Міністэрства ўнутраных справаў прызнала «Люстэрка» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Рашэнне было прынятае 9 чэрвеня, а ў адпаведным спісе інфармацыя з’явілася 12 чэрвеня.
«Група грамадзян, аб’яднаных пад назвай „Зеркало/Zerkalo.io“, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць з дапамогай шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама візуальнага матэрыялу (выявы, лагатыпа, лічбавага вадзянога знака і да т. п.) альбо тэксту Zerkalo.io з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстання надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элементы адзення, прадметы ўжытку і да т. п.)», — гаворыцца ў паведамленні МУС.
У пералік увайшлі сайт «Люстэрка», усе сацсеткі, а таксама лагатып «у выглядзе фармалізаванай выявы белага голуба, які трымае галінку, на чырвоным фоне».
Як піша набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, група грамадзян, аб’яднаных пад назвай «Зеркало/Zerkаlo.іо», прызнаная «экстрэмісцкім фарміраваннем» за «публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».
Цяпер у пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» 135 пазіцый.
Распечатано с портала ZERKALO.IO