых паслоў.
Беларускае дыппрадстаўніцтва ў Сербіі ўзначаліў Сяргей Маліноўскі. Ён жа будзе па сумяшчальніцтве прадстаўляць афіцыйны Мінск у Рэспубліцы Паўночная Македонія.
Новаму паслу Лукашэнка даручыў «сур'ёзна вывучыць» сітуацыю ў Сербіі.
- Трэба разабрацца ў той палітыцы, якую Сербія праводзіць і жадае праводзіць у дачыненні да Беларусі, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Калі яны хочуць (супрацоўнічаць з Беларуссю. - Заўв. рэд.), значыць, мусіць быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах. Калі яны хочуць круціць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх праца, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забылі тое дабро, з якім мы ішлі да іх.
Лукашэнка падкрэсліў, што Маліноўскаму ў Сербіі «трэба палітычна разабрацца, чаго яны хочуць».
- Адно заяўляць, а рабіць зусім іншае - такая палітыка нікому не патрэбная. Таму трэба тут разабрацца, - сказаў палітык.
Зімбабвэ і Кітай
З новымі пасламі ў Зімбабвэ (былы кіраўнік ДФР КДК Ігар Маршалаў) і Кітаі (экс-міністр Аляксандр Чарвякоў) Лукашэнка пагаварыў асобна, адзначыўшы, што дзве гэтыя краіны «надзвычай важныя». Палітык нагадаў Чарвякову, што Кітай разам з Расіяй уваходзіць у лік асноўных партнёраў:
- Дапамагаюць нам і тэхналагічна самымі высокімі тэхналогіямі, і ў фінансавым плане, - сказаў Лукашэнка, даручыўшы новаму паслу падняць адносіны з Пекінам на новы ўзровень.
Што да Зімбабвэ, то там Маршалаву «трэба ствараць дыпламатычнае прадстаўніцтва» і шырэй уваходзіць не толькі ў гэтую краіну, але і ў суседні Мазамбік.
- Тым больш яны нас чакаюць вельмі. Нас цэняць, мы даказалі, што мы самавітыя людзі. І яны хочуць, каб мы свае тэхналогіі і ў машынабудаванні, і іншых галінах - будаўніцтве, ахове здароўя, адукацыі (падрыхтоўка кадраў вельмі важная), ды і ў аграрным сектары - пераносілі ў Зімбабвэ, - сказаў Лукашэнка.
ПАР і Інданезія
Прымаючы кадравыя рашэнні наконт прызначэння паслоў у ПАР і Інданезію, Лукашэнка адзначыў, што дыпламаты мусяць разумець, што іх будуць ацэньваць «перш за ўсё за гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі».
- Калі Захад і Амерыка не хочуць з намі супрацоўнічаць, добра - будзем «вартаваць» свае амбасады там, дзе гэта трэба. А асноўных дыпламатаў мы мусіць перакінуць на тыя напрамкі, дзе мы бачым рух, - падкрэсліў Лукашэнка. - У нас па многіх краінах ёсць рух, мы супрацоўнічаем з многімі краінамі. Трэба іх узмацняць.
Што да Паўднёва-Усходняй Азіі, то тут Лукашэнка вымушаны быў прызнаць, што, «акрамя нейкіх эпізадычных эканамічных кантактаў, гандлёва-эканамічных, мы там не вельмі асталяваліся».
- Трэба замацоўвацца. І Інданезія, і Малайзія, ды і Сінгапур - гэта цікавыя для нас краіны, і ўсюды мы павінныя паўтара-два-тры праекты знайсці. Гэта вашая задача.
Генеральнае консульства Беларусі ў індыйскім Мумбаі, паводле словаў Лукашэнкі, мусіць працаваць разам з амбасадай:
- Трэба аб'ядноўвацца адназначна. Не дзяліць там пасольства, консульскія падраздзяленні. Калі трэба ўзмацняць, значыць, трэба ўзмацняць. Мы мусім наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з Індыяй, якое будзе выяўляцца перш за ўсё ў эканоміцы, гандлёва-эканамічных адносінах. Гэта глабальная краіна, велізарная. Мы мусім бачыць там свой інтарэс.
Чытайце таксама