Улады ўнеслі змяненні ў Крымінальны кодэкс Беларусі. Яны датычаць тых, хто мае доступ да дзяржаўных сакрэтаў. Гэта вынікае з апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале закона, якім уносяцца папраўкі ў тым ліку ў КК.
У прыватнасці, уносяцца папраўкі ў ч. 2 арт. 375−2 (Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў) КК Беларусі. Раней у ім ішла гаворка пра наўмыснае незаконнае перамяшчэнне «носьбіта дзяржаўных сакрэтаў» за межы Беларусі.
Мяркуючы з усяго, трактаваць гэтую фармулёўку можна было шырока — напрыклад, гаворка магла ісці пра электронны носьбіт інфармацыі — флэшку або дыск, магчыма, таму ўлады вырашылі яе ўдакладніць.
Цяпер ч. 2 арт. 375−2 гучыць так: «Незаконны выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які ведае дзяржаўную таямніцу і права якога на выезд з Рэспублікі Беларусь заведама для яго часова абмежаванае ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, <…>, — караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той самы тэрмін».
У выпадку ж, калі выезд чалавека, што мае доступ да дзяржаўных сакрэтаў, прывядзе да цяжкіх наступстваў, за гэта прадугледжваецца да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Гэтыя змяненні ўступаюць у сілу праз 10 дзён.
Нагадаем, раней бюджэтнікам і чыноўнікам забаранілі выязджаць за мяжу без дазволу кіраўніцтва.