Беларусы кінуліся скупляць валюту. На гэтым фоне «Люстэрка» даведалася ў банках, якая цяпер сітуацыя з наяўнасцю даляраў і еўра ў абменніках, ці трэба папярэдне падаваць заяўку, калі купляць ад 1000 да 5000 у амерыканскай або еўрапейскай валюце. Нагадаем, яшчэ мінулым летам купля і атрыманне наяўных еўра былі падобныя да квэсту: праз санкцыі і іншыя абмежаванні ўвоз наяўных звёўся да мінімуму, а банкі прадавалі ў асноўным тую валюту, якую здалі кліенты.
Па куплю валюты «Белгазпрамбанк» адпраўляе кліентаў адразу ў аддзяленне, пад заказ неабходную суму ўстанова не фармуе. Таксама нельга патэлефанаваць у канкрэтнае аддзяленне, каб даведацца, ці ёсць там неабходная сума ў далярах ці еўра.
«Удакладніць інфармацыю пра наяўнасць сумы ў аддзяленні вы можаце толькі пры непасрэдным звароце. Звяртацца трэба будзе з пашпартам», — паведаміў кансультант.
Супрацоўнік адзначыў, што цяпер іх аддзяленні працуюць з валютай «з абароту» — калі людзі здаюць даляры і еўра ў банк, таксама іх касы «падмацоўваюць валютай». Аднак няма гарантыі, што патрэбная кліенту сума будзе ў наяўнасці ў касе, калі ён туды прыйдзе.
Кансультантка «Белінвестбанка» паведаміла па тэлефоне аналагічную інфармацыю — на правядзенне валютна-абменных аперацый запісу няма, для куплі валюты трэба звяртацца непасрэдна ў аддзяленне, патэлефанаваць туды нельга. Дзяўчына не магла падказаць, якое аддзяленне «больш прахадное» па валюце, каб пры звароце туды было больш шанцаў набыць патрэбную суму.
— Аддзяленні працуюць з валютай ад патоку (грошы, якія прыносяць здаваць кліенты. — Заўв. рэд.), але касы таксама падмацоўваюцца дадатковымі грашыма. Памятаеце, што для здзяйснення аперацыі супрацоўнік банка можа запатрабаваць у вас дакумент, які сведчыць асобу, — расказала кансультантка.
Нельга запісацца ў чаргу на куплю валюты ў «Прыёрбанку», таксама няма магчымасці ўдакладніць у аддзяленнях, ці ёсць у іх патрэбная кліенту сума ў далярах ці еўра.
— Калі вы плануеце валютна-абменную аперацыю рабіць у нашым банку, раю вам звярнуцца ў нашае буйное аддзяленне на вуліцы Крапоткіна ў Мінску, — параіў супрацоўнік банка.
Мужчына дадаў, што іх касы цяпер прадаюць тую валюту, якую раней здалі фізасобы, выключэнне ёсць толькі для кліентаў «Прыёрбанка».
— Напрыклад, наш кліент хоча закрыць рахунак, зняць з яго ўсе грошы і атрымаць іх у валюце. Калі ў касе сумы недастаткова, то тады спецыяльна для гэтага кліента патрэбную суму заказваюць і дастаўляюць у банк. Усе іншыя валютна-абменныя аперацыі ажыццяўляюцца па факце звароту ў банк.
У кол-цэнтры «Беларусбанка» паведамілі, што ў іх установе заказ сродкаў па валютна-абменных аперацыях не прадугледжаны. Абмяняць валюту можна ў аддзяленні банка, але толькі ў выпадку, калі патрэбная сума там ёсць. Пры гэтым кол-цэнтр не можа падказаць, у якім аддзяленні ёсць неабходная сума ў валюце, у якіх яна наміналах, — усё гэта трэба ўдакладняць непасрэдна ў аддзяленні банка ў парадку чаргі.
— Я магу вам даць нумар тэлефона канкрэтнага аддзялення, але вам не скажуць па тэлефоне, якая ў іх ёсць сума ў валюце. Па гэтыя звесткі вам трэба ісці проста ў банк, — дадала па тэлефоне кансультантка «Беларусбанка».
Аднак інфармацыю пра наяўнасць валюты ў аддзяленні банка ў сталічным мікрараёне Зялёны Луг нам паведамілі. На момант званка ў касе было каля 5000 даляраў, еўра не было наогул.
— Але не факт, што гэтыя грошы будуць у той момант, калі вы прыйдзеце, можа, іх ужо хтосьці купіць. Пад заказ кліентаў валюту мы не пакідаем, — паведаміла касірка аддзялення.
У кантакт-цэнтры «Белаграпрамбанка» таксама няма інфармацыі пра наяўнасць замежнай валюты ў падраздзяленнях і няма магчымасці загадзя замовіць пэўную суму. Праўда, супрацоўніца паведаміла, што ў іх банкаматах з любой карткі беларускага банка можна зняць валюту ЗША (пры яе наяўнасці ў апараце), за адну аперацыю машына выдасць 200 даляраў. Па падрабязнейшую інфармацыю кансультантка параіла звярнуцца ў аддзяленне банка.
— На гэты момант у нас дастаткова валюты. Калі вас задаволіць наш курс (сёння 1 еўра каштуе 3,479 рубля), то прыязджайце, ёсць еўра і даляры. Толькі на куплю вялікай сумы (звыш 1000 базавых велічынь, на сёння гэта 37 000 рублёў. — Заўв. рэд.) мы папросім у вас пашпарт і дакумент, які пацвярджае крыніцу даходу, без гэтага мы адмовім у аперацыі, — адказалі ў аддзяленні «Белаграпрамбанка» на вуліцы Раманаўская Слабада ў Мінску.
У банку растлумачылі, што, напрыклад, калі крыніца даходу — сума ад продажу аўтамабіля, то трэба прывезці дамову куплі-продажу, у банку з яго здымуць копію.
Таксама ва ўсіх банках паведамілі, што падчас правядзення фінансавых аперацый у суме ад 1000 базавых велічынь (на сёння гэта 37 000 рублёў) трэба абавязкова паказваць дакумент, які сведчыць асобу. Часам касір можа запатрабаваць дакумент, які сведчыць асобу, пры аперацыях ад 100 базавых велічынь (3700 рублёў).
Чытайце таксама