Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Учора, 28 лютага, у Гомелі затрымалі 183 падлеткі. Дзяцей да 16 гадоў паставяць на ўлік у інспекцыі па справах няпоўнагадовых, тым, хто старэйшы, пагражаюць «адміністрацыйкай» і нават «крыміналкай». МУС сцвярджае, што гаворка ідзе пра прыхільнікаў руху «ЧВК Родан» — моладзевай субкультуры, якая з’явілася на аснове вядомага анімэ. Мы разабраліся, пра што гэты серыял, — і цяпер расказваем, на чым грунтуецца ідэалогія ўдзельнікаў руху і ў чым сэнс іх барацьбы з «офнікамі» (пра іх мы раскажам таксама).

Што гэта наогул за серыял?

Пачнём з вызначэння тэрміна манга. Калі зусім каротка, то гэта японскія коміксы, намаляваныя ў характэрным для гэтай краіны стылі. У сучасным выглядзе манга пачала развівацца ў Японіі пасля Другой сусветнай вайны. Традыцыйна яна чорна-белая, зрэдку сустракаецца каляровая. Паступова з выключна японскага манга стала сусветнай культурнай з’явай, папулярнай практычна ва ўсім свеце, у тым ліку на постсавецкай прасторы.

Адзін з прыкладаў мангі — Hunter x Hunter (або «Паляўнічы на паляўнічага»). Яе аўтар — Ёсіхіра Тагасі, адзін з найбольш паспяховых мангака — то-бок людзей, якія малююць коміксы. Hunter х Hunter публікуецца ў часопісе Weekly Shonen Jump з 1998 года. Але Тагасі апошнім часам мае праблемы са здароўем (сур'ёзныя болі ў спіне), таму новыя часткі выходзяць з перапынкамі. Апошні доўжыўся чатыры гады (2018−2022).

Главные герои манги "Hunter x Hunter". Изображение: Togashi, Yoshihiro, books.shueisha.co.jp, en.wikipedia.org
Галоўныя героі мангі «Hunter x Hunter». Выява: Togashi, Yoshihiro, books.shueisha.co.jp, en.wikipedia.org

Працяг зноў пачаў выходзіць у кастрычніку мінулага года. Да таго моманту выйшла ўжо 37 тамоў Hunter x Hunter, якія ўключаюць каля 400 раздзелаў. Літаральна днямі, 23 лютага 2023-га, аўтар зноў узяў перапынак пасля публікацыі 401-га раздзела, а Weekly Shonen Jump перамясціў мангу ў раздзел «Архівы».

Цікавасць фанатаў зразумелая: з моманту публікацыі Hunter х Hunter стала адной з самых папулярных і любімых мангаў усіх часоў, якая разышлася накладам больш за 84 мільёны копій.

Як з сюжэтам гэтай мангі пазнаёміліся ў нас?

Арыгінальная манга не перакладалася на беларускую або рускую мову (толькі на англійскую). А вось пераклады знятых паводле яе анімэ (гэтым словам звычайна абазначаюцца знятыя на аснове мангі анімацыйныя фільмы) даступныя. Тым больш што Hunter x Hunter натхніла іншых людзей на стварэнне двух тэлевізійных анімэ-серыялаў, двух анімэ-фільмаў і некалькіх арыгінальных анімэ-відэа.

Черный паук и цифра 4 на спине Хисоки, героя аниме-сериала "Hunter × Hunter". Фото: скриншот аниме-сериала "Hunter × Hunter"
Хісока, персанаж анімэ-серыяла Hunter x Hunter, які выкарыстоўвае лічбу 4. Скрыншот анімэ-серыяла Hunter x Hunter

Першым з’явіўся аднайменны 62-серыйны анімэ-серыял. Адаптацыяй займалася студыя Nippon Animation. Серыял выходзіў на японскім тэлеканале Fuji TV у 1999−2001 гадах. Затым у 2002−2004 гадах выйшлі тры асобныя OVA, або Original Video Animation. Гэта асобны японскі від серыяла, разлічаны на відэакасеты ці DVD-дыскі. Разам яны налічвалі 30 серый, фактычна гэта быў працяг папярэдняга серыяла.

Для нашага ж аповеду важнейшы другі серыял, які быў створаны студыяй Madhouse. Ён трансляваўся на тэлеканале Nippon Television у 2011−2014 гадах. Тады выйшла 148 серый. Акрамя таго, у 2013 годзе былі апублікаваныя два поўнаметражныя фільмы ад той жа студыі: Hunter x Hunter: Phantom Rouge і Hunter x Hunter: The Last Mission.

Дадамо, што ў Японіі існуе мноства аўдыёальбомаў, відэагульняў і нават мюзіклаў, заснаваных на Hunter x Hunter.

Серыялы з рускай агучкай даступныя ў інтэрнэце, таму зразумела, адкуль на постсавецкай прасторы ведаюць сюжэт гэтай мангі.

Пра што расказвае Hunter x Hunter?

У далейшым аповедзе мы будзем грунтавацца менавіта на першапачатковай манзе Ёсіхіра Тагасі — некаторыя дэталі ў анімацыйных фільмах, знятых на яе аснове, могуць адрознівацца, але асноўная сюжэтная лінія, героі і іх матывацыя супадаюць.

Такім чынам, дзеянне мангі адбываецца ў свеце, дзе існуюць людзі і чароўныя жывёлы. Асобна ёсць і зямная эліта, якая выконвае небяспечныя заданні (знаходзіць рэдкіх звяроў, таемныя скарбы, шукае злачынцаў) — гэта паляўнічыя. Стаць адным з іх можна толькі атрымаўшы ліцэнзію. Для гэтага неабходна здаць штогадовы экзамен.

Галоўнага героя мангі завуць Гон Фрыкс. У дзяцінстве ён рос без бацькоў: яму сказалі, што яны мёртвыя. Аднойчы на яго нападае мядзведзь, але хлопчыка ратуе малады паляўнічы. Ад яго ён даведаецца, што яго бацька Джын жывы і таксама паляўнічы (а сам збаўца — вучань Джына). Цяпер у хлопчыка з’яўляецца мара: самому здаць экзамен на паляўнічага, стаць ім, а таксама знайсці бацьку і разабрацца, чаму ён сышоў з сям'і.

Хисока, персонаж манга-сериала "Hunter × Hunter", который использует цифру "4". Фото: скриншот сериала Hunter × Hunter
Хісока, персанаж манга-серыяла Hunter x Hunter, які выкарыстоўвае лічбу 4. Скрыншот серыяла Hunter x Hunter

Калі яму спаўняецца 12 гадоў (гэта важна, гаворка ідзе менавіта пра падлетка), Гон пакідае родны горад і выпраўляецца да месца правядзення экзамену для патэнцыйных паляўнічых. Там ён знаёміцца з трыма іншымі «абітурыентамі», якія становяцца яго сябрамі. У кантэксце нашага аповеду важны адзін з іх. Гэта Курапіка, апошні з клана Курта. Хлопец хацеў адпомсціць злачыннай бандзе за вынішчэнне свайго клана. Вядомыя некалькі перакладаў яе назвы: «Фантомная трупа», «Прывідная трупа» або «Трупа ценяў». Па-японску назва выглядае вось так: 幻影旅団. А па-беларуску яна гучыць прыкладна так: «геньей родан» (ці «генэй родан»). Адсюль і назва «Родан» ці «Рэдан».

У складзе «Родана» 13 чалавек. Узначальвае іх чалавек на імя Крола. Менавіта ён выбірае пачаткоўцаў. Каб трапіць у склад банды, трэба забіць аднаго з яе ўдзельнікаў і заняць яго месца. Удзельнікі «Родана» часцей за ўсё забіваюць і крадуць — праўда, часам яшчэ і займаюцца дабрачыннасцю. У кожнага ўдзельніка ёсць пранумараваная татуіроўка ў выглядзе дванаццацілапага павука (адсюль і іншая назва гэтай групы — «Павукі»).

Гон і Курапіка сярод іншых здаюць экзамен і выпраўляюцца на заданні (спойлер: ужо ў першых раздзелах Курапіка заб’е дваіх са злодзеяў).

Што такое «ПВК Родан»?

Падлеткі на постсавецкай прасторы (у першую чаргу ў Расіі) натхніліся анімэ-серыяламі, фанатамі якіх з’яўляюцца. І перш за ўсё — арганізацыяй «Генэй Родан». Таму яны стварылі сваю нефармальную структуру — «ПВК Родан». Маладыя людзі, якія залічваюць сябе да ўдзельнікаў гэтага руху, як правіла, носяць доўгія чорныя валасы, клятчастыя цёмныя штаны і чорныя байкі з вышытым на іх белым павуком з дванаццаццю лапамі і лічбай 4. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра калекцыю брэнда hikikomori kai пад назвай gen’ei ryodan, якая выйшла яшчэ ў 2020 годзе — нават цяпер яе можна свабодна купіць у інтэрнэце, у тым ліку ў Беларусі.

Што значаць гэтыя сімвалы? Пра павукоў мы ўжо расказвалі — гэта знак групоўкі антаганістаў. А лічба 4 адсылае да аднаго з удзельнікаў банды — Хісоке, якому і належыць гэты нумар.

Чаму менавіта ён? Хутчэй за ўсё, асноўная прычына ў тым, што словы «чатыры» і «смерць» вымаўляюцца практычна аднолькава ў японскай, кітайскай і карэйскай мовах. Таму ў гэтых краінах да лічбы многія ставяцца гэтак жа, як на постсавецкай прасторы да лічбы 13. У многіх будынкаў у гэтым рэгіёне нават няма чацвёртага паверха, а таксама паверхаў, нумар якіх заканчваецца на 4. Містычная адсылка да смерці якраз здольная зачапіць падлеткаў у гэтым узросце.

Участники движения. Фото: телеграм-канал Baza
Удзельнікі руху «ПВК Родан». Фота: тэлеграм-канал Baza

А вось абрэвіятура ПВК (прыватная вайсковая кампанія) відавочна адсылае да ПВК Вагнера, якая апошнім часам на слыху праз свой удзел у расійскай агрэсіі ва Украіне.

Але ўдзельнікі руху настойваюць, што гаворка пра жарт. Паводле адной з версій, у 2022-м у той самай калекцыі брэнда hikikomori kai з’явілася рэч у ваенным стылі. «Падчас мабілізацыі была выпушчаная шмотка ў ваенным стылі і быў рофл (жарт. — Заўв. рэд.), маўляў, „ПВК Родан“», — расказвала ўдзельніца групы «Север.Реалии». У адной з тэматычных суполак гучала іншая версія. Паводле яе, у адной з груп у сацсетках удзельнік «прадаваў свае шмоткі, а менавіта майткі родан. І прыпіска [да назвы лота ў абвестцы] „ПВК“ была як рофл [жарт], як пішуць у СМІ, „па прыколе“».

Як бы там ні было, у абодвух выпадках усё тлумачыцца жартам.

У чым сутнасць канфліктаў «баявых анімэшнікаў» з іншымі субкультурамі?

У канцы лютага 2023 года ў Расіі адбылося некалькі масавых боек. Яны здарыліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Курску, Новасібірску і Казані. Толькі ў сталіцы РФ за выходныя затрымалі больш за 350 маладых людзей, якіх лічаць датычнымі да «ПВК Родан».

Сутнасць канфлікту ў Расіі — у супрацьстаянні дзвюх субкультур: «офнікаў» і «роданаў». Як адзначала расійская «Фантанка», «першыя першапачаткова паходзілі з „каляфутбола“, мяшанкі футбольных хуліганаў з гопнікамі. Пазней гэтая культура ўскладнілася, страціла спартыўныя карані і нібыта пачала ўвасабляць рабочыя ўскраіны з простымі жыццёвымі тэзісамі і здаровым стаўленнем да ўсякіх вытанчанасцяў». «Роданаўцы» ж асацыяваліся ў іх з прадстаўнікамі нетрадыцыйных сэксуальных арыентацый, а яшчэ з людзьмі, якія не паважаюць традыцыйныя каштоўнасці. Гэтая група не разумела каштоўнасцяў ПВК, тыя адказвалі ім узаемнасцю.

Паводле інфармацыі выдання, у моладзевай субкультуры з’явіўся «трэці тып — тых, хто як бы не „офнік“, але люта пагарджае „роданамі“. Менавіта яны цяпер запоўнілі ўсе „анімэшныя“ старонкі ў сацсетках, даносячы сваё рабоча-сялянскае „ненавіджу“. І неяк так само сабой атрымалася, што ў „офнікі“ запісалі ўсіх, хто не разумее і не падзяляе японскую эстэтыку».

Фото: телеграм-канал "Флагшток"
Затрыманыя ў Гомелі прадстаўнікі моладзевых субкультур, 28 лютага 2023 года. Фота: тэлеграм-канал «Флагшток»

Выданне «Север.Реалии» здолела разблытаць ланцужок падзей што да канфлікту канца лютага. Паводле інфармацыі выдання, адміністратар групы «ПВК Родан» «ВКонтакте» мог сам справакаваць супрацьстаянне з футбольнымі фанатамі: ён пачаў прасоўваць у сацсетках пасты ў стылі «смерць лысым у***». Затым выклаў публікацыю, у якой абвясціў сходку падпісчыкаў, пасля чаго гэтыя запісы пачалі рассылаць у розныя групы.

Што дакладна было ў саміх пастах, невядома — цяпер яны выдаленыя. Выданне «Медыязона» пісала пра відэа. На ім спалоханы хлопец-роданавец стаў на калені і папрасіў прабачэння перад чалавекам, які трымаў камеру. Падчас дыялогу аўтар роліка сцвярджаў, што нейкае відэа з абразамі «закранула ўсю нацыю». Нібыта менавіта гэтыя і іншыя падобныя падзеі сталі падставай для боек «роданаўцаў» з прадстаўнікамі іншых субкультур у Расіі.

Бойкі толькі падагрэлі цікавасць падлеткаў да супрацьстаяння субкультур. Суразмоўцы расійскіх выданняў з ліку затрыманых сцвярджалі, што большасць з іх аказалася ў гандлёвых цэнтрах выпадкова і проста трапіла пад паліцэйскую аблаву.

Аналагічная сітуацыя адбываецца ў Беларусі, куды перакінулася цікавасць да гэтай тэмы. Падчас праверкі, якая адбылася пасля затрымання ў Гомелі, высветлілася, што большасць падлеткаў ва ўзросце 13−18 гадоў прыйшла паглядзець, «ці будзе нейкая бойка». Назваць іх прадстаўнікамі субкультуры анімэшнікаў можна вельмі ўмоўна. Так што сілавыя дзеянні адносна падлеткаў, хутчэй, здольныя толькі павялічыць цікавасць да руху і раздзьмуць маштаб канфлікту, чым ліквідаваць яго.