Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Хоць Беларусь дала сваю тэрыторыю, частку ўзбраення і боепрыпасаў для расійскага ўварвання ва Украіну, сама беларуская армія ў вайну пакуль не ўступіла. Аднак вайскоўцы нашай краіны відавочна сочаць за тым, што адбываецца на франтах, і імкнуцца рабіць высновы. У кастрычніку на палігоне Асіповіцкі 51-й ракетнай брыгады прайшоў аператыўны збор каманднага складу. На мерапрыемстве, акрамя іншага, паказалі разнастайную палепшаную зброю, вырабленую з улікам досведу «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (так у Расіі называюць вайну ва Украіне). Мы паглядзелі на некаторыя характэрныя ўзоры, паказаныя на зборы, і цяпер падрабязна расказваем пра іх.

Танк з супрацьракетным вядром

Фото: БЕЛТА
Танк Т-72Б3, паказаны на зборах у кастрычніку. Фота: БЕЛТА

Самым цікавым «экспанатам» аказаўся танк Т-72Б3 (наогул ён расійскі, але ў войску РБ такіх ёсць некалькі дзясяткаў). Машына цалкам задрапіраваная крацістымі экранамі, уключаючы абавязковы «мангал» зверху — такія масава выкарыстоўваюцца на расійскіх танках, якія ўварваліся ва Украіну. А да задняй часткі танка прымацаваная сталёвая труба, на якой вісіць вядро (зробленае з тубуса ад парахавога зарада для 125-мм снарадаў да танкавай гарматы).

Паводле версіі дзяржСМІ, прыём падгледзелі ў расійскіх вайскоўцаў. Ён патрэбны для адбіцця снарадаў ПТРК «Джавелін». Паводле задумкі, калі нагрэць вядро да тэмпературы, большай, чым у рухавіка танка, то ракета можа трапіць у імправізаваную «печку», а не ў баявую машыну.

Тэарэтычна гэта не выглядае такім ужо трызненнем. Амерыканскі супрацьтанкавы ракетны комплекс FGM-148 Javelin адносіцца да трэцяга пакалення ПТРК. Ён не кіруецца ў палёце ні па дратах, ні па лазерным промні, а працуе па прынцыпе «стрэліў-забыў». Аператар пэўны час трымае мэту ў прыцэле, пасля чаго яе захоплівае інфрачырвоная галоўка саманавядзення (ГСН). Цеплавое выпраменьванне ад танка праходзіць праз шэраг сістэм, а ў выніку трапляе на матрыцу. На апошняй фармуецца выява — ГСН па сутнасці «фатаграфуе» танк.

Затым адбываецца пуск — ракета ўзнімаецца ў неба, пасля чаго стралок можа выкідваць апусцелы кантэйнер і вырашаць іншыя задачы. У памяці ракеты застаецца «фатаграфія» танка або бронемашыны, і боепрыпас пікіруе на гэтую мэту, б’ючы яе ў тонкі дах.

Стваральнікі «танкавага вядра» разлічваюць, што калі напоўніць яго дызпалівам і падпаліць, то ў момант набліжэння ракеты да мэты інфрачырвонае выпраменьванне ад падпаленай саляркі будзе мацнейшае, чым ад рухавіка танка. І ракета спікіруе не на бронетэхніку, а на вядро — ударыўшы за паўтара метра ад самога танка.

Але, на жаль, гэта так не працуе. Па-першае, выхлап танка выдзяляе нашмат больш цяпла, чым маленькае вядро з палівам, і ракета, хутчэй за ўсё, яго проста не заўважыць. Па-другое, мы ўжо згадвалі, што пасля захопу мэты галоўкай саманавядзення ў памяці ракеты фіксуецца цеплавы контур баявой машыны. Падчас палёту сістэмы снарада перыядычна абнаўляюць «фатаграфію», параўноўваючы яе з папярэдняй.

Калі ў нейкі момант дадзеныя пачнуць рэзка адрознівацца (дапусцім, асноўнай крыніцай цяпла акажацца падпаленае вядро за паўтара метра ад танка), сістэма іх праігнаруе і накіруе ракету па першапачатковым маршруце. То-бок у дах баявой машыны. Шанец, што снарад раптам вырашыць змяніць траекторыю і стукнуць у вядро толькі таму, што ў ёмістасці палае паліва, роўны прыкладна нулю.

Нават калі рухавік танка заглушаць і машына будзе выпраменьваць цяпло толькі ад падпаленай саляркі, «печка» на бэльцы не дапаможа. Рэч у тым, што па бронетэхніцы, якая знаходзіцца ў спакоі, «Джавелінамі» звычайна не страляюць (інфрачырвоная галоўка саманавядзення проста не спрацуе і не захопіць мэту). Адным словам, вядро не патрэбнае ні пры якіх сітуацыях.

У астатнім жа гэтая канструкцыя нясе толькі нязручнасці. Паўтараметровая бэлька з вядром будзе чапляцца за сцены, дрэвы, платы пры кожным павароце танка, чынячы разбурэнні, пакуль не зламаецца або вядро не адарвецца.

Ідэю прымайстраваць да танка вядро з палівам, як і інавацыю з «мангалам», беларускія збройнікі сапраўды пазычылі ў расіян. Упершыню і вядро, і краты над дахам танка былі заўважаныя на танкавых стрэльбах войскаў Паўднёвай вайсковай акругі РФ у чэрвені 2021 года. Тады спецыяльнай бэлькі для вёдраў яшчэ не прыдумалі — «печку» прымацавалі на трубу АПКТ (абсталявання для падводнага кіравання танкамі).

Т-72Б3 с "мангалом" и ведром на трубе ОПВТ на учениях в Ростовской области. Фото: sc.mil.ru
Т-72Б3 з «мангалам» і вядром на трубе АПКТ на вучэннях у Растоўскай вобласці. Фота: sc.mil.ru

Крыху пазней сістэму «мадэрнізавалі» і паказалі на зброевым форуме «Армія-2021». Атрыманая канструкцыя была вельмі падобная да таго, што прадэманстравалі ў Беларусі, але бэлек і вёдраў на танку было ўжо дзве пары. «Мангал» на машыне таксама прысутнічаў — хутчэй за ўсё, расіяне ўжо рыхтаваліся да ўварвання ва Украіну, ведалі пра магчымасці «Джавелінаў» і эксперыментавалі з сістэмамі абароны ад іх.

Журналіст, які апісваў новаўвядзенне, цалкам лагічна тады напісаў: «Але эфектыўнасць такіх сродкаў абароны выклікае сумнеў. Інтэнсіўнасць інфрачырвонага выпраменьвання такіх „печак“ можа быць ніжэйшая за інтэнсіўнасць выхлапу танка. Таксама памер дадзеных фальшывых мэтаў малы. Не факт, што ракета ўдарыць па фальшывай мішэні або дэтануе пры кантакце з падвешанай распаленай гільзай».

Калі 24 лютага пачалася вайна ва Украіне, расійскія танкі былі багата аснашчаныя прываранымі «мангаламі». А вось падпаленых вёдраў на бэльках не аказалася ні на адным. Мабыць, канструктары ацанілі невысокую перспектыўнасць новаўвядзення і наогул не сталі марнаваць сілы на ўстаноўку бескарыснай абароны. Праўда, баявыя дзеянні паказалі, што «мангалы» таксама не прыносяць карысці — але, мабыць, перад уварваннем у іх усё ж такі паверылі больш.

Як беларускія канструктары, якія «падгледзелі» канструкцыю абароны ў выглядзе вёдраў у расіян, маглі правароніць факт, што ад гэтай абароны адмовіліся яшчэ да вайны — абсалютна незразумела.

На практыцы ж прыстасаванне, якое мусіць абараніць танк ад ракет, што б’юць у дах, даўно вядомае. Называецца яно КАА (комплекс актыўнай абароны) і ўяўляе сабой складаную прыладу, якая выяўляе ракету на падлёце і збівае яе. Пакуль такія сістэмы яшчэ даводзяцца да дасканаласці і не пастаўляюцца ў войскі масава. Ні адзін серыйны танк Расіі, Беларусі, ЗША ці еўрапейскіх краін ёю не абсталяваны, толькі ізраільцяне ставяць КАА на свае «Меркавы». У Расіі хочуць абсталёўваць актыўнай абаронай найноўшы танк «Армата», але ў войсках яго няма, і калі ён з’явіцца, невядома (калі з’явіцца наогул).

«Тэхнічкі» з буйнакалібернымі кулямётамі

Фото: t.me/iammilitary
Уседарожнікі з усталяванымі на іх буйнакалібернымі кулямётамі. Фота: t.me/iammilitary

На здымку — адразу тры аўтамабілі павышанай праходнасці. Крайні злева «Богатырь» — так у Беларусі назвалі падораны КНР у 2012 годзе Dongfeng Mengshi EQ2058. Гэта кітайская копія амерыканскага HMMWV («Хамера»), якая выкарыстоўваецца беларускімі сіламі спецаперацый. Побач стаіць уседарожнік расійскай вытворчасці «УАЗ Патрыёт», а затым — легендарны «ўазік» (УАЗ-469). Машыны не нясуць ніякай броні (кітайскі аўтамабіль заяўлены як браніраваны, аднак у гэтым ёсць вялікія сумневы — кузаў машыны зроблены з пластыку і наўрад ці вытрымае хаця б аўтаматныя кулі).

Усе тры аўтамабілі ўзброеныя аднолькавымі буйнакалібернымі 12,7-міліметровым кулямётамі ДШКМ з усталяванымі шчытамі. Гэтая зброя — савецкая класіка, створаная яшчэ да Другой сусветнай вайны, у 1939 годзе, і мадэрнізаваная праз сем гадоў. Доўгі час ДШК быў адзіным буйнакаліберным кулямётам у СССР, але ў 1970-х гадах канчаткова састарэў і паступова замяняўся на буйнакаліберны НСВ «Уцёс», а ў постсавецкай Расіі — яшчэ і на 12,7-міліметровы «Корд». На сучасныя беларускія бронеаўтамабілі «Ліс» і Volat з кулямётным узбраеннем ставяць акурат навейшы НСВ.

Усе ДШК на машынах аснашчаныя шчытамі — гэта дае стралкам некаторую абарону, але перашкаджае страляць па баках і назад — станок з кулямётам практычна немагчыма развярнуць.

Раней самы стары з паказаных аўтамабіляў, УАЗ-469, паказалі на Боэсцкім палігоне падчас камандна-штабных вучэнняў. Мяркуючы па кадры, экіпаж «тэхнічкі» складаецца як мінімум з пяці чалавек: двое пры кулямёце, адзін аўтаматчык і двое ў кабіне.

Лічыць любую з трох «тэхнічак» (так на жаргоне называюць уседарожнікі або пікапы, абсталяваныя кулямётамі) удалым рашэннем на выпадак вайны нельга. Рэч у тым, што далёкасць, на якой стралок зможа адкрыць агонь з ДШКМ, не перавышае далёкасці, на якой праціўнік нават са стралковай зброяй (напрыклад, аўтаматам) можа пачаць страляць па машыне. А нават ад такога агню байцы ва ўседарожніку ніяк не абароненыя.

Рашэнняў можа быць два: ці пакінуць на машынах кулямёты і дадаць браню (атрымаецца танны і менш якасны аналаг браневікоў «Ліс» і Volat), ці ўсталяваць на машынах больш дальнабойную зброю. Лепш за ўсё — ПТРК або мінамёт, у крайнім выпадку — дробнакаліберную зенітку ЗП-23. У гэтым выпадку байцы на аўтатранспарце змогуць наносіць хуткія нечаканыя ўдары з розных напрамкаў і адступаць, перш чым праціўнік зможа адказаць.

Дарэчы, беларускія канструктары да гэтага відавочна дадумаліся. На фатаграфіі вышэй можна заўважыць, што з-за корпуса «Богатыря» тырчыць ПТРК «Конкурс» — відавочна, ён замацаваны на яшчэ адной машыне, не якая трапіла ў кадр. Далёкасць стральбы «Конкурса» — да чатырох кіламетраў, на такой адлегласці аўтамабілю не страшныя ніякія кулямёты, і адсутнасць у яго броні перастае быць крытычнай. А вось небраніраваныя машыны з кулямётамі — вельмі дрэннае рашэнне.

Кулямётныя «тэхнічкі» папулярныя ў першую чаргу ў нерэгулярных узброеных фарміраванняў — дзякуючы простасці вырабу. Аднойчы яны нават дазволілі выйграць вайну: у 1987 годзе ў Афрыцы армія дзяржавы Чад, выкарыстоўваючы сотні ўседарожнікаў Toyota Hilux з кулямётамі і супрацьтанкавымі ракетнымі комплексамі «Мілан», цалкам разграміла лівійскія войскі, якія выкарыстоўваюць танкі і артылерыю. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як «Вайна „Таёт“» і замацавалі за «тэхнічкамі» званне даволі грознай, хоць і небяспечнай для сваіх экіпажаў зброі. Тым не менш у сучасных войсках пры любой магчымасці такія машыны імкнуцца браніраваць.

Так, на вайне ва Украіне з 2014 года недахоп нармальных бронеаўтамабіляў часта прыводзіў вайскоўцаў да неабходнасці выкарыстоўваць саматужна пераробленыя «тэхнічкі» ў баях. Такіх мадэляў налічваліся дзясяткі — у 2021 годзе нават выйшла кніга «Народнi панцерники в гiбриднiй вiйнi на Донбасi» з апісаннем 75 мадэляў па-рознаму забраніраваных «тэхнічак». Беларускія збройнікі ў дадзеным выпадку не паклапаціліся ні пра браню, ні пра «доўгую руку» ў выглядзе дальнабойнай зброі, якая дазваляе не падстаўляцца пад варожы агонь.

Тэхніка з абаронай з шын і бярвёнаў

Фото: t.me/iammilitary
Грузавік МАЗ з бранёй з бярвёнаў. Фота: t.me/iammilitary

Наступная ваенная «навінка» можа падацца смешнай: кузаў грузавіка МАЗ-6310 «забраніравалі» звычайнымі бярвёнамі. Але насамрэч, пры ўсёй прымітыўнасці паляпшэння, гэта абсалютна рабочая і часта ўжываная схема: магчымасць усталёўваць на тэхніку саматужную абарону з любых падручных матэрыялаў можа выратаваць шмат жыццяў.

Пласт бярвёнаў зможа абараніць рухавік грузавіка толькі ад куляў стралковай зброі і дробных аскепкаў. Гэта залежыць ад таўшчыні бярвёнаў і велічыні зазораў паміж імі (у шчыліны кулі ўсё роўна праляцяць). Затое дрэва, у адрозненне ад сталёвай броні, можна знайсці ў любым населеным пункце. Практыка паказвае, што з моманту вынаходкі аўтатранспарту і бронетэхнікі пасля пачатку любой вайны іх стараліся «дабраніраваць» тым, што было пад рукой. І гэта працавала ў дзясятках канфліктаў.

Наколькі смешна выглядае аўтамабіль з абаронай з бярвёнаў, не мае ніякага значэння. А прадугледзець усе сітуацыі, дзе могуць спатрэбіцца лішнія міліметры броні, у мірны час немагчыма, таму значна лагічней прыдумаць просты і танны спосаб дабраніроўваць тэхніку на месцах. Маючы патрэбныя напрацоўкі, салдаты і афіцэры справяцца з гэтай задачай самі.

Магчыма, лепшым рашэннем было б абараніць грузавік шпаламі: яны могуць даць абарону нават ад буйнакаліберных 12,7-мм куляў на сярэдніх дыстанцыях.

Ніжэй за бярвёны, ля самай зямлі, кабіна грузавіка «забраніраваная» аўтамабільнымі шынамі. Вось яны ніякую кулю ўжо не ўтрымаюць і самі па сабе бескарысныя. Затое ў іх можна ўстаўляць мяшкі з пяском або цаглінамі, што дазваляе абараніць тэхніку ад звычайных і буйнакаліберных куляў. БМП-2, якая стаіць побач з грузавіком, абароненая з левага борта менавіта так: шыны, а ў іх мяшкі.