Попыт на кватэры ў Мінску захоўваецца, хоць знізіўся ў параўнанні з летам. Цэны на жыллё падаюць, актыўней за ўсё — на аднапакаёвыя кватэры. Пра гэта расказала незалежная экспертка па жылой нерухомасці Наталля Літоўская ў сваім тэлеграм-канале «Литовская о жилье».
Кватэры таннеюць, попыт захоўваецца
Можна чакаць, што па выніках кастрычніка прыкладная колькасць угодаў складзе каля 1300. Гэта вышэй за сярэдні паказчык (для Мінска гэта 1100). Але ўжо ніжэй за летні «хапун», калі гэты паказчык перавальваў за 1500 і нават 1600, піша Наталля Літоўская.
Паводле дадзеных на 26 кастрычніка, у базе Нацыянальнага кадастравага агенцтва было зарэгістравана 1122 угодаў з нерухомасцю. Прычым толькі за суткі база папоўнілася 132 ўгодамі з кватэрамі і долямі ў Мінску. «Калі такімі тэмпамі будуць грузіць яшчэ тры дні, здагадка, што хапун заканчваецца, будзе заўчаснай», — адзначала ў той жа дзень экспертка па нерухомасці.
Без уліку новабудоўляў сярэдняя цана прапановы жылля ў Мінску знізілася, але ў межах статыстычнай хібнасці. Так, сярэдні кошт аднапакаёвых кватэр знізіўся на 6,9%. Гэта ўключаючы новабудоўлі. Двухпакаёвыя кватэры за апошні месяц патаннелі на 6,6%, трохпакаёвыя — на 2,2, а чатырохпакаёвыя, наадварот, падаражэлі на 0,1%.
Хто цяпер актыўна купляе кватэры
Наталля Літоўская вылучае чатыры групы найбольш актыўных пакупнікоў. Самая вялікая з іх — гэта сем'і, якія прадалі мешнае жыллё і выкарысталі ашчаджэнні, каб набыць кватэру большай плошчы. «Пра гэта ўскосна сведчаць папярэднія дадзеныя пра рост колькасці ўгодаў з двухпакаёвымі і трохпакаёвымі кватэрамі», — адзначае экспертка.
Да 20% у некаторых агенцтваў складаюць пакупнікі з рэгіёнаў, якія набываюць жыллё ў сталіцы для сябе або дзяцей.
Трэцяя група — гэта тыя, хто сабраў грошы на сваё першае жыллё або выкарыстаў момант і папрасіў падтрымкі для такой куплі ў сваякоў. «Цэны на другасным рынку праселі, купля стала даступнейшай, дакрэдытавацца пад 19,5% на эквівалент 10−15 тысяч даляраў — пад’ёмны варыянт для часткі насельніцтва», — тлумачыць Наталля Літоўская.
Яшчэ адна група пакупнікоў — гэта ўмоўныя інвестары. Прычым як з Мінска, так і з рэгіёнаў. «Іх усё менш, але яны яшчэ ёсць і дачакаліся цэн, якія лічаць прымальнымі», — адзначае экспертка.