«Ніякія бізнесоўцы і іншыя не мусяць бегаць у МАРГ ці ўрад і ўзгадняць цэны». Лукашэнка сабраў нараду па цэнах
апублікавана: 21 снежня 2023 в 10.57
абноўлена: 21 снежня 2023 в 11.25
«Зеркало»
Цэны, механізм іх рэгулявання і кантролю абмяркуюць 21 снежня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла прэс-служба палітыка.
У паведамленні адзначаецца, што пытанне цэнаўтварэння «знаходзіцца на пастаянным кантролі».
- Мы павінныя паглядзець, як гэты працэс развіваецца. Мэта адна - ніякія вытворцы, бізнесоўцы і іншыя не мусяць бегаць у МАРГ ці ўрад і ўзгадняць цэны. З першага студзеня мусіць быць выразная і зразумелая сістэма, - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю не павіннае займацца ўзгадненнем усіх гэтых цэн.
- Слухайце, дык колькі ў МАРГ чалавек трэба будзе трымаць, каб яны ўсё гэта бачылі і ўзгаднялі? Вярніцеся ва ўрадзе да гэтай праблемы і нарэжце ўсім задачы. Ад кантралёраў, дэпутатаў да прэм'ер-міністра. Калі трэба мяне падключыць - калі ласка. Але пытанне мусіць быць вырашанае, - запатрабаваў ён.
Падчас нарады першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў адзначыў, што «інфляцыйныя чаканні насельніцтва знаходзяцца на нізкім узроўні, ёсць давер да ўлады і грашова-крэдытнай палітыкі, якая ёю праводзіцца», піша БЕЛТА.
- Пры гэтым пакупніцкая здольнасць насельніцтва - адна з самых высокіх за апошнія гады, - сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Нагадаем, гэтую нараду па цэнах палітык анансаваў яшчэ ў канцы кастрычніка.
- Найбліжэйшым часам мы правядзём нараду і паглядзім, што ўрад зрабіў за гэты час, каб мы маглі цэны трымаць каля сябе, за руку. Па вялікім рахунку, мы мелі рацыю. Яшчэ ёсць тлушчык, які можна шліфаваць. Удаецца цэны трымаць на патрэбным узроўні. Але яшчэ ёсць над чым працаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка падчас рабочай паездкі ў Мінскі раён.
Як уводзілі жорсткае дзяржрэгуляванне і як далей развівалася сітуацыя з цэнамі
6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка забараніў падымаць цэны. Для гэтага ўвялі спецыяльную дырэктыву № 10. 19 кастрычніка ўрад прыняў альтэрнатыву - пастанову пра рэгуляванне цэн на пэўныя тавары. Ёю ўвялі максімальныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю.
На гэтым фоне ў гандлі па ўсёй краіне зладзілі маштабныя рэйды. На бізнес штампавалі крымінальныя справы, праводзіі суды (да прыкладу, за павышэнне цаны на сыр на 26 капеек дырэктару крамы далі два гады з адтэрміноўкай).
У нашумелую пастанову па цэнах двойчы ўводзілі істотныя змяненні. Першае - у другой палове кастрычніка (з дакумента выключылі ювелірныя ўпрыгожанні, кветкі, некаторыя іншыя тавары), а другое - у пачатку лютага гэтага года. У прамежку паміж гэтымі праўкамі ў 713-ю пастанову чыноўнікі таксама ўносілі змены па асартыментным пераліку (а потым - яшчэ раз і яшчэ раз), пашыралі пералік дакументаў, якія трэба падаваць для ўзгаднення павышэння цэн.
У гэтай сітуацыі скараціўся асартымент некаторых тавараў, а па асобных пазіцыях наогул узнік недахоп. Пры гэтым у кастрычніку і лістападзе мінулага года ў цэлым па краіне зафіксавалі дэфляцыю - зніжэнне цэн, а ў снежні яны зноў пачалі расці.