Анлайн-рытэйлер Lamoda, які працуе ў Расіі, Беларусі і Казахстане, змяніў уладальніка. Новым уласнікам кампаніі стаў Якаў Панчанка, які валодае расійскім «Стокманном», паведамляе ранейшы ўладальнік Lamoda, люксембургская Global Fashion Group (GFG). Увагу на ўгоду звярнуў Office Life.
Панчанка заплаціў за актывы Lamoda 95 млн еўра плюс кошт грашовых сродкаў, якія захоўваюцца ў бізнесе анлайн-рытэйлера станам на 30 верасня 2022 года.
GFG істотна скараціла імпарт, маркетынгавую актыўнасць і інвестыцыі ў Беларусі, Расіі, Украіне і Казахстане яшчэ ў красавіку 2022 года на фоне баявых дзеянняў ва Украіне.
Lamoda — адна з найбуйнейшых у СНД платформаў па продажы fashion-тавараў. Заснаваная ў 2011 годзе нямецкімі прадпрымальнікамі, з 2014 года належала GFG. Уваходзіць у рэйтынг Forbes «30 самых дарагіх кампаній Рунэту — 2022» з ацэнкай кошту 450 млн даляраў.