Улады Венгрыі не пусцілі ў краіну прапагандыстку тэлеканала СТБ Надзею Сас. Яе спынілі ў аэрапорце, пратрымалі ноч у цэнтры часовага ўтрымання і адправілі назад у Беларусь. Пра гэта прапагандыстка сама расказала ў сваёй перадачы «Сасс уполномочен заявить».
Венгрыю Сас наведвала для таго, каб зняць сюжэт пра амерыканскага фінансіста, заснавальніка фонду «Адкрытае грамадства» Джорджа Сораса, які нарадзіўся ў Будапешце. Аднак прапагандыстку ў краіну не пусцілі.
— Аказалася, што цяперашнія венгерскія ўлады насуперак сваёй афіцыйнай рыторыцы праекта «Сасс уполномочен заявить» баяцца больш, чым самога Сораса, якому ўезд у Венгрыю не закрылі, — абурылася Сас.
На думку прапагандысткі, «венгерскія спецслужбы відавочна не без падказкі заакіянскіх куратараў зрабілі ўсё магчымае, каб сарваць падрыхтоўку» яе праграмы. Сас падкрэсліла, што ёй зладзілі ператрус і «ўсялякія праверкі проста ў аэрапорце Будапешта, у выніку закрыўшы ўезд у Венгрыю і дэпартаваўшы».
— Адзначу, што ноч перад дэпартацыяй я прабавіла ў суправаджэнні венгерскай паліцыі ў аэрапорце. У цэнтры часовага ўтрымання, — паскардзілася Сас.
Хто такая Надзея Сас
Надзея Сас і яе муж Алег Валошын пераехалі з Украіны ў Беларусь у 2022 годзе, за 11 дзён да ўварвання расійскіх войскаў, пісала раней «Наша Ніва». Цяпер яна вядзе палітычнае шоу на СТБ «Сасс уполномочен заявить», у якое запрашае беларускіх і расійскіх прапагандыстаў, а яе мужа, дэпутата Вярхоўнай рады Алега Валошына, на радзіме падазраюць у дзяржаўнай здрадзе.