Самай «выніковай» жанчынай-забойцай Кніга рэкордаў Гінеса называе Лізавету Батары. Падчас расследавання і суда над ёю агучвалася, што арыстакратка забіла да 650 юных дзяўчат, а пазней з’явілася інфармацыя, што іх кроў яна выкарыстоўвала з тэрапеўтычнымі мэтамі. У Кнізе рэкордаў Гінеса яна згадваецца як магчымая забойца больш чым 600 цнатлівак. Кім насамрэч была Лізавета Батары, як яна звязаная з Беларуссю, колькі дзяўчат загінула ў яе замку — і ці сапраўды графіня іх забівала? Расказваем.
Увага, у гэтым тэксце ёсць апісанні жорсткіх катаванняў. Не чытайце яго далей, калі яны могуць быць для вас непрыемныя.
Хто такая Лізавета Батары і як яна звязаная з Беларуссю
Лізавета Батары (яе імя па-венгерску чытаецца, хутчэй, як Эржэбет — Erzsébet) нарадзілася ў 1560 г. одзе Нованароджанай дзяўчынцы выпаў шчаслівы білет — яе маці і бацька паходзілі з дзвюх галін магутнага венгерскага роду Батары.
Дзядзьку Лізаветы (брата яе маці, Ганны Батары) трансільванскага князя Стэфана Баторыя, у 1575−1576 гадах шляхта Польшчы і ВКЛ абрала каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Пад яго кіраваннем Рэч Паспалітая здолела вызваліць з-пад 16-гадовай маскоўскай акупацыі Полацк і выйграць цяжкую Лівонскую вайну.
А адной з прабабуляў Лізаветы была Ганна Радзівіл — прадстаўніца беларускага магнацкага роду, дачка канцлера ВКЛ, віленскага ваяводы, троцкага кашталяна і смаленскага намесніка Мікалая Радзівіла Старога. У 1496 годзе Ганна выйшла замуж за мазавецкага князя Конрада III Рудога. Іх дачка, Сафія Мазавецкая, стала жонкай аднаго з прадстаўнікоў венгерскага роду Баторыяў — і бабуляй Лізаветы-Эржэбет. Сярод больш далёкіх продкаў Лізаветы Батары ёсць таксама вялікі князь літоўскі Альгерд і яго сын Уладзімір Альгердавіч (князь кіеўскі і, пазней, капыльскі).
Дзяцінства Лізаветы Батары прайшло ў родавым замку Эчэд у Венгрыі. У XVI стагоддзі гэта быў неспакойны рэгіён, але ў 1566 годзе кароль Венгрыі (ён жа кароль Германіі, Чэхіі і імператар Святой Рымскай імперыі) Максіміліян II Габсбург заключыў часовае перамір'е з Асманскай імперыяй, якая прэтэндавала на ўладу над гэтымі землямі. Так што, імаверна, расла дзяўчынка ў адносна мірнай абстаноўцы. У дзяцінстве Лізавета-Эржэбет пакутавала на эпілептычныя прыпадкі і курчы. Адным з метадаў сярэднявечнага лячэння гэтых хваробаў было ўціранне ў твар крыві здаровага чалавека. Ці лячылі такім чынам юную арыстакратку — невядома. Але калі так было, гэта магло паўплываць на яе несфармаваную псіхіку і адбіцца на пазнейшых дарослых паводзінах.
Юная арыстакратка навучылася чытаць і пісаць на венгерскай, грэцкай і нямецкай мовах, а таксама на лаціне. У 1570 годзе 10-гадовую Лізавету афіцыйна заручылі — яе жаніхом стаў прадстаўнік іншага магутнага і багатага венгерскага роду, 15-гадовы граф Ферэнц Надашдзь. Нарачоную пасля гэтага адправілі ў замак Шарвар на захадзе Венгрыі, дзе яна нейкі час жыла са сваёй свекрывёй. На той час Эржэбет апісвалі як пышную неверагодную прыгажуню з доўгімі валасамі і арыстакратычным колерам твару. Хадзілі чуткі, што ў 1574 годзе (то-бок ва ўзросце 14 гадоў) Эржэбет зацяжарала і нарадзіла пазашлюбную дачку, якую ўпотай вывезлі з замка.
У 1575 годзе дваранка выйшла замуж за Ферэнца. У якасці вясельнага падарунка ад сям'і мужа маладыя атрымалі замак у Чахціцах у Карпатах, на тэрыторыі цяперашняй Славакіі (тады ўваходзіла ў склад Венгерскага каралеўства).
Муж Эржэбет вучыўся пры імператарскім двары ў Вене і пастаянна ўдзельнічаў у ваенных паходах супраць туркаў. Дома ён бываў рэдка, і ў яго адсутнасць жонка заставалася паўнаўладнай гаспадыняй змрочнага замка. Толькі часам яна суправаджала мужа ў паездках у Вену і Будапешт.

Ферэнц вылучаўся суровым, запальчывым характарам і жорстка караў слуг за найменшыя памылкі. Такую ж манеру панавання выкарыстоўвала і Лізавета — да гэтых змрочных старонак яе біяграфіі мы вернемся крыху пазней.
Больш за дзесяць гадоў пара гаспадароў замка ў Чахціцах заставалася бяздзетнай. Каля 1585 года Лізавета нарадзіла Ферэнцу першую дачку, Анну. А потым — яшчэ дзвюх дачок (Орсалю і Каталін) і двух сыноў (Андраша і Пала). Праўда, Орсаля і Андраш памерлі ў юным узросце.
У 1601 годзе Ферэнц Надашдзь захварэў, пакутуючы ад цяжкага болю ў нагах, а ў 1604 годзе памёр. Пасля гэтага Эржэбет Батары ўзяла на сябе кіраванне вялікімі маёнткамі. І ў гэтым жа годзе ўдала выдала старэйшую дачку за графа Міклаша Зрыньі, кузэна графа Дзьёрдзя Турза, палаціна Венгрыі (палацін — пасада высокага саноўніка Венгерскага каралеўства, каралеўскага намесніка).
Пасля смерці мужа графіня Батары засталася значнай фігурай у венгерскай палітыцы. Так, у 1608 годзе паноўным князем Трансільваніі стаў яе траюрадны брат Габрыэль (Габар) Батары, якога Эржэбет фінансава падтрымлівала.
Навошта, як, каго і колькі забіла крывавая графіня: афіцыйная версія расследавання
Парадкі сям'і Ферэнца і Эржэбет былі вельмі жорсткімі для прыслугі нават як на той час. Яшчэ пры жыцці графа слуг за найменшыя правіннасці білі пугамі да крыві, а потым яшчэ маглі адхвастаць крапівой. Аднойчы графіня зашыла рот дзяўчыне, якая, на яе думку, шмат балбатала. Іншым разам Ферэнц, вярнуўшыся дадому, знайшоў у двары аголеную дзяўчыну, абмазаную мёдам, — відаць, для прыцягнення насякомых. Калі Эржэбет западозрыла адну з служанак у крадзяжы грошай, яна прымусіла яе раздзецца і таўравала яе скуру распаленымі манетамі.

Магчыма, у садысцкіх схільнасцях Эржэбет падтрымліваў яе муж. Ён мог навучыць яе некаторым катаванням, якія былі звычайнай справай у ваенных паходах супраць туркаў. Здзекавацца з прыслугі ёй дапамагалі разумова адсталы слуга і тры давераныя прасталюдзінкі: служанка, прачка і былая карміцелька дзяцей графіні. Адна з іх, Анна Дарвулія, таксама навучыла графіню новым відам жорсткасці.
Пераход садысцкіх схільнасцяў графіні на новы ўзровень адбыўся каля 1600 года. Прывабнай, уладнай і славалюбнай жанчыне тады стукнула 40 гадоў.
Паводле паданняў, яна не хацела мірыцца з блізкай старасцю і была апантаная ідэяй вечна заставацца маладой і прыгожай. Аднойчы ў парыве гневу Эржэбет ударыла маладую служанку ў твар так моцна, што ў той пайшла кроў з носа. Трохі крыві трапіла на скуру графіні, і той падалося, што ў гэтых месцах скура стала маладзейшай і свяжэйшай. Як казалі людзі, менавіта тады ў яе ўзнікла ідэя рэгулярна купацца ў крыві цнатлівак. Калі графіня хацела прыняць такую ванну, да яе нібыта прыводзілі дзяўчыну і трымалі над ваннай уверх галавой, перарэзаўшы горла. У гэтых жа непацверджаных дакументальна паданнях расказваецца, што ўрэшце Эржэбет Батары расчаравалася ў ваннах з крыві цнатлівак-сялянак і пачала выкарыстоўваць для купання «блакітную» кроў дзяўчат высакароднага паходжання.
Зрэшты, гэтая частка аповедаў пра крывавую графіню — імаверна, здагадкі і спекуляцыі, якія з’явіліся толькі ў наступным, XVIII стагоддзі. Іх аўтары, відаць, хацелі хоць неяк растлумачыць злачынствы, якія адбываліся ў замку ў Чахціцах.
Тым не менш вядома, што з 1600 года смяротнасць сярод жыхароў замка сапраўды прыкметна павялічылася. Давераныя слугі Эржэбет ездзілі па навакольных вёсках і пераконвалі небагатых бацькоў за невялікую суму аддаць юных дзяўчат у слугаванне магутнаму роду Батары. Спачатку такая прапанова сапраўды падавалася прывабнай — у простага чалавека тых часоў было не так шмат магчымасцяў вырвацца з цяжкага кругазвароту сялянскага жыцця.
Зрэшты, ужо хутка родныя дзяўчат даведаліся, што тыя бясследна знікаюць у замку ў Чахціцах. Замест бяспекі і пражытку рэзідэнцыя графіні Батары давала ім боль і пакутлівую смерць. У кампаніі з даверанымі слугамі Эржэбет звязвала іх і збівала да крыві. Дзяўчат праколвалі іголкамі, рэзалі брытвамі, прыпякалі інтымныя часткі іх целаў агнём свечак ці распаленай качаргой. Проста ў пакоях Эржэбет паставілі жалезную клетку, падвешаную да столі. У ёй было некалькі металічных абручоў з шыпамі. Калі дзяўчыну змяшчалі ў клетку, абручы сціскаліся, працінаючы яе цела. І паднятая да столі клетка ператваралася ў своеасаблівы крывавы душ. Мёртвых дзяўчат з сінякамі, парэзамі і апёкамі таемна хавалі.
З 1604 года ў ваколіцах замка ў Чахціцах пачалі хадзіць чуткі пра жорсткасць графіні. Але пакуль яе ахвярамі заставаліся сялянскія дзяўчаты, улады прапускалі гэтую інфармацыю міма вушэй. У Венгрыі таго часу дзейнічала прыгоннае права, і ўладальнікі маглі рабіць са сваёй бяспраўнай уласнасцю тое, што ім захочацца. Але ў 1609 годзе Эржэбет пачала прымаць у сваім замку дзяўчат высакароднага паходжання з небагатых шляхецкіх сем’яў — нібыта для таго, каб навучыць іх свецкім манерам. Калі зніклі і некаторыя з іх, Венгерскае каралеўства ўжо не змагло ігнараваць існаванне злавеснага замка на сваёй тэрыторыі.
Увосень 1610 года Эржэбет выехала з замка па сямейных справах. Яна адвезла сваю дачку Анну на лячэбныя гразі ў П’ешцяны, а потым выправілася ў замак Шарвар, дзе жыў з настаўнікам яе маленькі сын. Скарыстаўшыся адсутнасцю графіні, святар вёскі Чахціцэ Панікенус адважыўся афіцыйна паведаміць уладам пра свае падазрэнні. Ён апісаў выпадак, калі дзевяць дзяўчат, якія памерлі з «невядомых і загадкавых прычын», у яго прыходзе пахавалі за адну ноч.
У снежні 1610 года Эржэбет, якая вярнулася ў Чахціцы, на даручэнне караля Венгрыі Мацьяша II арыштаваў згаданы вышэй палацін граф Дзьёрдзь Турза. У замку «крывавай графіні» ён знайшоў адну забітую дзяўчыну і адну жывую — як мяркуецца, наступную ахвяру.
Судовы працэс над графіняй Батары пачаўся ў студзені 1611 года ў замку Бытча. З прычыны арыстакратычнага паходжання Эржэбет ён вёўся таемна, сама графіня на ім не прысутнічала. Большасць ахвяр «крывавай графіні» былі бяспраўнымі прыгоннымі, таму абвінавачанне грунтавалася на даказаных выпадках гібелі дзяўчат высакароднага паходжання.
Першымі крыніцамі інфармацыі пра забойствы ў Чахціцкім замку сталі суўдзельнік і дзве суўдзельніцы графіні. Адзначым, што ў сучаснай прававой дзяржаве іх паказанняў суд, хутчэй за ўсё, не ўлічыў бы — іх дабіліся з дапамогай катаванняў. Набліжаныя служка і служанкі апісалі ад 36 да 50 смерцяў дзяўчат кожны.
Таксама для суда сабралі паказанні больш чым 300 іншых сведак і відавочцаў — у тым ліку іншых слуг, наведнікаў замка і сваякоў загінулых дзяўчат. Адзін з іх згадваў 80 забітых дзяўчат, другі — 175, потым лічба павялічылася да 200. Нарэшце, адна з меркаваных суўдзельніц Эржэбет з ліку яе служанак расказала пра 650 ахвяр — нібыта такую лічбу ў асабістых запісах графіні бачыў адзін з яе прыдворных, Якаб Сільвашы.
Некаторыя сведкі расказвалі, што Эржэбет сама працавала катавальнымі інструментамі і часам адкусвала кавалачкі плоці ад целаў дзяўчат — але ніхто з іх не згадваў крывавых ваннаў, якія яна прымала. Гэты элемент яе змрочнага вобраза з’явіўся праз шмат гадоў пасля судовага працэсу.
Суд прызнаў вінаватымі графіню і змоўшчыкаў. Адна з іх, тая самая Анна Дарвулія, яшчэ да пачатку суда аслепла ад катаванняў і памерла. Астатніх суўдзельнікаў расправаў пакаралі смерцю, прычым жанчынам спачатку распаленымі абцугамі адарвалі пальцы рук, а потым спалілі на вогнішчы як ведзьмаў.
Саму ж графіню згодна з прысудам замуравалі ў невялікім пакоі ў вежы замка Чахціцы. У сцяне пакінулі невялікія шчыліны для доступу паветра і вады з ежай. У жніўні 1614 года, пасля трох з паловай гадоў такога зняволення, Эржэбет памерла. Да самай смерці яна пісала каралю лісты з просьбай яе апраўдаць.
Пачвара ці ахвяра паклёпу?
З тым, што Эржэбет Батары сапраўды забіла ў сваім замку дзясяткі ці нават сотні дзяўчат, згодныя не ўсе. І гэты скептыцызм з’явіўся не на пустым месцы.
Графіня Батары, у адрозненне ад сваіх слуг — меркаваных змоўшчыкаў, — так і не прызнала віны. Магчыма, акурат таму, што арыстакратку не падвяргалі катаванням. Ды і ўвесь суд над Батары з пункту гледжання сучаснага назіральніка выглядаў досыць дзіўна. На ім у якасці абвінавачаных прысутнічалі толькі суўдзельнікі галоўнай злачынцы. А самой графіні, нягледзячы на яе шматлікія просьбы, так і не ўдалося пераканаць Турза даць ёй магчымасць адказваць перад судом на абвінавачанні.
Паказанні сотняў сведак на судзе часта былі непаслядоўнымі і супярэчылі адно аднаму. Так, Якаб Сільвашы, які, паводле служанкі графіні, нібыта бачыў запіс пра 650 яе ахвяраў, сам у сваіх паказаннях ніколі гэтага не згадваў. Многія сведкі з ліку прыгонных сялян расказвалі, што яны толькі чулі пра злачынствы Эржэбет — але не бачылі іх самі.
У сувязі з гэтым частка даследчыкаў лічыць, што колькасць ахвяраў «крывавай графіні» як мінімум моцна завышаная. А некаторыя ідуць далей і заяўляюць, што сапраўды жорсткая і ўладная арыстакратка наогул не здзяйсняла нічога падобнага да прыпісаных ёй злачынстваў, а толькі стала ахвярай наўмыснага абгавору.
Прычыны для расправы над аўдавелай графіняй ва ўладаў Венгрыі сапраўды былі. Князь Трансільваніі Габар Батары, якога падтрымлівала Эржэбет, варагаваў з каралём Мацьяшам II з дынастыі Габсбургаў (гэты манарх адначасова быў эрцгерцагам Аўстрыі і пазней стаў імператарам Святой Рымскай імперыі пад імем Мацвей). У дадатак каралеўская казна мела велізарны доўг перад сям’ёй Эржэбет, які можна было зручна спісаць з дапамогай суда. Некаторыя даследчыкі знаходзяць зручныя рэлігійныя матывы для абгавору графіні-кальвіністкі ў лютэранскага святара Панікенуса.
Асацыяваная прафесарка Кембрыджскага ўніверсітэта Анушка Бэйлі распрацавала, бадай, самую радыкальную тэорыю пераацэнкі дзейнасці «крывавай графіні». Яна лічыць, што Эржэбет Батары насамрэч стала проста галоўнай мішэнню для палявання на ведзьмаў у XVII стагоддзі. На думку Бэйлі, «крывавая графіня» была рэлігійнай бунтаркай, кнігадрукаркай, кантрабандысткай — а таксама радыкальнай (для свайго часу) феміністкай, якая выкарыстоўвала сваё велізарнае багацце, уплыў і замак для навучання вялікай колькасці маладых жанчын і дзяўчат.
Бэйлі сцвярджае, што ўсе меркаваныя ахвяры Батары паходзілі з сем’яў мясцовых збяднелых дваран. Насамрэч, як перакананая даследчыца, графіня арганізавала для іх школу, каб навучыць іх чытаць. І замак стаў для іх прытулкам. Бэйлі звяртае ўвагу на тое, што падчас расследавання на тэрыторыі замка знайшлі толькі адно цела — што нібыта ніяк не вяжацца з дзясяткамі і сотнямі забітых там ахвяраў. Зрэшты, сярод сведак былі і такія, якія расказвалі пра шматлікія труны, што пакідалі замак. Але гэтыя сведчанні Бэйлі таксама абарочвае на сваю карысць — на яе думку, у трунах маглі таемна вывозіць з замка жывых дзяўчат, каб яны прадстаўлялі дзелавыя інтарэсы графіні ў іншых рэгіёнах Еўропы.
У дадатак Бэйлі знайшла ў іншым замку, які належаў Эржэбет, рэдкі для таго часу друкавальны станок. І звярнула ўвагу на велізарную суму, эквівалентную сучасным 26 млн фунтаў стэрлінгаў (каля 107 млн рублёў), якую Батары выдаткавала на куплю адзення ў Венецыі. Бэйлі лічыць гэта прыкметай таго, што графіня Батары вяла нейкі буйны бізнес — напрыклад, была першай самастойнай жанчынай-выдаўцом у гісторыі. Праз імклівы рост яе ўплыву ўлады нібыта і вырашылі з ёю разабрацца. А для сялян яшчэ да арышту графіні нібыта пачалі распускаць чуткі пра жахлівую арыстакратку, якая крадзе іх дачок і п’е іх кроў.
Такіх тэорый пра жыццё «крывавай графіні» і суд над ёю створана нямала. Некаторыя з іх маюць выразны канспіралагічны прысмак. Каб сапраўды даказаць невінаватасць Эржэбет Батары, недастаткова прыдумаць тэорыю пра вывезеных з замка ў трунах жывых дзяўчат. Для пачатку варта было б разабрацца з сотнямі паказанняў сведак і рэчавымі доказамі, знойдзенымі ў замку.
Бясспрэчна, што страшная легенда пра жаночы варыянт графа Дракулы, што спажываў дзявочую кроў для атрымання вечнай маладосці, сфармавалася вакол імя Эржэбет Батары амаль праз стагоддзе пасля яе смерці. Хутчэй за ўсё, перабольшаннем стала і лічба ў больш чым 600 яе ахвяраў.
Але гэта не значыць, што графіня наогул не магла забіваць людзей. Паводле многіх сведчанняў, яна была агрэсіўнай жанчынай, якая цалкам адпавядала свайму жорсткаму часу. У сучасных публікацыях пра Эржэбет Батары часта адзначаюць, што праз 400 гадоў пасля расследавання проста немагчыма знайсці якія-кольвек доказы, якія пацвярджаюць вінаватасць альбо поўную невінаватасць графіні. Мяркуючы з усяго, напэўна ўжо ніхто ніколі не даведаецца, была венгерская арыстакратка самай крывавай жанчынай-забойцай у свеце ці проста няшчаснай ахвярай эпохі патрыярхату.
Чытайце таксама


