«Я выйграю ў цябе, нават знаходзячыся за мяжой». Латушка адказаў Лукашэнку на прапанову «прыходзіць і змагацца» на выбарах
10 верасня 2024 у 1725974160
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка 10 верасня паразважаў пра прызначаныя на 2025 год прэзідэнцкія выбары і заклікаў сваіх апанентаў «прыходзіць і змагацца» на іх. Палітыку адказаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.
Падчас нарады «Пра актуальныя ўнутрыпалітычныя пытанні і падрыхтоўку да правядзення палітычных кампаній» 10 верасня Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў, што на прэзідэнцкіх выбарах «лёгка не будзе, бо апаненты ўжо спрабуюць разгойдваць сітуацыю».
«Я проста хачу, як заўсёды, ім параіць: калі яны хочуць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, даказваць сваю рацыю ці яшчэ нешта, ім трэба прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах. Без вуліцы, без кулямётаў, без аўтаматаў і без санкцый», - цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Палітык таксама чарговым разам прыніжальна выказаўся пра аднаго з лідараў беларускай апазіцыі, Паўла Латушку.
Той у сябе ў тэлеграм-канале апублікаваў адказ на заяву Лукашэнкі і расказаў, што гатовы ўзяць удзел у выбарах.
«Я гатовы ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах і расказаць беларусам, хто ты, што ты з сябе ўяўляеш. Я гатовы расказаць пра тое, што з сябе ўяўляюць дэмакратычныя сілы, што ўяўляе з сябе дэмакратыя.
Аднак у мяне ёсць умовы, якія ты мусіш выканаць: спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць былых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, а таксама ўсіх палітычных зняволеных, якіх ты катуеш у сваіх турмах», - напісаў Латушка.
Сярод іншых умоваў свайго ўдзелу ў выбарах кіраўнік НАУ назваў спыненне крымінальных справаў у дачыненні да беларусаў, якія пратэставалі, і скасаванне ўсіх «палітычных» прысудаў, а таксама доступ міжнародных і незалежных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.
«Я гатовы, але ты баязлівец. З усяго таго, што я пералічыў, ты не зробіш нічога. Бо выразна ўсведамляеш, што не маеш падтрымкі ў беларускім грамадстве. Я выйграю ў цябе, Лукашэнка, нават знаходзячыся за мяжой, калі ты зарэгіструеш мяне кандыдатам і забяспечыш незалежнае назіранне за падлікам галасоў», - заявіў Латушка.
Кіраўнік НАУ лічыць, што Лукашэнка не дапусціць да выбараў нікога, акрамя лаяльных яму кандыдатаў, і назваў яго «шулерам».
«Беларускі народ ніколі не абярэ цябе, бо беларусы цябе ненавідзяць. Ты баязлівец, хлус і забойца. Адзінае, у чым ты не схлусіў, хоць сам, вядома, лічыш інакш, - у беларусаў будзе новы прэзідэнт», - рэзюмаваў Латушка.
Нагадаем, сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. 14 жніўня аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары запланаваныя на 23 лютага.
Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнання міжнароднай супольнасцю.
Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль.
Чытайце таксама