У якіх краінах лепш за ўсё жыць на пенсіі? Вось што пра гэта кажуць папулярныя рэйтынгі
2 красавiка 2024 у 1712036880
«Зеркало»
На словах клопат пра беларусаў старэйшага ўзросту - найважнейшы напрамак работы дзяржаўных органаў. Так, у віншаванні на Дзень пажылых людзей 1 кастрычніка 2023 года Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава па-ранейшаму будзе атачаць кожнага такога грамадзяніна клопатам і ўвагай і ствараць найлепшыя ўмовы для годнага жыцця. А за год да таго ён абяцаў, што павышэнне якасці жыцця людзей ва ўзросце заўсёды будзе найважнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. З такой увагай да гэтага пытання можна было б чакаць, што Беларусь акажацца сярод сусветных лідараў па якасці жыцця пажылых людзей. Але ці так гэта насамрэч? Каб адказаць на гэтае пытанне, мы вывучылі два нядаўна абноўленыя рэйтынгі. Дык у якіх краінах свету лепш за ўсё сустракаць старасць - і ці ёсць сярод іх Беларусь?
Дзе пажылыя людзі самыя шчаслівыя?
20 сакавіка калектыў даследчыкаў з падраздзялення ААН па пошуку рашэнняў стабільнага развіцця, амерыканскага Інстытута Гэлапа, брытанскага Оксфардскага даследчага цэнтра дабрабыту і праекта World Happiness Report апублікаваў чарговы Сусветны даклад пра шчасце. У ім - рэйтынг краін свету па ўзроўні шчасця іх жыхароў.
Асновай для рэйтынгу выступаюць апытанні, у якіх рэспандэнтам прапануюць ацаніць сваё цяперашняе жыццё па шкале ад 0 да 10, дзе найгоршае магчымае жыццё для іх роўнае 0, а найлепшае магчымае жыццё - 10. Акрамя таго, даследчыкі ўлічваюць такія паказчыкі, як ВУП на душу насельніцтва, узровень сацыяльнай падтрымкі з боку дзяржавы, чаканая працягласць жыцця, узровень карупцыі і становішча са свабодай у краіне.
Рэйтынг ахоплівае большасць краін свету - у самым свежым дакладзе ацэнкі ёсць для 143 дзяржаваў і тэрыторый. На жаль, у апошнія тры гады ў ім няма звестак пра Беларусь. Апошні раз рэйтынг для нашай краіны ствараўся ў 2021 годзе - на аснове звестак 2020 года. Тады Беларусь па ўзроўні шчасця знаходзілася на 75-м месцы ў свеце. Магчыма, адмаўленне ад ацэнкі ў апошнія гады звязанае з недахопам дакладнай статыстычнай інфармацыі з нашай краіны.
Асаблівасцю Сусветнага дакладу пра шчасце сёлета стала яго арыентацыя на ацэнку шчасця людзей на розных этапах жыцця. Гэта дазволіла зразумець, наколькі шчаслівымі ў розных краінах свету адчуваюць сябе людзі розных узростаў.
Да пажылых людзей аўтары даследавання аднеслі групу ва ўзросце ад 60 гадоў і старэйшых. Цалкам чакана аказалася, што самыя шчаслівыя людзі ва ўзросце жывуць, як правіла, у тых жа краінах, дзе дастаткова шчаслівае і астатняе насельніцтва.
Так, найлепш адчуваюць сябе пажылыя жыхары Даніі, якая знаходзіцца на другім месцы па шчасці сярод усіх узроставых груп. А Фінляндыя - на другім месцы па шчасці людзей ва ўзросце за 60 і на першым - у «агульным заліку». Для Швецыі, Кувейта і Вялікабрытаніі гэтыя месцы наогул супадаюць (4, 13 і 20 адпаведна).
Зрэшты, ёсць і краіны, дзе пажылыя людзі прыкметна шчаслівейшыя за астатніх. Як, напрыклад, ЗША (10-е месца ў рэйтынгу шчасця для ўзросту 60+ і толькі 23-е - для ўсіх жыхароў). А вось у Ізраілі наадварот: у агульным рэйтынгу шчасця ён знаходзіцца на 5-м месцы ў свеце, а па рэйтынгу людзей старэйшай узроставай групы - толькі на 18-м.
Размяшчэнне краін свету з самымі шчаслівымі пажылымі людзьмі добра відаць на інфаграфіцы, падрыхтаванай праектам Visual Capitalist.
З 20 краін, пажылыя людзі якіх адчуваюць сябе самымі шчаслівымі, 11 знаходзяцца ў Еўропе. Яшчэ чатыры дзяржавы - ЗША, Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя - гэта былыя ўладанні Вялікабрытаніі, якія разам з гістарычнай метраполіяй часта называюць «англасаксонскімі». Таксама сярод лідараў Ізраіль і дзве багатыя «нафтавыя» манархіі Персідскага заліва. Самым нечаканым удзельнікам гэтага топ-20 выглядае цэнтральнаамерыканская Коста-Рыка, якая размясцілася на 17-м месцы. Пажылыя людзі ў ёй у сярэднім шчаслівейшыя, чым у Бельгіі, Ізраілі ці Вялікабрытаніі.
Месцы суседзяў Беларусі ў рэйтынгу шчасця пажылых людзей размяркоўваюцца так:
40. Польшча;
44. Літва;
51. Латвія;
66. Расія;
115. Украіна.
Найменш шчаслівымі сябе адчуваюць пажылыя людзі Лівана, Замбіі і Афганістана.
У якіх краінах лепш за ўсё выходзіць на пенсію?
Рэйтынг краін, якія лепш за ўсё падыходзяць для выхаду на пенсію, штогод рыхтуе міжнародная інвестыцыйная кампанія Natixis. Для даследавання гэтага года яе аналітыкі адабралі 44 дзяржавы з больш-менш развітымі пенсійнымі сістэмамі. Гэта дзяржавы з развітымі эканомікамі (на думку МВФ) і чальцы Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця АЭСР (аб'яднання развітых краін свету). А таксама, у дадатак да іх, чатыры дзяржавы БРІК (Бразілія, Расія, Індыя і Кітай). Беларусь ні ў адно з гэтых мностваў не ўваходзіць - і ў рэйтынг не трапіла.
Для разліку глабальнага пенсійнага індэксу Natixis ацэньвае 18 паказчыкаў, аб'яднаных у чатыры групы:
- даступныя матэрыяльныя сродкі для камфортнага жыцця на пенсіі;
- доступ да якасных фінансавых паслуг, якія дапамагаюць захаваць каштоўнасць зберажэнняў і максімізаваць даход;
- доступ да якасных медыцынскіх паслуг;
- чысціня і бяспека навакольнага асяроддзя.
У першай групе, якая мае непасрэднае дачыненне да пенсійнага забяспечання, улічваюцца такія фактары:
- каэфіцыент пенсійнай нагрузкі (суадносіны колькасці пажылых людзей і людзей працаздольнага ўзросту);
- доля праблемных крэдытаў у банкаўскай сістэме краіны;
- інфляцыя;
- узровень працэнтных ставак;
- падатковы ціск;
- якасць дзяржаўнага кіравання;
- памер дзяржаўнага доўгу.
Сукупнасць усіх паказчыкаў зводзіцца да аднаго індэксу, які можа прымаць значэнні ад 0 да 100%.
Найлепшай у свеце краінай для выхаду на пенсію, паводле ацэнкі Natixis, стала Нарвегія, якая набрала 83%. На другім і трэцім месцах - Швейцарыя і Ісландыя (82% і 81% адпаведна). Тут у лідарах таксама ў першую чаргу еўрапейскія дзяржавы (у топ-25 іх 18) і «англасаксонскія» краіны з іншых рэгіёнаў свету (Аўстралія, Новая Зеландыя, Канада, ЗША). «Разбаўляюць» гэтую кампанію азіяцкія Ізраіль, Паўднёвая Карэя і Японія.
Аўтсайдарамі ў спісе з 44 дзяржаваў, чый пенсійны індэкс разлічылі ў Natixis, сталі Мексіка (39%), Калумбія (36%), Турцыя, Бразілія (па 36%) і Індыя (10%).
З 25 краін, якія лепш за ўсё падыходзяць для выхаду на пенсію, найбліжэйшая да Беларусі - Эстонія (67%, 25-е месца). З краін былога сацыялістычнага лагера ў топ-25 трапілі Чэхія (18-е месца - вышэй, чым у Бельгіі, ЗША і Францыі) і Славенія (15-е месца - вышэй, чым Вялікабрытанія і Ізраіль).
Спецыялісты Natixis ацанілі ў сваім рэйтынгу чатыры з пяці суседзяў Беларусі: Латвію, Літву, Польшчу і Расію. Ніводная з гэтых краін не ўвайшла ў топ-25. Пры гэтым з іх ліку найлепшая для выхаду на пенсію - Польшча (31-е месца, 61%), а найгоршая - Расія (39-е месца, 45%). Літва і Латвія размясціліся на 32-м і 34-м месцах з 60 і 67% адпаведна.
Наколькі Беларусь падыходзіць для камфортнага жыцця? А для шчаслівай старасці? Улады паступова засакрэчваюць рэальныя звесткі па эканоміцы і дэмаграфіі краіны. «Люстэрка» адкрыта гаворыць пра эканоміку краіны і яе месца ў сусветных рэйтынгах, каб вы разумелі, як Беларусь насамрэч выглядае на фоне іншых краін.
Дапамажыце «Люстэрку» працаваць далей
Станьце патронам «Люстэрка» - журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі - так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове - аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Любая дапамога, асабліва калі яна рэгулярная, дапаможа нам працаваць. Пяць, дзесяць, 25 еўра - гэта нашая магчымасць планаваць працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon - вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.