Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  2. Аздаравіў за мяжой сотні тысяч дзяцей, але сам памёр ад лейкеміі. Гісторыя чалавека, які ратаваў беларусаў ад наступстваў Чарнобыля
  3. Трамп: Может быть Путин «не хочет останавливать войну, он просто тянет меня за собой, и с ним нужно поступить по-другому»
  4. Вскоре подорожают некоторые жилищно-коммунальные услуги
  5. Раман Пратасевіч, які не мог знайсці працу, усё ж знайшоў крыніцу заробку
  6. Россия планирует изменить тактику для нового наступления в Украине летом и осенью 2025 года — ISW
  7. Для владельцев транспорта ввели очередное изменение — подробности
  8. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  9. «Велізарная супярэчнасць». Чаму Літва, Латвія і Польшча не маюць рацыі, адмаўляючыся запускаць у Беларусь пасажырскія цягнікі. Меркаванне
  10. Ситуация с курсом доллара в обменниках начала меняться
  11. Беларусы ацанілі спробу ўладаў прымусіць іх перастаць абмяркоўваць прыезд пакістанцаў. Атрымалася сумна і трапна
  12. Прадстаўнікі Ціханоўскай і Лукашэнкі перасекліся ў Ватыкане. Спыталі, пра што яны гаварылі
  13. «Дарожнымі знакамі абазначацца не будуць». У ДАІ з'явіліся новыя сістэмы фіксацыі — парушальнікі атрымаюць «лісты шчасця»
Читать по-русски


Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 9 траўня апублікавала відэазварот да беларусаў з нагоды Дня Перамогі. Яна выказалася пра тое, як замест таго, каб захоўваць і шанаваць сапраўдную памяць пра падзеі Другой сусветнай вайны і памятаць яе ўрокі, кіраўнікі Беларусі і Расіі за шмат гадоў свайго знаходжання ва ўладзе цалкам перакруцілі гэтую памяць, выкарыстоўваючы яе ў сваіх мэтах — аж да апраўдання новай вайны.

Светлана Тихановская в обращении 9 мая 2023 года. Скриншот видео
Святлана Ціханоўская ў звароце 9 траўня 2023 года. Скрыншот відэа

«9 траўня 1945 года беларусы разам з іншымі народамі святкавалі перамогу над гітлераўскай кааліцыяй. Мы ўсе ведаем гэтую гісторыю. Мы вучылі яе ў школе, шмат разоў чулі ад нашых бабуляў і дзядуляў. З дзяцінства нам казалі, што гісторыю не перапісаць, — кажа палітык.

— І вось прайшло 78 гадоў. Здавалася б, людзі мусілі зразумець і ўсвядоміць каштоўнасць міру. Але не, ужо больш за год ідзе жорсткая вайна, якую развязала Расія супраць Украіны. Нашая краіна насуперак волі народа і толькі праз жаданне Лукашэнкі ўдзельнічае ў гэтай вайне на баку агрэсара, дае сваю тэрыторыю для атакі, дазваляе размяшчаць і вучыць тут расійскіх салдат. Расійскія ўлады напалі на суседа, назваўшы ўкраінцаў нацыстамі, хоць украінцы абараняюць свой дом ад тых, хто вырашыў, што ўкраінская нацыя не мусіць існаваць.

Адначасова з гэтым беларускія сілавікі і прапагандысты называюць усіх, хто не згодны з Лукашэнкам, „БЧБ-фашыстамі“. Каб апраўдаць гвалт, рэпрэсіі, вайну, яны вешаюць цэтлікі нацыстаў і фашыстаў на ўсіх, хто ім супрацьстаіць. Насамрэч гэта рэжым робіць тое самае, што і нацысты, якія катавалі людзей у канцлагерах і пераследавалі за іншадумства.

Што адбылося з сапраўднымі нацыстамі, якіх перамаглі ў 1945-м? Германія прызнала свае памылкі і за гэтыя 78 гадоў расплацілася за іх цалкам. Менавіта Германія стала першай краінай, дзе палітычны рэжым прайшоў праз трыбунал у Нюрнбергу. Немцы прайшлі праз праграму навучання дэмакратыі і па пераадоленні досведу нацызму. І цяпер Германія імкліва развіваецца і ёсць адной з самых перадавых краін свету.

А што краіны-пераможцы?

Беларусь прынесла велізарную ахвяру для гэтай перамогі, але кіраўнікі СССР, а пазней Лукашэнка не зрабілі высноваў з вайны і працягнулі эксплуатаваць памяць пра яе для сваіх мэтаў — для апраўдання рэпрэсій, для войнаў і для таго, каб замаскаваць свае правалы ў эканоміцы. Пуцін і Лукашэнка дзесяцігоддзямі эксплуатуюць тэму перамогі ў Другой сусветнай, цалкам перакруціўшы сутнасць гэтага дня і стварыўшы „победобесие“. Мой прадзед Афанасій, які дайшоў да Берліна, быў бы ў жаху, даведаўшыся, што Дзень Перамогі з дня „ніколі больш“ ператварыўся ў кашмарнае „можам паўтарыць“.

І яны паўтараюць. Яны паўтараюць блакаду Ленінграда, беручы ў аблогу і знішчаючы Марыупаль. Яны паўтараюць Сталінград, атакуючы Бахмут месяцамі. Яны паўтараюць злачынствы нацыстаў у сотнях гарадоў і вёсак, забіваючы і гвалтуючы людзей у Бучы, Ірпені і Барадзянцы.

9 траўня 1945 года — гэта не толькі дзень памяці ў гісторыі чалавецтва. Гэта яшчэ і стартавы пункт, які ўсе краіны — удзельніцы вайны выкарыстоўвалі для таго, каб больш не ваяваць, а будаваць багатыя і развітыя дзяржавы. І толькі дыктатары выкарыстоўвалі яе для таго, каб загразнуць у крызісе і пачаць новую жахлівую вайну.

Але мы — беларусы. І ў нашага народа ўсё яшчэ ёсць выбар. Які шлях развіцця нам бліжэйшы? Рэпрэсіі, войны, крызіс, міжнародныя ваенныя злачынствы, перапісванне гісторыі, вымыванне найлепшых спецыялістаў — ці ўсё ж такі свабода, інтэграцыя ў еўрапейскую эканоміку, рост узроўню жыцця, годныя зарплаты і пенсіі, магчымасць свабодна падарожнічаць па свеце, інвестыцыі ўсяго цывілізаванага свету ў нашую краіну?

Ніхто, акрамя нас, не зробіць гэты выбар. І толькі зрабіўшы яго, мы зможам пабудаваць краіну, пра якую марым. Краіну, якая будзе шанаваць памяць, а не перайначваць яе. Краіну, якая будзе паважаць людзей і рабіць усё, каб яны жылі як таго заслугоўваюць», — падкрэсліла Святлана Ціханоўская.