Якія памылкі дапусціў Кабінет у сітуацыі з Зарэцкай? Навошта Лукашэнка крычаў на прэм’ер-міністра Арменіі? Для ўладаў забарона на рост цэн стане такой жа праблемай, якой стаў каранавірус? Чаму для Лукашэнкі 7 лістапада ўсё яшчэ свята? Ці магчымы дзяржаўны пераварот у Расіі? Гэтыя і іншыя надзённыя пытанні задалі нам вы. Мы пераадрасавалі іх палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману — і запісалі новы выпуск праекта «Шрайбман адкажа».
— Якія памылкі Кабінет дапусціў у сітуацыі з Зарэцкай у цэлым? На вашую думку, ці памяняе гэты кейс стаўленне прыхільнікаў дэмсілаў да Кабінета?
— Многія з гэтых памылак Кабінет Ціханоўскай назваў сам, тут не трэба нічога выдумляць. Па-першае, гэта вялікі правал у камунікацыі, а па-другое, памылка падчас падбору персаналу. У Кабінеце прызналі, што бізнесы Таццяны Зарэцкай яны не правяралі, прымаючы яе на працу, хоць і прапускалі яе праз нейкі паліграф. Мяркуючы па ўсім, фокус палягаў на тым, каб даведацца, ці ёсць у кандыдата ў мінулым нейкія сувязі з КДБ ці іншымі спецслужбамі, а не ў тым, наколькі праўдападобна і пераканаўча гучаць аповеды Зарэцкай пра яе бізнес.
Памылкі бываюць ва ўсіх. Я лічу, што глыбінныя прычыны з адборам кадраў — у дэфіцыце саміх гэтых кадраў. Кампетэнтныя і паспяховыя людзі звычайна будуюць свае кар’еры, рэалізуюць свае праекты і не гатовыя ахвяраваць усім гэтым дзеля палітыкі, якая сёння не выглядае самай перспектыўнай сферай.
Улетку 2020-га да беларускага пратэснага руху далучыліся многія паспяховыя топы беларускага бізнесу, вядомыя юрысты, вышэйшыя чыноўнікі і амбасадары, таму што ў іх было адчуванне далучанасці да гістарычнага моманту. Цяпер жа далёка не ва ўсіх ёсць вера ў тое, што праца Кабінета Ціханоўскай у выгнанні і будучыня Беларусі неяк наўпрост звязаныя паміж сабой так, каб для гэтага ахвяраваць сваёй кар’ерай і перспектывамі вярнуцца ў краіну. У выніку для адбору ў вас застаюцца альбо людзі, якія прыйшлі ў палітыку ў 2020-м ці нават да яго, альбо людзі, у якіх з нейкіх прычынаў не ідзе іх уласная справа, альбо людзі, якія ідэалагічна зараджаныя на барацьбу. Ну і, нарэшце, гэта могуць быць тыя, хто з нейкіх прычынаў хоча выкарыстоўваць сваю палітычную кар’еру для іншых мэтаў, напрыклад, для асабістага піяру.
Ці можна сцвярджаць, што сярод гэтых групаў людзей нельга знайсці прыдатных кандыдатаў? Зразумела, не, але і шанец пракалоцца, трапіць на правальнага кандыдата таксама вырастае з сітуацыі нашмат меншага выбару, чым раней.
Другая памылка — камунікацыйная. Тут, калі шчыра, я не схільны вінаваціць Офіс Ціханоўскай або Кабінет у тым, што яны асабіста неяк правалілі камунікацыю. Хутчэй, яны ў ёй не ўдзельнічалі. Замест гэтага ў камунікацыі ўдзельнічала Таццяна Зарэцкая, і гэта відавочна быў не самы ўдалы досвед. Калі бегаць ад журналістаў, шукаць у іх спробах расследаванняў інтрыгі КДБ, намякаць ім на магчымыя судовыя разбіральніцтвы, калі яны нешта апублікуюць, матываваць сваё нежаданне адказваць на пытанні пагадненнямі аб невыдаванні, то вынік не можа быць добрым, незалежна ад таго, што з абвінавачанняў было праўдай, а што — паклёпам.
Калі казаць пра рэпутацыйныя наступствы гэтага скандалу, то і да яго далёка не ўсе прыхільнікі дэмакратычных сіл ставіліся да Кабінета адназначна. Штаб самага папулярнага палітыка 2020 года Віктара Бабарыкі не далучыўся да Кабінета. Не падтрымлівае яго і нацыянальна-кансерватыўны фланг беларускай апазіцыі — прыхільнікі Зянона Пазняка і падобных да яго палітыкаў. Спрэчныя адносіны ў Кабінета і з беларускім добраахвотніцкім рухам ва Украіне. Прыхільнікі ж Ціханоўскай таксама не адзіныя ў тым, наколькі пасіянарныя яны што да падтрымкі ініцыятываў палітыка. Некаторыя да гэтага часу зараджаныя на барацьбу, для іх скандал з Зарэцкай не будзе мець практычна ніякага значэння.
Але ёсць і зваротны працэс. За гэтыя два гады сярод выбаршчыкаў Ціханоўскай у 2020-м годзе расце колькасць тых, хто стамляецца ад навін пра палітыку, хто ўсё радзей і радзей чытае зводкі пра працу Кабінета або Офіса Ціханоўскай, хто вось-вось наогул перастане чытаць недзяржаўныя СМІ, таму што за гэта могуць пасадзіць. Калі ў эміграцыі гэтыя працэсы не такія відавочныя, то ўнутры краіны яны нашмат больш адчуваюцца, і кожны новы скандал, кожная новая спрэчка ўнутры апазіцыі прыводзіць да «адколвання» ўсё большай і большай колькасці людзей, якія яшчэ раней сачылі за гэтымі навінамі. Апанентам улады ўнутры краіны ўсё складаней знаходзіць адказы на пытанне «чым канкрэтна ім карысны Кабінет Ціханоўскай», і нават сціплыя поспехі Кабінета накшталт узрослай міжнароднай суб’ектнасці, завязвання фармальных кантактаў з Саветам Еўропы ці запуску каляваенных курсаў падрыхтоўкі — усё гэта гасне на фоне скандалу, які быў зусім не абавязковы, але які аказаўся нашмат больш рэзанансным, чым усе гэтыя пазітыўныя навіны пра працу новай структуры.
— Чаму Лукашэнка крычаў на прэм’ер-міністра Арменіі? Ён робіць выгляд, што нешта вырашае ў АДКБ?
— У канцы кастрычніка Лукашэнка сапраўды вельмі эмацыйна крытыкаваў свайго армянскага калегу Пашыняна на Савеце АДКБ. Лукашэнку абурыла тое, што Пашынян запатрабаваў у хаўруснікаў выразна выказацца ў падтрымку Арменіі ў яе канфлікце з Азербайджанам, і, у прынцыпе, гэтае патрабаванне выглядала б лагічным, калі б мы разумелі АДКБ як рэальнага саюзніка, дзе ўсе падтрымліваюць адно аднаго. На самай справе гэта не зусім так: у АДКБ ужо даўно няма салідарнасці па пытаннях, якія хвалююць асобных чальцоў гэтай арганізацыі. Краіны АДКБ не падтрымалі нават Расію, якая пачала вайну ва Украіне (за выключэннем Беларусі).
Так, напрыклад, Расія атрымала безумоўную падтрымку сваёй вайны супраць Украіны толькі ад Мінска, а Арменія сама не атрымлівала практычна ніякай дыпламатычнай або палітычнай падтрымкі ад усіх астатніх краін — чальцоў АДКБ. Некаторыя з іх, накшталт Беларусі, маюць больш цесныя адносіны з Азербайджанам, ворагам Арменіі. Прычым гэтыя даўнія адносіны датычаць не толькі звычайнага гандлю, але і продажу вельмі «адчувальных» тавараў, такіх як узбраенне.
Вядома, што Беларусь пастаўляла Азербайджану свае хвалёныя ракетныя сістэмы «Паланэз». Гэта і ёсць першае тлумачэнне эмацыйнасці Лукашэнкі. Яму вельмі не падабаецца, што яму нагадалі пра калектыўныя саюзніцкія абавязкі, калі ў яго ёсць двухбаковае сяброўства з Азербайджанам. Але больш важным тут выглядае іншы матыў: сярод усіх прэтэнзій да Арменіі Лукашэнка ў прыватнасці спыніўся на тым, што Пашынян асмеліўся ўцягнуць у пасярэдніцтва ў армянска-азербайджанскім канфлікце Еўрасаюз, то-бок сённяшніх ворагаў Расіі і Беларусі.
Уладзіміру Пуціну, які таксама быў на гэтай відэаканферэнцыі, відавочна непрыемна, што ў рэгіёне, дзе традыцыйным арбітрам заўсёды была Расія, сёння да яе ўсё менш даверу, а ў яе паслугах усё менш патрэбы. Паколькі для Лукашэнкі ў апошнія месяцы, калі не сказаць гады, крытычна важна мець максімальную прыхільнасць Пуціна, то на ўсіх такіх сустрэчах ён спрабуе сказаць тое, што, як яму здаецца, Пуціну было б вельмі прыемна пачуць. Усё гэта прадказальна выклікае незадаволенасць у Арменіі, але адносіны з ёй Мінску сёння ўжо не так важныя, як паслаць правільныя сігналы ў Крэмль, ну і заадно свайму традыцыйнаму партнёру ў Баку.
— Чаму раней непажаданых кіраўнікоў зрыналі змовамі ці ўмоўна падкідвалі змей у ложак, а цяпер адзін чалавек кашмарыць увесь свет і ніхто нават не спрабуе зрабіць дзяржпераварот? Няўжо за 22 гады ён настолькі прамыў мазгі ўсім у РФ?
— Гэта вялікае і складанае пытанне, але я паспрабую агучыць хаця б некалькі ключавых фактараў, якія вызначаюць тое, чаму ў эліт не атрымліваецца зрынаць такіх лідараў, як Пуцін і Лукашэнка.
Па-першае, кіраўнічая вярхушка мусіць быць вельмі моцна незадаволеная тым, каго яны сабраліся ссоўваць. Яны мусяць быць упэўненыя, што далейшае кіраванне гэтага чалавека абернецца для краіны і для іх асабіста вялікімі непрыемнасцямі, чым тыя рызыкі, з якімі яны сутыкнуцца, калі паспрабаваць аб’яднацца і зрынуць яго. І сёння ні ў Расіі, ні ў Беларусі няма выразных прыкметаў таго, што набліжаныя і да Пуціна, і да Лукашэнкі думаюць так пра сваіх лідараў.
У Беларусі, здаецца, увогуле склалася адваротная сітуацыя. На самы «верх» трапілі людзі, якія ўпэўненыя, што, па-першае, без Лукашэнкі іх уласны лёс будзе пад вялікім пытаннем, а па-другое — што краіна акажацца ледзь не ў вайне або пад акупацыяй.
У расійскай эліты цяпер відавочна больш падставаў для трывогі ў дачыненні да сённяшняга курсу. Вайна ідзе відавочна не па тым сцэнары, які задумваў Крэмль, і зразумелага і непрыніжальнага выхаду з гэтай вайны таксама не бачна. Наколькі з гэтым аналізам згодныя найвышэйшыя расійскія сілавікі — сямідзесяцігадовыя сябры Пуціна па працы ў КДБ, — мы проста не ведаем. Але сур’ёзных доказаў таго, што яны лічаць, што сітуацыя крытычная, у нас таксама няма.
Але нават калі ўявіць, што палітычныя перашкоды пераадоленыя, усе ўсё разумеюць, то тут у гульню ўступаюць вельмі сур’ёзныя арганізацыйныя, тэхнічныя перашкоды на шляху да такога перавароту. Мы ўжо не ў Старажытным Рыме, каб можна было проста падкінуць змяю ў ложак дыктатара. Сёння ў іх ёсць добрая ахова. Для таго каб зрынуць сённяшніх тыранаў, найвышэйшым чыноўнікам трэба вызначыцца: гэта будзе сілавы сцэнар ці палітычны.
Сілавы сцэнар азначае, што ў змову трэба залучаць генералаў, звычайна самых лаяльных людзей у сістэме. У расійскім выпадку гэта азначае кіраўніка МУС або Расгвардыі, кіраўніка ФСБ, кіраўніка Федэральнай службы аховы і, пажадана, кіраўніка Мінабароны, ну ці хаця б большасць з іх. Тое, што на гэтых пасадах сёння знаходзяцца яшчэ большыя «ястрабы» чым Пуцін, не значыць, што яны ў прынцыпе не здольныя яму здрадзіць. Але для гэтай здрады нашмат больш высокая планка, і Расія, я адважуся выказаць здагадку, вельмі настойліва рухаецца ў гэты бок, але пакуль яшчэ відавочна знаходзіцца не ў гэтым месцы.
Палітычны варыянт азначае, што трэба выкарыстоўваць наяўныя дзяржаўныя інстытуты ўнутры аўтарытарнага рэжыму, каб зрынуць яе лідара. Як гэта цяпер ні смешна гучыць, але ў Савецкім Саюзе ці фашысцкай Італіі з гэтым было нашмат прасцей, таму што былі калектыўныя органы кіравання, якія павінныя былі фармальна рэгулярна перапрызначаць лідараў на іх пасады. Гэта азначае, што, калі ў элітах складвалася змова або кансэнсус з нагоды таго, што нейкі чалавек нам надакучыў і яго трэба пазбаўляцца, дастаткова было падрыхтаваць пасяджэнне гэтага з’езда або савета і пазбавіцца ад яго прамым галасаваннем. Так, напрыклад, страцілі сваю ўладу Мусаліні і Хрушчоў.
Але ў сённяшняй Беларусі і Расіі рэжымы нашмат больш персаналісцкія. У іх няма калектыўных органаў кіравання, якія мелі б права зрынуць і адхіліць ад пасады Пуціна і Лукашэнку. Адзіны фармальны шлях да гэтага — імпічмент. Але як у Расіі, так і ў Беларусі гэта вельмі складаная забюракратызаваная працэдура, у якой удзельнічаюць органы з розных галінаў улады. Гэта складана арганізаваць так, каб лідар не стаў гэтаму супрацьдзейнічаць.
І тут мы падыходзім да галоўнай перашкоды на шляху любога наменклатурнага перавароту ў сённяшняй Расіі. Гэта атамізацыя, раздробленасць палітычнай эліты. Калі ў вас ёсць паўтузіна спецслужбаў, якія будуць сачыць адна за адной, канкурэнцыя розных ведамстваў, недавер і жаданне падседзець адно аднаго, то арганізаваць нешта падобнае на змову вельмі складана. Кожны чыноўнік, генерал, які задумаецца пра гэта і вырашыць пагаварыць пра гэтую ідэю з нейкім са сваіх калегаў, будзе баяцца, што гэты калега альбо яго здасць, каб атрымаць павышэнне па службе, альбо ўмоўная лазня, у якой яны будуць гэта абмяркоўваць, акажацца на праслухоўцы. Такая сітуацыя рэзка павышае індывідуальныя рызыкі для кожнага асобнага найвышэйшага чыноўніка, і ў выніку яны аддаюць перавагу таму, каб пераседзець або збегчы, калі ўцёкі застаюцца ўсё яшчэ магчымай опцыяй.
Вельмі многія ў развагах пра магчымасці пераваротаў робяць тую самую памылку. Яны лічаць, што наменклатура — гэта нейкі адзіны арганізм з адзіным цэнтрам прыняцця рашэнняў і здольнасцю праяўляць сваю калектыўную волю. Насамрэч у Беларусі і ў Расіі гэта сёння не так. Працуе антычны прынцып «раздзяляй і ўладар», і, для таго каб пераадолець свой страх, генералам і бюракратам патрэбная наймацнейшая матывацыя, стан абсалютна беспрасветнага крызісу, які пагражае ім і іх сем’ям нашмат больш, чым спроба дамовіцца, зрынанне правадыра.
Яшчэ нядаўна я не мог сабе ўявіць такога збегу абставін у Расіі, але цяпер, чым часцей расійскія ўлады на розным узроўні кажуць пра магчымае ўжыванне ядзернай зброі, тым выразней вымалёўваюцца контуры таго моманту ісціны, які можа стаць пагібельным для Уладзіміра Пуціна.
— Ці магчыма, што забарона на рост цэн стане такой самай памылкай, якой каранавірус стаў для Лукашэнкі? І ці не з’яўляецца памылкай апазіцыі няўважлівасць да гэтай праблемы?
— Калі рашэнні ўладаў па кантролі за цэнамі прывядуць на нейкім этапе да шырокага дэфіцыту, панікі на спажывецкім рынку, банкруцтва гандлёвых сетак, то, вядома, усё гэта можа мець не толькі эканамічныя, але і цалкам сабе палітычныя наступствы. Дэфіцыт адгукнецца ў старэйшага пакалення ўспамінамі пра васьмідзясятыя і пачатак дзевяностых гадоў — напэўна, самы цяжкі час у іх жыцці з пункту гледжання эканомікі.
Уся палітычная ідэнтычнасць Лукашэнкі грунтуецца на пераадоленні таго перыяду гісторыі, і калі яго лаяльны выбаршчык убачыць, што мы вяртаемся да тых часоў, то ў Лукашэнкі могуць пачацца рэйтынгавыя праблемы, горшыя, чым тыя, што прынесла яму пандэмія. Але для таго каб сітуацыя зайшла так далёка, улада мусіць быць настойлівай у сваім эканамічным папулізме, і калі з’явяцца першыя прыкметы дэфіцыту, Лукашэнка ў такім сцэнары павінен працягваць — прымушаць гандлёвыя сеткі працаваць, не банкрутаваць, не звальняць супрацоўнікаў; прымушаць вытворцаў пастаўляць пэўны аб’ём тавару на рынак, забараніць экспарт тавараў, якія падаліся дэфіцытнымі. Іншымі словамі, ён павінен адраджаць дзяржплан як у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, так і ў гандлі.
Не тое каб гэта было зусім немагчыма. Савецкія інстынкты Лукашэнкі не трэба прымяншаць, але пакуль улада дзейнічае інакш. Яны спачатку ўводзяць нязграбную папулісцкую меру, як кантроль за ўсімі цэнамі ў краіне, бяруцца з запалам і арыштамі выконваць, але потым, калі з’яўляюцца першыя прыкметы дэфіцыту і панікі сярод прадаўцоў, яны адкочваюць назад, прынамсі, часткова, уводзячы некаторыя пералікі тавараў, па якіх цэны павышаць можна, проста па ўзгадненні, па асаблівай працэдуры. Гэта азначае, што пакуль зваротная сувязь з рэальнай эканомікай працуе і ідэалагічныя перакананні Лукашэнкі ці яго папулісцкія імпульсы не перамагаюць.
Што ж да апазіцыі, то я не да канца разумею, што яна можа зрабіць з гэтай тэмай, не знаходзячыся ў краіне. Ціханоўская выпусціла заяву з нагоды часова закрытых рынкаў, але, па-мойму, самі іпэшнікі, якія былі ў паніцы ад таго, што яны не разумеюць, як ім працаваць, гэтай заявы нават не пачулі. Каб эфектыўна працаваць з эканамічным парадкам, трэба, каб людзі на зямлі, на якіх адбіваецца крызіс або нейкія рашэнні ўладаў, адчувалі, што палітык знаходзіцца з імі ў адной сітуацыі, што ён падзяляе ўсе нягоды. Альбо людзі павінныя адчуваць, што перад імі кампетэнтны палітык, які можа прыйсці да ўлады і больш эфектыўна кіраваць эканомікай, чым сённяшнія кіраўнікі краіны. Таму ў 2020 годзе ў Ціханоўскага з аднаго боку і Бабарыкі і Цапкалы з другога быў зразумелы шлях, як выкарыстоўваць эканамічную павестку ў сваёй кампаніі. Ціханоўскі жорстка і бескампрамісна крытыкаваў улады мовай простага мужыка з народа, а Бабарыка і Цапкала прапаноўвалі альтэрнатыву.
У сённяшніх дэмакратычных сіл у выгнанні нашмат менш такіх магчымасцяў. Людзі на зямлі проста не адчуваюць, што па той бок экрана, дзесьці ў Вільні ці ў Варшаве, лідары падзяляюць іх боль гэтак жа, як тыя, хто выступаў ад іх імені ў жніўні дваццатага года. Але гэта не значыць, што беларускім дэмакратам варта наогул унікаць і маўчаць з нагоды эканамічных тэмаў. Калі ўлада робіць памылкі менавіта ў гэтай галіне, то абсалютна лагічна казаць пра гэта як пра прыклады некампетэнтнасці сённяшняга беларускага рэжыму.
— Чаму для Лукашэнкі 7 лістапада ўсё яшчэ свята?
— Гэта цікавае пытанне, таму што дзень памяці Кастрычніцкай рэвалюцыі, а насамрэч дзень, калі баявыя атрады бальшавікоў зрынулі ўладу ў Петраградзе, — гэта дзень, які легітымізуе сілавое зрынанне законнай улады, то-бок тое, з чым сённяшняя беларуская прапаганда змагаецца актыўней за ўсё.
Беларуская ўлада культывуе сваю сакральнасць і няўхільнасць, і пры гэтым па ўсёй краіне сотні, калі не тысячы, вуліц названыя ў гонар сапраўдных бунтароў, «змагароў», калі хочаце, пачатку XX стагоддзя; людзей, якія спакойна выходзілі на несанкцыянаваныя акцыі, ладзілі сапраўдныя масавыя беспарадкі і не грэбавалі нават арганізацыяй сапраўдных тэрарыстычных актаў, чым потым ганарыліся ў сваіх мемуарах і кнігах пра гісторыю савецкай улады.
Лукашэнка вымушаны жыць з гэтай відавочнай супярэчнасцю, таму што ў яго няма іншай, несавецкай, крыніцы сваёй гістарычнай легітымнасці. Нават Крэмль даўно зразумеў, што трэба пашыраць свой гістарычны дыскурс, і ўжо шмат гадоў і Пуцін, і ягоныя ідэолагі праводзяць ланцужок паміж сённяшняй Расіяй, часам Расійскай імперыяй, а часам нават Кіеўскай Руссю, якія яны там у сябе называюць «Старажытнарускай дзяржавай». Пуцін адсылае нас да паходаў Пятра I 300-гадовай даўніны, калі тлумачыць, чаму ён забірае тую ці іншую вобласць Украіны.
Бальшавікоў жа ён, наадварот, крытыкуе як за зрынанне легітымнай улады, што цалкам упісваецца ў антыпратэсную палітыку Крамля, так і за тое, што яны дапусцілі федэралізацыю СССР і тым самым, на думку Пуціна, прывялі да таго, што ў дзевяностыя «ўскраіны імперыі» адчулі сябе незалежнымі дзяржавамі.
Лукашэнка ж не можа дазволіць сабе шукаць карані беларускай дзяржаўнасці дзесьці да бальшавіцкай Беларусі: у гэтым выпадку давядзецца прызнаць праўду пра тое, што ў Беларусі была шматвяковая еўрапейская гісторыя, перш чым яе паглынула Расія ў канцы XVIII стагоддзя. Акрамя таго, давядзецца прызнаць, што першы дзяржаўны праект у сённяшніх межах Беларусі быў не пад чырвоным або чырвона-зялёным сцягам, а пад бел-чырвона-белым сцягам у выглядзе БНР.
Цікава, што ўсе іншыя постсавецкія краіны, уключаючы дыктатуры Цэнтральнай Азіі, знайшлі сэнс у тым, каб шукаць сваю гістарычную ідэнтычнасць дзесьці глыбей, чым савецкая міфалогія. 7 лістапада адзначаецца на афіцыйным узроўні толькі ў Беларусі, і гэта невыпадкова: сістэма Лукашэнкі — гэта адзіны рэжым на постсавецкай прасторы, які ўсё яшчэ не можа парваць з гісторыяй бальшавізму, не можа атаясамліваць сябе з чымсьці іншым, таму што баіцца страціць і лагічныя асновы сваёй сённяшняй улады.