Адвакат па прызначэнні серыйнага забойцы Андрэя Чыкацілы Марат Хабібулін загінуў у ДТЗ пад украінскім Луганскам, акупаваным расіянамі. Пра гібель мужчыны ТАСС расказала былая калега Хабібуліна, галоўная доктарка лекава-рэабілітацыйнага навуковага цэнтра «Фенікс» Вольга Буханоўская.

Аварыя адбылася 11 красавіка, калі Хабібулін вяртаўся з самаабвешчанай ЛНР у Растоў-на-Доне (Расія). Дакладныя абставіны гібелі блізкім пакуль не вядомыя.
У 1992 годзе Марат Хабібулін быў прызначаны дзяржаўным абаронцам серыйнага забойцы Андрэя Чыкацілы, на рахунку якога каля 50 забойстваў у Растоўскай вобласці, Адыгеі, Краснадарскім краі Расіі, а таксама ва Узбекістане. Судовы працэс над ім доўжыўся два гады, у выніку Чыкацілу асудзілі на смерць. Ён быў пахаваны пад нумарам у безыменнай магіле на могілках Новачаркаскай турмы, піша RTVI.