Былой загадчыцы кафедры аднаго з універсітэтаў Магілёва Наталлі Мартусевіч выставілі абвінавачанне ў «распальванні варожасці», паведаміла прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле следства, у сакавіку — красавіку 2022 года жанчына на сваёй старонцы ў сацсетках «неаднаразова размяшчала даступныя для свабоднага прагляду публікацыі, скіраваныя на распальванне варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці».
У ведамстве ўдакладнілі, што абвінавачаная «заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам і нанясеннем ім шкоды» ў дачыненні «да беларусаў, рускіх і вайскоўцаў».
Жанчына амаль 20 гадоў прапрацавала ў навучальнай установе, мае навуковую ступень. Раней яна не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці.
Ёй выставілі абвінавачанне па ч.1 арт. 130 КК (Наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці).
Да суда яе ўзялі пад варту.
Як удакладняе праваабарончы праект MAYDAY, Наталлю Мартусевіч затрымалі ў сакавіку 2023 года. Яе распрацоўкай займалася УКДБ па Магілёўскай вобласці. Першапачаткова сілавікі сцвярджалі, што жанчына нібыта зарэгістравалася ў плане «Перамога».
Наталля Мартусевіч скончыла біяфак Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова з залатым медалём у 1998 годзе, а праз чатыры гады абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «Фізіялогія».
З 2004 года Наталля Мартусевіч працавала ў МДУ, мае ступень кандыдата навук па біялогіі.