Нацбанк хоча ўнесці змены па крэдытных гісторыях беларусаў. Рэгулятар выступае за тое, каб у яе пачалі ўключаць звесткі пра ўзятыя ў растэрміноўку тавары. Такая прапанова прысутнічае ў праекце змяненняў па крэдытных гісторыях, дакумент унеслі на разгляд парламента.
Што за крэдытная гісторыя і навошта яна патрэбная
У 2015 годзе Нацбанк запусціў крэдытны рэйтынг насельніцтва. Рэгулятар пачаў выстаўляць адзнакі тым, хто хоча ўзяць крэдыт. Грунтуючыся на іх, крэдытаатрымальнікаў размяркоўваюць па катэгорыях ад А1 (ідэальны пазычальнік) да E3 (чалавек, якому крэдыту лепш не даваць). Прымаючы рашэнне наконт выдачы крэдыту, банкі арыентуюцца сярод іншага і на гэтыя катэгорыі. Таксама ўлічваецца, ці не было пратэрмінаваных плацяжоў па крэдытах, ці ёсць у чалавека іншыя пазыкі, ці не выступае ён паручальнікам у кагосьці іншага.
У крэдытную гісторыю ўключаюць сярод іншага інфармацыю пра крэдыты, дамовы пазыкі, лізінгу.
Што прапануе змяніць Нацбанк
У крэдытную гісторыю хочуць уключаць інфармацыю пра адтэрміноўкі ці растэрміноўкі па аплаце тавараў і паслуг у гандлёвых сетках, у мабільных аператараў. Раней Нацбанк размяшчаў законапраект з такімі прапановамі на грамадскае абмеркаванне. Тады рэгулятар тлумачыў, што гэтае патрабаванне, калі яго ўвядуць, закране ў тым ліку мабільных аператараў, а таксама такі буйны анлайн-гіпермаркет, як 21vek.by. Як сцвярджаў Нацбанк, гэтыя кампаніі «выказвалі сваю зацікаўленасць у перадачы звестак у крэдытны рэгістр».
Таксама Нацбанк хоча ўвесці магчымасць даваць крэдытную справаздачу ў выпадку смерці фізасобы яе спадчынніку. Яшчэ рэгулятар прапануе канкрэтызаваць механізм адклікання згоды суб’екта крэдытнай гісторыі на перадачу Нацбанкам карыстальніку крэдытнай гісторыі яго крэдытнай справаздачы.
Чытайце таксама