Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Лаўрэнцій Цанава вядомы некаторым мінчукам як дзейная асоба гарадской легенды. Згодна з ёй, галоўны чэкіст БССР, які займаў гэтую пасаду ў 1938−1951 гг., настаяў на будаўніцтве знакамітай вежы на будынку КДБ, каб з яе назіраць за ходам рэканструкцыі стадыёна «Дынама» альбо за футбольнымі матчамі. Лёс чалавека, які арганізоўваў рэпрэсіі і высылку беларусаў, быў цесна звязаны з жыццём яго цёзкі і начальніка Лаўрэнція Берыі. Яму Цанава быў абавязаны хуткім кар’ерным узлётам — а потым і падзеннем з чэкісцкага алімпа, якое суправаджалася ўзаемнай здрадай, апалай і смерцю.

Гэты тэкст — шосты ў нашым праекце «Апрычнікі». У ім мы расказваем пра антыгерояў савецкай эпохі, якія мелі непасрэднае дачыненне да рэпрэсій, але не надта вядомыя шырокай публіцы.

Лаўрэнцій Джанджгава — чэкіст і выкрадальнік

Руководитель белорусских спецслужб Лаврентий Цанава (второй слева) и руководитель БССР Пантелеймон Пономаренко (четвертый слева) в послевоенное время. Фото: Владимир Лупейко
Руководитель белорусских спецслужб Лаврентий Цанава (второй слева) и руководитель БССР Пантелеймон Пономаренко (четвертый слева) в послевоенное время. Фото: Владимир Лупейко

Нават шырока вядомым прозвішчам Цанава абавязаны свайму патрону. Да 1938 года ён быў Джанджгавай і змяніў прозвішча на матчына па просьбе Берыі, які лічыў ранейшае складаным для вымаўлення. Знаёмства двух чэкістаў адбылося ў пачатку 20-х гадоў, калі першы служыў на невысокіх пасадах у органах ЧК Грузіі, а другі быў намеснікам старшыні ЧК пры Савеце народных камісараў Грузінскай ССР. Маладыя чэкісты былі амаль аднагодкамі — Берыя нарадзіўся ў 1899 годзе, а Джанджгава-Цанава — у 1900-м.

Знаёмства з Берыяй вельмі хутка спатрэбілася будучаму міністру дзяржаўнай бяспекі БССР. У жніўні 1922 года Джанджгава, знаходзячыся на пасадзе начальніка Палітбюро Тэлаўскага павета Грузіі, выкраў з выкарыстаннем зброі дзяўчыну. На гэтым кар’ера маладога чэкіста магла і скончыцца. За выкраданне і злоўжыванне службовым становішчам ён быў выключаны з камуністычнай партыі і асуджаны на пяць гадоў лагераў. Заключаны пад варту Джанджгава збег і ў лістападзе 1922 года быў абвешчаны ў вышук. У чэрвені 1923 года ў выніку ўмяшання Берыі справу яго прыяцеля перагледзелі. Збеглы чэкіст быў вызвалены ад адказнасці, адноўлены ў партыі, а ў 1925 годзе наогул вярнуўся на працу ў органы ЧК.

Здание КГБ в Минске со знаменитой "башенкой Цанавы"
Здание КГБ в Минске со знаменитой «башенкой Цанавы»

Кар’ерны рост Берыі, які ў красавіку 1927 года стаў народным камісарам унутраных справаў Грузіі, адбіваўся і на прасоўванні па службе яго пратэжэ. Чалавек, за некалькі гадоў да гэтага асуджаны за выкраданне дзяўчыны, займаў пасады намесніка народнага камісара саўгасаў Грузінскай ССР, намесніка старшыні Усесаюзнага трэста, намесніка старшыні Камітэта па субтропіках Наркамзема СССР і многія іншыя.

З 1931 па 1938 год Берыя быў першым сакратаром цэнтральнага камітэта кампартыі Грузіі — то-бок самым галоўным у камуністычнай іерархіі чыноўнікам у рэспубліцы. У жніўні 1938 года з гэтай пасады ён сышоў на пасаду першага намесніка наркама ўнутраных справаў СССР Мікалая Яжова. Крэсла галоўнага ўсесаюзнага чэкіста ўжо моцна хісталася пад Яжовым — асабліва яго пазіцыі аслаблі пасля ўцёкаў у Японію камісара дзяржаўнай бяспекі 3-га рангу Генрыха Люшкова. Яшчэ да зняцця свайго начальніка з пасады (лістапад 1938 года) Берыя пачаў чарговую «чыстку» і правёў шырокамаштабныя арышты людзей Яжова ў самім НКУС, судах і пракуратуры.

Пазбаўляючыся ад іх, Берыя адначасова расстаўляў на пасады сваіх. Гэты працэс непасрэдна датычыў і беларусаў: у снежні 1938 года быў зняты з пасады, а ў студзені 1939 года арыштаваны народны камісар унутраных справаў БССР Аляксей Наседкін. Нібыта праз яго толькі ў Мінску былі незаконна расстраляныя 275 чалавек.

Наседкіна пакаралі смерцю ў студзені 1940-га і, у адрозненне ад многіх рэпрэсаваных чэкістаў, пазней не рэабілітавалі. А Беларуская ССР замест масквіча атрымала на пасаду наркама ўнутраных справаў мегрэла Лаўрэнція Цанаву.

«Кампрамат» на Коласа і Купалу

Цанава, прыбыўшы ў БССР, усяляк падкрэсліваў асаблівыя адносіны з Берыяй — і, падобна, меў на тое падставы. Былы начальнік аховы галоўнага чэкіста СССР Рафаэль Саркісаў расказваў, што Берыя дапамагаў замяць выпадак са згвалтаваннем дзяўчыны, учыненым сынам яго сябра. На думку іншага паплечніка Берыі, Леаніда Шварцмана, Цанава, вялікі самадур па натуры, змог доўга ўтрымлівацца на кіраўнічай працы толькі дзякуючы таму, што ўсюды афішаваў сваю блізкасць з высокапастаўленым заступнікам.

Згодна з матэрыяламі расследавання па справе Цанавы, пасля прызначэння на пасаду наркама ўнутраных справаў БССР ён адразу ж пачаў спыняць умяшанне партыйных чыноўнікаў у справы чэкістаў. За тымі, хто крытыкаваў працу органаў дзяржаўнай бяспекі, ён загадваў сачыць і збіраў кампрамат.

У траўні 1939 года Цанава зацвердзіў абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да партыйных і савецкіх дзеячаў БССР — усяго 15 чалавек. Паколькі справа разглядалася ў перыяд «берыеўскай адлігі», ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР апраўдала шасцярых чалавек, а чатыром перакваліфікавала «ўдзел у контррэвалюцыйнай дзейнасці» на мякчэйшыя «службовыя злачынствы». Яшчэ пяцёра былі прызнаныя вінаватымі ў контррэвалюцыйных злачынствах, але атрымалі «ўсяго» ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Ніхто не быў расстраляны.

Не маючы магчымасці пакараць смерцю непажаданых прадстаўнікоў беларускай наменклатуры, Цанава зрабіў іначай — ён проста не вызваліў з-за кратаў нікога. У выніку, напрыклад, былы старшыня ЦВК БССР Міхаіл Стакун, цалкам апраўданы 9 траўня 1940 года, памёр у турме ў красавіку 1943 года. У зняволенні памерлі яшчэ пяць чалавек з той справы. Зразумела, ігнараваць пастановы органаў усесаюзнага кіраўніцтва Цанава мог толькі дзякуючы сувязям з Берыяй.

Дзейнасць высокапастаўленага аматара футбола не абмяжоўвалася чысткамі ў шэрагах наменклатуры. Яшчэ адным напрамкам быў збор паклёпніцкіх і правакацыйных матэрыялаў на тых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якім пашанцавала ацалець падчас маштабных чыстак 1937 года.

У перыяд знаходжання Цанавы ў БССР кампрамат збіраўся на Якуба Коласа, Янку Купалу, Петруся Броўку, Аркадзя Куляшова, Міхася Лынькова і іншых. Пра якасць сабраных чэкістамі матэрыялаў можна меркаваць па дакладной запісцы, адпраўленай Цанавай ужо ў канцы 1938 года Берыі: «Цэнтральнымі фігурамі нацыяналістычнай фашысцкай арганізацыі ў Беларусі ў цяперашні час з’яўляюцца: Якуб Колас і Янка Купала».

Збор паклёпніцкіх матэрыялаў на вялікіх беларускіх пісьменнікаў быў спынены толькі пасля звальнення Цанавы з органаў дзяржаўнай бяспекі ў 1952 годзе — а шматтомная распрацоўка была здадзеная ў архіў.

Адваротны бок «народнага адзінства»

У верасні 1939 года, пасля падзелу Гітлерам і Сталіным Польшчы, у Лаўрэнція Цанавы дадалося працы. Даручаная яго клопатам рэспубліка павялічылася ўдвая, і яе новаздабытыя заходнія раёны проста стракацелі класава чужымі элементамі, прадстаўнікамі нядобранадзейных нацыянальнасцяў (у першую чаргу палякамі) і проста ворагамі народа. Адваротным бокам падзеі, вакол якой Лукашэнка спрабуе пабудаваць міф пра «народнае адзінства», сталі тысячы расстраляных і дзясяткі тысяч дэпартаваных жыхароў Заходняй Беларусі. Адпраўным пунктам гэтага працэсу стала тэлеграма Берыі Цанаве, якая прадпісвала «арыштоўваць найбольш рэакцыйных прадстаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі, кіраўнікоў мясцовай паліцыі, памежнай аховы і філіяла другога аддзела Галоўнага штаба, ваяводаў і іх найбліжэйшых калег па працы, кіраўнікоў контррэвалюцыйных партый — Польскай партыі сацыялістаў, Народнай партыі, Працоўнай партыі, Хрысціянска-дэмакратычнай партыі».

Паводле розных ацэнак, у 1940 годзе чэкісты Цанавы вывезлі ў Мінск з турмаў Брэста, Вілейкі, Пінска, Баранавічаў і забілі ад 3870 да 4465 польскіх вайскоўцаў і паліцэйскіх.

Сем'і расстраляных вайскоўцаў Войска Польскага (далёка не ўсе яны былі этнічнымі палякамі) і іншыя чужыя элементы, «злачынствы» якіх не цягнулі на расстрэл, загадалі дэпартаваць з Беларусі. З лютага 1940 года да пачатку нямецкага ўварвання з Заходняй Беларусі ва ўсходнія раёны СССР, паводле афіцыйных звестак, вывезлі 120 тысяч чалавек (а цалкам магчыма, што не менш за 170 тысяч). Пры гэтым толькі з першай партыі рэпрэсаваных (каля 50 тысяч чалавек), якія вывозіліся з Беларусі ў вялізныя лютаўскія маразы, памерла больш за 11 500 чалавек — у асноўным дзяцей і старых.

«Чысткі» насельніцтва Заходняй Беларусі маглі закрануць абсалютна любога чалавека. Іх ахвярай станавіліся і гарадскі доктар, і «буйны гандляр», які ўладкаваўся пры новай уладзе бухгалтарам у чыгуначны тэхнікум, і жонка польскага афіцэра, якая працавала прыбіральшчыцай у краме. А першы сакратар Брэсцкага абкама Мікалай Кісялёў ставіў сабе ў заслугу «высяленне» з Брэста прастытутак, якіх ён называў «надзвычай небяспечным элементам» («там, дзе жывуць прастытуткі, часцей за ўсё ўюць сабе гнёзды замежныя шпіёнскія органы разведкі»). Дарэчы, дэпартацыяй непажаданых для новай улады жыхароў Брэста непасрэдна перад вайной займаліся падначаленыя Цанавы са 132-га батальёна ўнутраных войскаў НКУС, які дыслакаваўся ў Брэсцкай крэпасці.

Удостоверение секретаря Центрального комитета Ленинского союза молодежи БССР Сергея Притыцкого. Фото: Авторство: commons.wikimedia.org
Удостоверение секретаря Центрального комитета Ленинского союза молодежи БССР Сергея Притыцкого. Фото: commons.wikimedia.org

Гісторыя з «зачысткай» насельніцтва Заходняй Беларусі Цанавай атрымала развіццё ўжо ў пасляваенныя гады, калі міністр дзяржаўнай бяспекі (так на той момант называлася пасада галоўнага чэкіста БССР) паспрабаваў скампраметаваць сакратара Гродзенскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Сяргея Прытыцкага. Гэтая спроба выглядала асабліва абсурдна: складана нават уявіць больш лаяльнага да савецкай улады жыхара Заходняй Беларусі, чым Прытыцкі. Уступіўшы ў 1932 годзе ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі, ён стаў шырока вядомы ў 1936-м, калі здзейсніў замах на сведку абвінавачання на працэсе над камуністамі ў Віленскім акруговым судзе. Беларус быў асуджаны на смерць, але пазней польскі суд замяніў гэты прысуд пажыццёвым зняволеннем. Пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР Прытыцкі працаваў намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама, а пасля вайны займаў кіраўнічыя пасады ў партыйным кіраўніцтве Гродзенскай вобласці. Менавіта Прытыцкаму афіцыйная савецкая прапаганда адвяла ролю ініцыятара далучэння Заходняй Беларусі да БССР.

Канфлікт паміж Цанавай і Прытыцкім пачаўся ў ліпені 1950 года, калі апошні публічна раскрытыкаваў слабую працу мясцовых органаў дзяржаўнай бяспекі. Дараваць такую аплявуху чэкіст не мог: у ЦК Кампартыі Беларусі ён адправіў ліст, у якім Прытыцкі абвінавачваўся ў няўмелым кіраўніцтве Гродзенскай вобласцю. Паралельна Цанава пачаў збіраць кампрамат на суперніка, праверыўшы ўсіх яго сваякоў, сваякоў жонкі і звязаных з ім падпольшчыкаў Заходняй Беларусі. Стварыўшы такім чынам «справу» з 400 старонак, чэкіст прадставіў яе ў ЦК Кампартыі Беларусі, праз што Сяргей Прытыцкі быў вызвалены ад пасады, і толькі пасля арышту Берыі яго зноў абралі сакратаром абласнога камітэта партыі.

Забойства Саламона Міхоэлса

З’яўляючыся арганізатарам рэпрэсій, Цанава, як правіла, стараўся не моцна пэцкаць уласныя рукі. Вядома, што ён браў удзел у допытах і часам збіваў падазраваных, але забівалі людзей па яго загадзе, як правіла, іншыя. Тым не менш як мінімум адзін раз галоўны чэкіст БССР, выконваючы ўказанне Сталіна, вельмі моцна «замазаўся» сам. Гэты выпадак — забойства Саламона Міхоэлса — стаў фатальнай памылкай Цанавы. Але вядома пра гэта стане значна пазней.

Знакаміты габрэйскі актор і рэжысёр Саламон Міхоэлс нарадзіўся ў 1890 годзе ў Дзвінску Віцебскай губерні (цяперашні латвійскі Даўгаўпілс). Да пачатку 30-х гадоў ён узначальваў Маскоўскі дзяржаўны габрэйскі тэатр, які даваў прадстаўленні на ідышы. З гэтым тэатрам Міхоэлс гастраляваў па Еўропе. У гады Другой сусветнай рэжысёр быў старшынёй Габрэйскага антыфашысцкага камітэта (ГАК) і ад гэтай арганізацыі наведаў ЗША, Канаду, Вялікабрытанію і Мексіку, пераконваючы мясцовых габрэяў аказваць фінансавую дапамогу СССР, які змагаецца супраць нацыстаў.

Здолеўшы прыцягнуць да працы з ГАК акадэміка Пятра Капіцу, рэжысёра Сяргея Эйзенштэйна, паэта Самуіла Маршака і пісьменніка Іллю Эрэнбурга, Міхоэлс стаў адным з нефармальных лідараў савецкага габрэйства, актыўна ўдзельнічаў у яго жыцці, а ў лютым 1944 года нават напісаў ліст Сталіну, прапанаваўшы арганізаваць у Крыме габрэйскую нацыянальную аўтаномію.

Соломон Михоэлс, Альберт Энштейн и еврейский советский поэт Ицик Фефер. Фото: gettyimages.co.uk, Public Domain, commons.wikimedia.org
Соломон Михоэлс, Альберт Эйнштейн и еврейский советский поэт Ицик Фефер. Фото: gettyimages.co.uk, Public Domain, commons.wikimedia.org

Саюз Сталіна з савецкімі габрэямі аказаўся часовым. З разгромам Гітлера агульны смяротны вораг знік, і пасля вайны савецкі дыктатар разгарнуў антысеміцкую кампанію. Баючыся «шкодных» кантактаў савецкіх габрэяў з Ізраілем, Сталін вырашыў разграміць ГАК. Але папулярнасць Міхоэлса ўнутры краіны і ў свеце была вельмі высокай, і звычайны рэпрэсіўны метад для яго ліквідацыі не здаваўся лідару СССР прыдатным.

У 1948 годзе Міністэрства дзяржаўнай бяспекі СССР узначальваў Віктар Абакумаў — менавіта яму Сталін даручыў заданне па ліквідацыі рэжысёра. У пачатку студзеня Міхоэлс і яго калега, тэатральны крытык (і негалосны агент органаў дзяржбяспекі) Уладзімір Голубаў прыбылі ў Мінск — то бок у «зону адказнасці» Цанавы. Адпаведна, менавіта апошняга прызначылі стаць выканаўцам забойства. Паводле Абакумава, Сталін даручыў замаскаваць усё пад дарожнае здарэнне.

Познім вечарам 12 студзеня 1948 года затрыманыя супрацоўнікамі дзяржбяспекі Міхоэлс і Голубаў былі прывезеныя ў двор дачы Цанавы ў лесе ля Сцяпянкі. Тут абодвух раздушылі грузавіком, пасля чаго іх целы адвезлі на адну з глухіх вуліц горада і выкінулі. Раніцай іх знайшлі выпадковыя мінакі — паводле афіцыйнай версіі, Міхоэлс з прыяцелем загінулі ў дарожна-транспартным здарэнні. Рэжысёру зладзілі дзяржаўнае пахаванне, пра яго смерць паведамлялі газеты.

ГАК быў разгромлены ўжо пасля смерці Міхоэлса — закрыццё арганізацыі суправаджалася арыштам усяго яго кіраўніцтва з 15 чалавек. Большасць з іх зазнала жорсткія катаванні. У ліпені 1952 года 14 абвінавачаных з 15 былі асуджаныя на смяротнае пакаранне, акадэмік Ліна Штэрн атрымала 3,5 года лагераў з наступнай высылкай. Намеснік міністра дзяржкантролю РСФСР Саламон Брэгман, таксама асуджаны на расстрэл, страціў прытомнасць у зале суда і памёр у санчастцы Бутырскай турмы.

Справа ЕАК ацэньваецца як пачатак афіцыйнай антысеміцкай палітычнай кампаніі ў СССР. І менавіта Лаўрэнцій Цанава забойствам Міхоэлса шмат у чым запусціў гэты працэс.

Падвойная здрада

У 1950-м годзе Цанава, які без пярэчанняў выконваў распараджэнні Сталіна і шэфаў па лініі дзяржбяспекі, знаходзіўся на піку славы і магутнасці. Яго ўплыў у БССР быў велізарным, а «калекцыя» сабраных дзяржаўных узнагарод уключала чатыры ордэны Леніна, пяць ордэнаў Чырвонага Сцяга і нават «палкаводчыя» ордэн Суворава першай ступені і два ордэны Кутузава першай ступені. Калі ў ліпені 1951 года Сталін зняў з пасады міністра дзяржаўнай бяспекі Абакумава (абвінавачаны ў сіянісцкай змове, расстраляны ў снежні 1954 года), кар’ера Цанавы выйшла на ўсесаюзны ўзровень. У кастрычніку 1951 года ён атрымаў пасаду намесніка міністра дзяржбяспекі і стаў кіраваць контрразведкай, паралельна застаючыся адданым паплечнікам Берыі.

Але зорка апошняга ўжо заходзіла. Тады ж, у кастрычніку, пад удар рэпрэсіўнай сталінскай машыны трапілі кіраўнічыя работнікі-мегрэлы (блізкі грузінам этнас, які насяляе заходнія раёны Грузіі). І Берыя, і Цанава мелі мегрэльскія карані, і іх будучыня рабілася ўсё больш няпэўнай. Рыхтуючы зняцце Берыі, Сталін у сакавіку 1952 года адправіў у адстаўку «па хваробе» яго адданага чалавека — Цанаву.

Похороны Сталина. Фото из газеты «Комунисти» - официального издания ЦК компартии Грузии и Верховного совета Грузинской ССР. Фото: commons.wikimedia.org
Пахаванне Сталіна. Фота з газеты «Комунисти» — афіцыйнага выдання ЦК кампартыі Грузіі і Вярхоўнага савета Грузінскай ССР. Фота: commons.wikimedia.org

Выступіўшы ў ролі аднаго з распарадчыкаў пахавання Сталіна, Цанава ўжо рыхтаваўся да вяртання ў «вышэйшую лігу», але бяда прыйшла адкуль не чакалі. Яго заступніку, які ўзяўся выкрываць сталінскія злачынствы, спатрэбіўся прыкметны ахвярны казёл, і 4 красавіка 1953 года Цанава быў арыштаваны за арганізацыю забойства Міхоэлса.

Знаходзячыся ў інфармацыйнай ізаляцыі ў турме, чэкіст сур’ёзна спадзяваўся на ласку Берыі. 26 ліпеня ён адправіў яму кранальны ліст, у якім паведамляў: «За выкананне вашых указанняў не пашкадую сябе». Але былы сябар, арыштаваны за месяц да гэтага, нічога не мог яму адказаць.

Даведаўшыся пра арышт Берыі, Цанава ўмомант «пераабуўся» і пачаў тапіць свайго былога заступніка. Адрасаты сталі іншымі — і гэтак жа непазнавальна змяніўся змест лістоў. Цяпер яны выглядалі так: «Мацёры вораг савецкага народа, найміт капіталізму Берыя на глебе асабістай помсты, без усялякай падставы кінуў мяне ў турму, і вось ужо пяты месяц няма канца маім пакутам». Успамінаючы забойства Міхоэлса, Цанава бессаромна хлусіў, перакладаў усю віну на Абакумава і намесніка міністра дзяржбяспекі Сяргея Агальцова, уздыхаючы: «Я ж не вінаваты, што праз збег абставінаў аперацыя была праведзеная ў Мінску, дзе я быў, на няшчасце, міністрам дзяржбяспекі».

Зрэшты, гэтыя камяні ў агарод іншых чэкістаў нікога ўжо асабліва не хвалявалі. У поўнай адпаведнасці з першапачатковай задумай Берыі, Цанава стаў вельмі зручным ахвярным казлом, на якога павесілі забойства Міхоэлса (Агальцоў у жніўні 1953 года быў вызвалены). Таксама Цанава абвінавачваўся ў фальсіфікацыі справаў і выкарыстанні незаконных метадаў следства. Тут жа апальнаму чэкісту прыгадалі і збор «кампрамату» на Коласа і Купалу, і масавыя арышты невінаватых па спушчаных «зверху» лімітах, і ўдзел у збіцці арыштаваных.

Падобна да таго, што савецкае следства таго перыяду, нягледзячы на нядаўнюю смерць Сталіна, заставалася сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць для арганізма арыштаванага. 12 кастрычніка зусім яшчэ не стары былы галоўны чэкіст Беларусі, якому здрадзіў яго магутны цёзка Берыя і які здрадзіў яму сам, памёр у бальніцы Бутырскай турмы ва ўзросце 52 гадоў «у выніку недастатковасці сардэчнай дзейнасці на глебе рэзкага склерозу вянковых артэрый і хранічнай анеўрызмы сэрца».