Міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч расказала пра падрабязнасці налічэння і выплаты бальнічных па новай схеме. Нагадаем, змены ўвядуць з 2024 года. Паводле міністра, з ключавых момантаў — захоўваецца норма па аплаце бальнічных па доглядзе дзіцяці ў сувязі з хваробай, дапамог па цяжарнасці і родах — гэта 100% з першага дня. Яшчэ з новага — прывязка велічыні аплаты да стажу, расказала Ірына Касцевіч у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1».
«Мы пайшлі на дыферэнцыяцыю прывязкі да працоўнага стажу з выплатай унёску ў Фонд сацыяльнай абароны, бо гэта страхавы выпадак — страта працаздольнасці. Прывязалі да стажу такім чынам, калі дзейная норма з першага дня цягам 12 дзён складае 80% ад заробку, а наступныя дні — 100%. Сёння мы прывязаліся да стажу. Кажам: калі ў цябе 10 гадоў і больш, з першага дня ты атрымаеш 100% ад свайго заробку, калі менш за 10 гадоў, то 80%. Справядліва? Справядліва ў прывязцы да стажу. Усё трэба зарабіць», — удакладніла Ірына Касцевіч.
Другая норма датычыць беларусаў, якія маюць дадатковую працу.
«Некаторыя беларусы сёння маюць асноўную працу і працуюць па сумяшчальніцтве, — удакладніла Ірына Касцевіч. — Прапануем выплачваць бальнічны па асноўнай працы, але база, з якой будзе выплачвацца бальнічны, будзе падсумоўвацца па ўсіх месцах працы. Разлік ад агульнай сумы, з якой выплачвалі ўнёскі, будзе ажыццяўляць фонд».
Такая цэнтралізацыя дапаможа пазбегнуць памылак з боку бухгалтарскіх службаў, лічыць міністр. Ірына Касцевіч таксама адзначыла, што змяняецца перыяд, з якога разлічваецца бальнічны. Паводле дзейнай нормы гэта 6 месяцаў, а будзе 18 месяцаў.
«Таму што ўбачылі нейкія крывыя схемы з боку асобных наймальнікаў», — сказала міністр. Паводле яе, гэта асабліва датычыць выплат па бальнічных па цяжарнасці і родах, калі штучна завышаецца заработная плата, каб выплаты былі вышэйшымі, зыходзячы з узроўню даходу за апошнія 6 месяцаў. «Таму ўведзеная такая справядлівая норма 18 месяцаў зноў жа для таго, каб забяспечыць гарантыі чалавека з боку наймальнікаў і дзяржавы», — заявіла Ірына Касцевіч.