Улады працягваюць мусіраваць тэму генацыду беларусаў падчас Другой сусветнай вайны — Генпракуратура раз-пораз дасылае новыя запыты ў суседнія краіны і расказвае пра адкрыццё новых пахаванняў і спаленых вёсак (да некаторых з гэтых выпадкаў ёсць пытанні). Пры гэтым многія іншыя, не менш страшныя, злачынствы ў дачыненні да нашага народа застаюцца наогул без увагі. Беларусь сустрэла ХХ стагоддзе ў складзе Расійскай імперыі, пасля яе распаду абвясціла незалежнасць, але была ўключаная ў склад СССР і стала па-сапраўднаму свабоднай толькі ў 1991-м. Гэтыя падзеі суправаджаліся шматлікімі войнамі, а таксама тэрорам, учыненым уласнымі ўладамі. Разабраліся, якімі былі страты беларусаў у гэты час.
Рэвалюцыя і Першая сусветная
У гістарычнай літаратуры хапае даследаванняў пра страты беларусаў у тым ці іншым канфлікце (асабліва іх шмат адносна Другой сусветнай вайны). А вось абагульняльных работ па ўсім XX стагоддзі практычна няма.
У 2004 годзе расійскі даследчык, кандыдат гістарычных навук Вадзім Эрліхман выпусціў даведнік «Потери народонаселения в XX веке». Каштоўнасць гэтай працы ў тым, што ў ёй сабраная інфармацыя па колькасьці загінулых жыхароў па ўсіх краінах (у тым ліку па Беларусі) за ўсё мінулае стагоддзе. Гэта дае магчымасць ацаніць мінулыя падзеі комплексна і ў перспектыве.
Першыя паўтара дзясятка гадоў прайшлі для беларусаў адносна мірна. Канфліктаў усяго два. Руска-японская вайна 1904−1905 гадоў — на ёй, паводле падлікаў Эрліхмана, загінулі 2 тысячы беларусаў. І наступная рэвалюцыя 1905−1907 гадоў — яе ахвярамі сталі 700 чалавек (на думку даследчыка, у асноўным гэта ахвяры сялянскіх хваляванняў і габрэйскіх пагромаў).
А вось у 1914 годзе пачынаецца самы страшны перыяд у беларускай гісторыі — у наступныя 33 гады краіна страціць мільёны людзей.
Першы эпізод — Першая сусветная вайна, у якую ўступіла Расійская імперыя (яе часткай тады была Беларусь). Неўзабаве тэрыторыя нашай краіны зрабілася арэнай баявых дзеянняў. Эрліхман называе страты ў 130 тысяч чалавек. Паводле яго словаў, гэта прыкладная ацэнка, заснаваная на суадносінах насельніцтва прыфрантавых абласцей Беларусі і агульнай колькасці ахвяр вайны ў прыфрантавых раёнах. З іх баявыя страты — 70 тысяч, страты мірнага насельніцтва — 60 тысяч.
Тыя ж лічбы называе гродзенскі гісторык Віталь Карнялюк (аўтар кандыдацкай дысертацыі на тэму «Фактары гісторыка-дэмаграфічных змен у складзе насельніцтва Беларусі ў 1913−1918 гг.»). Магчыма, аўтар даведніка карыстаўся менавіта яго даследаваннем. Дарэчы, паводле падлікаў Карнелюка, за ўсе ваенныя гады ў царскую армію былі мабілізаваныя 924 тысячы беларусаў. Яшчэ 1,2 млн сталі бежанцамі ці былі эвакуяваныя (далёка не ўсе з іх вярнуліся на радзіму). То-бок са свайго месца пражывання зняліся больш чым 2 млн чалавек. Большасць з іх пакінула радзіму не па сваёй волі. Як пісаў Карнялюк, гэта адбывалася з прычын планавага высялення, згону, запалохвання людзей з боку ўладаў і праваслаўнай царквы, а таксама іх уласнага страху.
У 1918-м пачынаецца новы гістарычны этап. Эрліхман называе яго Грамадзянскай вайной, хоць для Беларусі гэты тэрмін не зусім карэктны. У нашай краіне не было супрацьстаяння белых і чырвоных. Беларусы спрабавалі стварыць сваю дзяржаўнасць (абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі), а ім перашкаджалі суседзі з захаду і ўсходу. Тым не менш расійскі гісторык вызначае наступную лічбу стратаў у 1918−1920 гадах — 400 тысяч. З іх забіта — 150 тысяч, памерла ад голаду і хвароб — 250 тысяч. Паводле Эрліхмана, гэта прыкладная ацэнка. У асноўным гаворка ідзе пра мірных жыхароў, якія загінулі падчас вайны паміж бальшавікамі і Польшчай, а таксама звязаных з ёй пагромаў. Сярод загінулых — не менш за 30 тысяч габрэяў.
Сталінскі тэрор
Наступны перыяд — камуністычны тэрор. Пік яго прыпадае на 1937-ы, але Эрліхман вызначае часавыя рамкі як 1923−1953 гады. Гэта вельмі важна, бо тэрор пачаўся адразу пасля канчатковага ўсталявання ўлады бальшавікоў і не спыняўся ўвесь час.
Эрліхман называе лічбу загінулых беларусаў у 230 тысяч чалавек. Паводле яго ацэнак, з іх былі пакараныя і забітыя 60 тысяч, загінулі ў турмах і лагерах — 120 тысяч (апошняя лічба ўваходзіць у агульную колькасць людзей, зняволеных у турмы і лагеры — 600 тысяч), загінулі ў высылцы — 50 тысяч (апошняя лічба ўваходзіць у агульную колькасць людзей, высланых з рэспублікі — 250 тысяч). Агульная колькасць рэпрэсаваных па гэтай графе — 910 тысяч.
У беларускіх даследаваннях сустракаюцца як большыя, так і меншыя лічбы.
Гісторык Уладзімір Адамушка ў сваёй кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20−50-х гадоў на Беларусі» сцвярджаў, што ў гэты перыяд рэпрэсавалі не менш чым 600 тысяч беларусаў. З іх каля 250 тысяч — па палітычных матывах па крымінальных справах, яшчэ каля 350 тысяч — па адміністрацыйных справах.
Гісторык Ігар Кузняцоў неаднаразова называў большыя лічбы. На яго думку, разбежка складае ад 1,2 да 1,6 мільёна. «Адкуль гэтая лічба? Яна ўключае тыя рэпрэсіі, якія не маюць юрыдычнага характару, але пры гэтым ад іх пацярпела значна больш людзей», — тлумачыў ён у адным з інтэрв'ю. Пры гэтым гісторык Анатоль Вялікі, які працаваў у архівах, давярае лічбе ў 600 тысяч, хаця дапускае, што яна можа быць вышэйшая.
Як бы ні было, агульная лічба рэпрэсаваных, названая Эрліхманам, большая, чым у Адамушкі і Вялікага, але меншая, чым у Кузняцова. У выпадку Беларусі пытанне, мабыць, яшчэ доўгі час застанецца адкрытым, бо архівы КДБ у краіне па-ранейшаму закрытыя.
Але колькасць ахвяраў страшнай сталінскай эпохі на палітычных рэпрэсіях не заканчваецца. Асобнай графой ідзе калектывізацыя 1929−1933 гадоў — пераўтварэнне дробных аднаасобных сялянскіх гаспадарак у буйныя грамадскія. У выніку гэтага працэсу былі створаныя калгасы, куды сілком зганялі сялян, забіраючы ў іх маёмасць, а нязгодных высылалі. Усяго па Беларусі раскулачаныя 350 тысяч, з іх 50 тысяч сялян загінула.
Можна меркаваць, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе як пра падзеі падчас калектывізацыі (сяляне масава ёй супраціўляліся), так і пра голад, які ўспыхнуў у пачатку 1930-х — ён вядомы як Галадамор, які стаў адным з наступстваў калектывізацыі.
У 2013-м было прэзентаванае даследаванне ўкраінскага Інстытута дэмаграфіі і сацыяльных даследаванняў, якое абапіралася на статыстычныя дадзеныя і сучасныя метады дэмаграфічнага статыстычнага аналізу. У адпаведнасці з ім, ад голаду па ўсім Савецкім Саюзе загінула 8,7 мільёна чалавек. У Беларусі (дакладней, у яе ўсходняй частцы, бо заходняя тады ўваходзіла ў склад Польшчы) — 67,6 тысячы чалавек.
Гэтыя лічбы вышэйшыя, чым падае расійскі даследчык. Прычым гаворка ў дадзеным выпадку ідзе толькі пра Галадамор, без прывязкі да ўсёй калектывізацыі.
Што пра гэта кажуць беларускія даследчыкі? Ва ўмовах закрытых архіваў КДБ гісторык Ірына Раманава знайшла дакументы, з якіх вынікае, што толькі ў Нараўлянскім раёне за 1932−1933 гады ад голаду памерла да 1000 чалавек. Паводле яе, гэта фактычна адзіная лічба, якую ўдалося знайсці ў архівах пра колькасць ахвяр Галадамору на тэрыторыі БССР.
Чатыры гады Вялікай Айчыннай
Найбольшыя страты беларусаў у XX стагоддзі звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, якая была адным з эпізодаў Другой сусветнай. Эрліхман — па расійскай традыцыі — не вылучае падзеі Другой сусветнай, робячы акцэнт менавіта на Вялікай Айчыннай. Паводле яго ацэнак, агульныя страты нашых суайчыннікаў за гэты перыяд склалі 2 млн 290 тысяч чалавек.
Гэтая лічба — найбольш дыскусійная сярод гісторыкаў. Як адзначаецца на дзяржаўным сайце «Архівы Беларусі», цяпер некаторыя даследчыкі лічаць, што «з улікам ускосных стратаў за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш мільёнаў жыхароў Беларусі, то-бок не менш чым кожны трэці».
Самую вялікую колькасць загінулых беларусаў сярод замежных гісторыкаў называў паляк Іваноў (звесткі прыводзяцца паводле працы Сяргея Новікава «Беларусь у кантэксце германскай гістарыяграфіі гісторыі Другой сусветнай вайны»). Ён пісаў як мінімум пра 3,4 мільёна загінулых жыхароў. Іншыя замежныя гісторыкі называлі меншыя колькасці: ад 1,6 мільёна да 2,2 мільёна беларусаў.
Што да беларускіх навукоўцаў, то доктар гістарычных навук Эмануіл Іофэ пісаў, што выніковая колькасць людскіх стратаў БССР у гады вайны склала 3 146 800 чалавек. Доктар гістарычных навук Аляксей Літвін з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — адзін з найбольш аўтарытэтных спецыялістаў па гэтым перыядзе — не пагадзіўся з ім. Ён лічыў, што «агульная колькасць насельніцтва Беларусі, якое загінула на яе тэрыторыі, на франтах, на прымусовых работах у Германіі, складае прыкладна 1 млн 950 тысяч — 2 млн чалавек, што складае прыкладна 25% даваеннага насельніцтва».
Сёлета генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што колькасць знішчаных мірных грамадзян на тэрыторыі БССР складала не менш за 3 мільёны чалавек.
Такім чынам, падлікі Эрліхмана бліжэйшыя за ўсё да звестак Літвіна.
Вернемся да даследавання расійскага гісторыка. У сваёй кнізе ён вылучае наступныя катэгорыі стратаў сярод беларусаў за час вайны:
- забітыя ці памерлі ад ран 370 тысяч (яшчэ 1,1 млн былі параненыя — гэтая лічба не ўключаецца ў лік стратаў, даём яе для агульнага кантэксту. — Заўв. рэд.);
- загінулі ў палоне — 120 тысяч (усяго было ўзята ў палон 250 тысяч);
- загінулі ў партызанах — 130 тысяч (як адзначае аўтар, у Беларусі дзейнічала звыш 370 тысяч партызан, прыкладныя долі стратаў сярод іх — ад 1/3 да 1/7 у розных раёнах);
- страты мірнага насельніцтва — 1 млн 670 тысяч.
Эрліхман падрабязна распісвае апошнюю катэгорыю. З мірнага насельніцтва:
- загінулі ад ваенных дзеянняў — 120 тысяч;
- пакараныя смерцю і забітыя — 950 тысяч;
- загінулі ў турмах і лагерах — 150 тысяч (усяго людзей у зняволенні было 350 тысяч);
- загінулі на працы ў Германіі — 140 тысяч (усяго такіх людзей было 380 тысяч);
- памерлі ад голаду і хваробаў — 310 тысяч.
Акрамя таго, гісторык піша, што ў выніку вайны каля 1,1 млн беларусаў сталі бежанцамі. А яшчэ 50 тысяч з’ехалі ў эміграцыю — мяркуючы па ўсім, гаворка ў першую чаргу пра людзей, якія пакінулі Беларусь разам з нямецкімі войскамі ў 1944-м.
Ад Афганістана да Чарнобыля
Пасля заканчэння вайны супрацьстаянне не спынілася. Як піша Эрліхман, ахвярамі партызанскага руху 1944−1947 гадоў (то-бок антысавецкай партызанкі) сталі 15 тысяч чалавек. Як сцвярджае гісторык, «у Беларусі дзейнічалі польскія партызаны з Арміі Краёвай, байцы Украінскай паўстанцкай арміі, а таксама банды дэзерціраў і былых паліцаяў» (дадамо, што ў беларускіх лясах непрацяглы час дзейнічала і беларускае нацыянальнае падполле, але да паўнавартаснага адкрыцця архіваў маштабы яго дзейнасці ацаніць складана — у любым выпадку, яно не было такім масавым, як АК або УПА), а «прыкладная колькасць ахвяраў разлічаная зыходзячы з суадносін забітых ва Украіне і Беларусі ў асобныя перыяды і за ўвесь час канфлікту».
Таксама ў 1946−1947 гадах у Беларусі меў месца голад. Яго ахвярамі сталі 50 тысяч.
Пасля гэтага колькасць стратаў рэзка змяншаецца. У канфліктах 1950−1989 гадоў, у якіх па ўсім свеце ўдзельнічаў Савецкі Саюз, загінула 1 тысяча беларускіх савецкіх вайскоўцаў. Ільвіная доля з іх прыпадае на афганскую вайну, дзе загінуў 771 наш суайчыннік.
Апошні ўсплёск стратаў звязаны з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Эрліхман ацэньвае страты беларусаў у выніку гэтай катастрофы як 12 тысяч чалавек. Гэта спрэчная лічба, бо ў ёй відавочна не ўлічваецца (ды і не можа ўлічвацца) уздзеянне радыяцыі цягам гадоў.
Страшныя вынікі
Усяго, паводле звестак Вадзіма Эрліхмана, у ХХ стагоддзі загінула 3 млн 181 тысяча жыхароў Беларусі. Ільвіная доля з іх — у 1914−1947 гадах. Гісторык вылучае ў іх некалькі катэгорый: ваенныя дзеянні — 1,039 мільёна, тэрор — 1,380 мільёна, голад і эпідэміі — 750 тысяч і стыхійныя бедствы (гаворка пра аварыю ў Чарнобылі) — 12 тысяч.
Самыя вялікія страты прыпадаюць на падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Нагадаем, што, паводле версіі Эрліхмана, нашая краіна тады страціла толькі забітымі 2 млн 290 тысяч чалавек, а калі дадаць да іх параненых, якія ўтрымліваліся ў лагерах, і іншых пацярпелых, то лічба пераваліць за 4−5 млн. А значыць, дзеянні нацыстаў — ключавая прычына гібелі жыхароў Беларусі ў мінулым стагоддзі.
Удзельная вага камуністычнага рэжыму меншая. Калі падсумаваць у цэлым колькасць ахвяраў сярод беларусаў у сталінскую эпоху, то, паводле Эрліхмана, іх налічвалася 1 млн 260 тысяч чалавек. З іх 280 тысяч загінулі. Зрэшты, да іх можна дадаць частку стратаў, якія ідуць пад катэгорыяй «Грамадзянская вайна». Так што рэальная лічба, імаверна, усё ж большая.
У любым выпадку гэта велізарная лічба. Да таго ж гэтыя людзі былі знішчаныя не ў ваенны, а ў мірны час — прычым уласнымі ўладамі. Ды і Сталін нясе сваю долю адказнасці за развязванне Другой сусветнай вайны — у 1939 годзе ён заключыў саюз з Гітлерам. Калі б гэтага не было, хто ведае, як разгортваліся б падзеі ў 1941-м і ці прывяло б гэта да такой колькасці ахвяраў.
Таму канстатуем, што беларусы ў ХХ стагоддзі несумненна сталі ахвярамі двух таталітарных рэжымаў: камуністычнага і нацысцкага.
Чытайце таксама


