Каранік заявіў, што па колькасці дактароў «мы чацвёртыя ці пятыя ў свеце». Мы праверылі словы чыноўніка — і не здзівіліся
23 красавiка 2024 у 1713885720
«Зеркало»
Нядаўна старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у эфіры тэлеканала АНТ зрабіў шэраг сенсацыйных заяваў. Ён расказаў, што ў Гродзенскай вобласці на дзесяць тысяч жыхароў прыпадае 57,5−58 дактароў, у той час як у суседняй Польшчы - усяго 24−25, а ў сярэднім у Еўрасаюзе - 28−30. «Па гэтым паказчыку мы чацвёртыя ці пятыя ў свеце», - заявіў Каранік. Гэтыя сцверджанні чыноўніка, які з чэрвеня 2019-га да жніўня 2020 года займаў пасаду міністра аховы здароўя, нам здаліся сумнеўнымі, і мы вырашылі іх пераправерыць. Як выявілася, нездарма.
Колькі дактароў насамрэч у Польшчы і Еўрасаюзе?
Для пачатку мы паглядзелі звесткі па колькасці дактароў у Еўрасаюзе. І вельмі здзівіліся. Выявілася, што высокапастаўлены беларускі чыноўнік, здаецца, ацэньвае рэальнасць па звестках, састарэлых на дзясяткі гадоў. І параўноўвае сучасныя афіцыйныя статыстычныя звесткі Беларусі з аналагічнымі замежнымі паказчыкамі з дзевяностых.
Нагадаем, што, паводле Караніка, у Еўрасаюзе ў сярэднім прыпадае 28−30 дактароў на дзесяць тысяч жыхароў. Гэта вельмі падобна да праўды - але больш чым 30-гадовай даўніны: у 1990 годзе ў краінах ЕЭС (Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, арганізацыі - папярэдніцы ЕС) сапраўды налічвалася ў сярэднім 29 дактароў на дзесяць тысяч жыхароў. Але з таго часу гэты паказчык прыкметна вырас - да 35 у 2010 годзе і да 43 у 2019-м.
Падобным чынам Каранік скажае інфармацыю і пра Польшчу (у якой, паводле яго, налічваецца ўсяго 24−25 дактароў на дзесяць тысяч жыхароў). Паказчык у 23,7 доктара на дзесяць тысяч жыхароў у гэтай краіне быў зафіксаваны ў далёкім 1996 годзе, а паводле самых свежых звестак са справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) за 2023 год, у Польшчы налічваецца 37,1 доктара на дзесяць тысяч чалавек.
Выходзіць, што з дапамогай метаду Караніка чыноўнікі і прапаганда змогуць, напрыклад, расказваць пра тое, што Беларусь па памеры ВУП на душу насельніцтва (7888 даляраў у 2022 годзе) ужо абагнала ЗША (7801 даляр - праўда, такім гэты паказчык у Злучаных Штатах быў у 1975 годзе).
На якім месцы ў свеце па колькасці дактароў на дзесяць тысяч жыхароў знаходзіцца Беларусь паводле афіцыйнай статыстыкі?
Цяпер разбяромся са станам справаў што да колькасці дактароў у Беларусі.
Нагадаем, што Каранік пахваліўся тым, што ў Гродзенскай вобласці на дзесяць тысяч жыхароў прыпадае 57,5−58 дактароў. А таксама заявіў, што «па гэтым паказчыку мы чацвёртыя ці пятыя ў свеце», - праўда, не ўдакладніў, мае ён на ўвазе ўсю Беларусь цалкам ці толькі Гродзенскую вобласць.
Калі Каранік параўнаў з іншымі краінамі свету толькі Гродзенскую вобласць і назваў чацвёртым-пятым месцам яе паказчык - гэта значыць, што ён тут ён звярнуўся да вельмі непрыгожай маніпуляцыі. Паводле самых свежых афіцыйных звестак з даведніка Белстата «Беларусь у лічбах 2023», у Гродзенскай вобласці сапраўды налічваецца 57,3 доктара на дзесяць тысяч жыхароў - тут Каранік амаль не перабольшыў.
Але паказчык Гродзенскай вобласці - найлепшы сярод абласцей Беларусі і саступае ў краіне толькі Мінску. У сярэднім па краіне ён прыкметна меншы (48,1 паводле афіцыйных звестак), а, напрыклад, у Мінскай вобласці складае наогул 38. Параўноўваць паказчык аднаго з найлепшых паводле яго рэгіёнаў краіны з паказчыкамі іншых краін цалкам і на падставе гэтага казаць пра «чацвёртае ці пятае месца ў свеце» - гэта, мякка кажучы, некарэктна. Бо ў іншых краінах дактары размяркоўваюцца па тэрыторыі таксама нераўнамерна.
Зрэшты, нават з такой маніпуляцыяй Гродзеншчына ўсё роўна ніяк не дацягнула б да чацвёртага-пятага месца ў свеце. Паводле справаздачы СААЗ 2023 года, у свеце налічваецца не менш за сем дзяржаваў з большай колькасцю дактароў-практыкаў на дзесяць тысяч жыхароў. Гэта Куба (84,3), Манака (77,6), Швецыя (70,6), Грэцыя (63,1), Бельгія (62,6), Уругвай (62) і Сан-Марына (60,2). То-бок нават незалежная Гродзенская вобласць размясцілася б у гэтым спісе на восьмым месцы.
Калі ж дапусціць, што Каранік не гродзенскі сепаратыст і не займаецца маніпуляцыямі, параўноўваючы адзін з самых паспяховых рэгіёнаў краіны з іншымі дзяржавамі цалкам, то яго падман з месцам Беларусі ў агульнасусветным заліку акажацца яшчэ больш дзіўным. У справаздачы СААЗ для нашай краіны адзначаны паказчык 44,3 доктара на дзесяць тысяч жыхароў - гэта 21-е месца са 195 дзяржаваў. Калі ж паверыць афіцыйным звесткам са свежага даведніка Белстата і ўзяць гэты лік роўным 48,1, то Беларусь усё роўна акажацца толькі на 16-м месцы - і саступіць, напрыклад, суседняй Літве з яе паказчыкам у 49,5 доктара на дзесяць тысяч насельніцтва.
Зрэшты, давяраць афіцыйнай беларускай статыстыцы ў гэтым пытанні наўрад ці варта. І вось чаму.
Як улады маніпулююць звесткамі пра колькасць медыкаў?
Са сказанага вышэй ясна, што нават без хлусні і маніпуляцый Караніка афіцыйныя звесткі пра колькасць дактароў у Беларусі дазваляюць нашай краіне знаходзіцца ў верхняй частцы сусветнага рэйтынгу. З афіцыйным паказчыкам у 48,1 доктара на дзесяць тысяч жыхароў Беларусь абганяе такія развітыя краіны, як Іспанія (45,8), Германія (45,2), Швейцарыя (44,4), Фінляндыя (43,3), Данія (42,6), Аўстралія (41).
Але тут ёсць дзіўная рэч: паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць дактароў на дзесяць тысяч жыхароў у Беларусі ў апошнія гады вельмі хутка павялічваецца: яшчэ ў 2020 годзе гэты паказчык быў роўны 38,8.
Гэтыя лічбы вельмі моцна разыходзяцца з рэальным станам справаў. З 2020 года беларускія медыкі, многія з якіх падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, актыўна пакідаюць краіну праз бесперапынны ціск з боку ўладаў. Вельмі цяжка ўявіць, што ў такіх умовах забяспечанасць дактарамі ў краіне можа вырасці больш чым на чвэрць.
Як выявілі ўдзельнікі ініцыятывы «Грамадзянскі маніторынг сістэмы аховы здароўя», такі істотны прырост тлумачыцца не рэальным павелічэннем колькасці дактароў у краіне, а маніпуляцыямі з боку Белстата. Паказчык колькасці дактароў на дзесяць тысяч жыхароў адносіцца да ліку параметраў, якія ўлічваюцца падчас ацэнкі дасягнення «Мэтаў устойлівага развіцця» ААН. З дапамогай гэтых паказчыкаў беларускія ўлады дэманструюць свету і грамадзянам поспехі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
Паколькі рэальная карціна з забяспечанасцю дактарамі ў краіне не цешыла, Белстат з 2022 года парушае міжнародную метадалогію і цяпер уключае ў лік дактароў усіх спецыялістаў стаматалагічнага профілю, а не толькі сківічна-тварных хірургаў. Звернем увагу таксама на тое, што міжнародная метадалогія патрабуе ўлічваць у статыстыцы толькі дактароў-практыкаў - то-бок тых, хто працуе непасрэдна з людзьмі. А Белстат пачаў дадаваць да іх яшчэ і медыкаў, занятых у кіраванні і навуковых даследаваннях.
Таксама «Грамадзянскі маніторынг сістэмы аховы здароўя» мяркуе, што, парушаючы метадалогію, якую рэкамендуе выкарыстоўваць СААЗ, Белстат цяпер можа ўключаць у лік «дактароў-практыкаў» наогул усіх людзей з вышэйшай медыцынскай адукацыяй - у тым ліку чыноўнікаў і работнікаў установаў адукацыі.
Яшчэ адзін спосаб маніпуляцый Белстата са статыстыкай выявілі сябры Фонду медыцынскай салідарнасці. Паводле іх звестак, улады лічаць у бальніцах не рэальных дактароў, а занятыя імі стаўкі. Так, медык, які працуе на 1,5 стаўкі, ператвараецца ў статыстычных справаздачах у 1,5 медыка.
Цікава, што паводле сваёй новай унікальнай метадалогіі задняй датай Белстат пералічыў і звесткі папярэдніх гадоў. Так, у старэйшых даведніках у 2020 годзе ў Беларусі было 38,8 доктара на дзесяць тысяч жыхароў, а ў абноўленых іх аказалася ўжо 43. Звесткі за 2021 год «падкарэктавалі» з 41,7 да 48,1.
Аналітыкі Фонду медыцынскай салідарнасці змаглі атрымаць звесткі пра колькасць медыкаў у 45 раёнах краіны, якія прыкметна адрозніваліся ад афіцыйнай статыстыкі Белстата па гэтых жа рэгіёнах. Паводле іх падлікаў, зробленых у сярэдзіне 2023 года, у некаторых абласцях Беларусі насамрэч дактароў амаль удвая менш, чым паводле звестак афіцыйнай статыстыкі:
- у Віцебскай вобласці - 26,2 супраць 52 паводле звестак Мінздароўя;
- у Гомельскай вобласці - 30,1 супраць 58;
- у Мінскай вобласці - 27,4 супраць 40;
- у Магілёўскай вобласці - 26,3 супраць 47.
Для Гродзенскай вобласці, у якой Каранік налічыў 57,5−58 дактароў-практыкаў на дзесяць тысяч жыхароў, аналітыкі фонду ацанілі гэты паказчык у 40,8. Што зусім не нашмат больш, чым сярэдні паказчык па Польшчы (37,1). А, напрыклад, у сталічным Мазавецкім ваяводстве Польшчы налічваецца 43 дактары на дзесяць тысяч жыхароў - ужо больш, чым у найлепшай у Беларусі Гродзенскай вобласці.
Па Мінску і Брэсцкай вобласці Фонд медыцынскай салідарнасці не знайшоў звестак, дастатковых для ацэнкі.
Усяго ж, паводле ацэнак фонду, у Беларусі ў сярэдзіне 2023 года было як мінімум на дзесяць тысяч менш дактароў-практыкаў, чым паводле афіцыйных звестак.
Улады засакрэчваюць усё больш звестак пра Беларусь, а чыноўнікі адкрыта блытаюцца ў лічбах. «Люстэрка» збірае дакладныя звесткі і акуратна праводзіць разлікі. Мы хочам, каб вы разумелі, якая сітуацыя ў нашай краіне насамрэч - без гучных заяваў прапаганды.
Падтрымайце рэдакцыю ❤️
Станьце патронам «Люстэрка» - журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.