У ЗША арыштавалі грамадзяніна Беларусі Сяргея Карпушкіна, якога абвінавачваюць у абыходзе санкцый у інтарэсах бізнесоўца Сяргея Курчанкі, паведамляе амерыканскі Мінюст.
«46-гадовы Сяргей Карпушкін з Маямі, грамадзянін Беларусі, быў арыштаваны і абвінавачаны федэральным крымінальным судом ва ўдзеле ў схеме парушэння санкцый ЗША супраць алігарха Сяргея Курчанкі і дзвюх звязаных з ім кампаній шляхам куплі матэрыялаў для вытворчасці сталі на суму больш за 150 мільёнаў даляраў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
Згодна з матэрыяламі абвінавачання, у 2015 годзе ўкраінскі бізнесовец Сяргей Курчанка трапіў пад санкцыі Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША за ягоную ролю ў незаконным прысваенні ўкраінскіх дзяржаўных актываў або эканамічна значных арганізацый.
Дзве кампаніі, якія трапілі пад санкцыі — ТАА «Кампанія Газ-Альянс» (Газ-Альянс), зарэгістраванае ў Расіі, і ЗАТ «Знешгандальсэрвіс» (Знешгандальсэрвіс), зарэгістраванае ў непрызнанай Паўднёвай Асеціі, — былі ўключаныя ў санкцыйны спіс ЗША ў 2018 годзе за аказанне матэрыяльнай падтрымкі так званым Данецкай Народнай Рэспубліцы і Луганскай Народнай Рэспубліцы.
Як паведаміў Мінюст, меркаваны суўдзельнік Карпушкіна, 41-гадовы Джон Унсалан з Арланда, быў абвінавачаны федэральным вялікім журы па той жа схеме 12 красавіка і быў арыштаваны 14 красавіка па аналагічных абвінавачаннях.
Карпушкіну пагражае да 20 гадоў зняволення.