З 3 чэрвеня ўрад Літвы ўвёў новы пералік тавараў, якія забаронена імпартаваць з Беларусі і Расіі. Праз гэтыя санкцыі на літоўскай мяжы перапалох — людзі паведамляюць, што ў літоўскіх пунктах пропуску ім прапануюць выкідваць прадукты, напоі, цыгарэты і іншыя тавары (нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе). «Люстэрка» патэлефанавала ў мытню Літвы, каб падрабязней даведацца пра новыя меры.
Якія тавары пад абмежаваннямі
У спісе забароненай прадукцыі з Беларусі і Расіі аказалася больш за 2800 пазіцый, гэта тавары 24 груп, сярод іх — жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, збожжавыя, крупы, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя. Урад Літвы прычынай такога рашэння назваў магчымую шкоду літоўскім вытворцам, бо ў краіне няма альтэрнатывы гэтаму імпарту.
На сайце літоўскай мытні з’явіўся больш падрабязны спіс забароненых для ўвозу ў краіну тавараў. Да прыкладу, у ім ёсць цукар і цукровыя кандытарскія вырабы, крухмал, тытунь і перапрацаваныя заменнікі тытуню, алкаголь.
«Пастановай урада забаронены ўвоз названай прадукцыі з Расіі і Беларусі, аднак яе транзіт праз тэрыторыю Літвы не забаронены», — паведамляе літоўская мытня. Пры гэтым не гаворыцца, датычыць гэтае абмежаванне толькі юрыдычных асоб або таксама фізічных.
Што кажуць падарожнікі і літоўскія мытнікі пра сітуацыю на мяжы
Мінулай ноччу ў чатах па перасячэнні мяжы, дзе камунікуюць падарожнікі, людзі пачалі паведамляць, што на літоўскіх пунктах пропуску іх багаж вельмі старанна правяраюць і просяць выкінуць практычна ўсе прадукты, якія яны вязуць. Прычым не толькі беларускай і расійскай вытворчасці, але і імпартныя. Былі таксама паведамленні пра тое, што просяць пазбавіцца нават ад невялікай колькасці шакаладных батончыкаў, напояў, якія людзі бралі з сабой у дарогу, а таксама тавараў, набытых у крамах Duty Free. Таксама беларусы пісалі, што іх прасілі выкінуць медыкаменты, хоць у новым пераліку гэтай пазіцыі няма.
Нагадаем, па ўвозе тавараў у ЕС (у тым ліку ў Літву) і раней былі абмежаванні. Да прыкладу, нельга было ўвозіць мяса, у якой бы ўпакоўцы яно ні было, у тым ліку вакуумнай. Што да лекаў, то ў Літву без рэцэпту або даведкі доктара з трэцяй краіны можна было ўвезці пэўную колькасць медпрэпаратаў — не больш за 10 упаковак лекаў на адну паездку ў Літву. Паводле правілаў гэтую колькасць дазваляецца ўвозіць толькі адзін раз на месяц. Але калі чалавек часта ездзіць у Літву (да прыкладу, па працы ці іншай паважлівай прычыне), то за месяц можна ўвезці да 40 упаковак лекаў. У гэтым выпадку мытнікі могуць папрасіць дакумент, які пацвярджае, што чалавек часта ездзіць менавіта з паважлівай прычыны.
«Мытнік вельмі старанна вывучыў змесціва машыны. Перавярнуў усе сумкі. Усю ежу, напоі, ваду, алка сказаў утылізаваць у кантэйнер. Сказаў, 3 чэрвеня закон выйшаў. Я кажу, дык ноччу толькі даведаліся пра гэта. А ён кажа, маўляў, трэба цікавіцца законамі краіны, у якую заязджаеце», — напісаў у адным з чатаў у Telegram аўтамабіліст.
«Дазволілі пакінуць бутэльку вады 0,5 літра і паўпачка цыгарэт», — паведаміў яшчэ адзін турыст.
«Калі ў вас 0,5 вады ў бутэльцы або паўпачка цыгарэт, то могуць пакінуць. У мяне была прадукцыя з Літвы, яе таксама выкідаюць. На пытанне чаму адказалі — бо яна пабывала ў Беларусі. І без розніцы, што яе рабілі ў Еўропе. Па алкаголі: калі ён з самой Грузіі, то везці можна, а той, што з шопаў (Duty Free. — Заўв. рэд.) — нельга, бо Беларусь атрымлівала яго па накладных і рабіла нацэнку і акцызы, як я зразумеў. Я вярнуўся зноў да пытання прадукцыі, набытай у Літве, маўляў, тут нацэнкі няма. Ён [мытнік] сказаў, што вы тады павінныя выплаціць пошліну. З нагоды правозу ежы транзітам — мусіць быць дакумент, які пацвярджае транзіт», — расказаў яшчэ адзін мужчына, які сёння заязджаў у Літву.
Дарэчы, калі гаворка пра транзіт, то ў некаторых выпадках людзі, якія паказвалі білеты на самалёт з вылетам з Літвы і бронь гатэля ў іншых краінах, сапраўды праязджалі з забароненымі таварамі. Але так шанцавала не ўсім — часам транзітчыкаў прасілі пазбавіцца ад тавараў, якія былі ў іх з сабой.
«Люстэрка» звярнулася па тлумачэнні ў кантакт-цэнтр мытні Літвы, аднак там не змаглі паведаміць пра тое, як дзейнічае новы закон — датычыць ён толькі юрыдычных асоб або таксама фізічных.
— Магу вам сказаць толькі ягоны нумар, больш нічога, ніякіх каментароў, — адказаў супрацоўнік мытні.
Нагадаем, напярэдадні Мінск пашырыў абмежаванні для імпарту тавараў з некаторых «недружалюбных» краін. Гэта закранула ў тым ліку чэшскае і эстонскае піва і сталовы посуд з балтыйскіх краін і Польшчы. Пры гэтым мінералку нельга будзе ўвозіць ні з адной з «недружалюбных» дзяржаваў. Абмежаванні запрацавалі з 3 чэрвеня.
(Будзе дапоўнена).
Выехаць з Беларусі ўсё складаней, правілы пастаянна мяняюцца, а ахвочых, падобна, не становіцца менш. «Люстэрка» ўважліва сочыць за сітуацыяй на беларускіх межах і здабывае актуальную проста цяпер інфармацыю.
Падтрымайце рэдакцыю
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.