Для чыноўнікаў у Беларусі ёсць асобны медцэнтр. Узначальвае яго меркаваная маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі, цяпер сенатарка Ірына Абельская. Ва ўстанове бясплатна абслугоўваюць дзяржслужбоўцаў і тых, хто «зрабіў значны ўклад у развіццё дзяржавы». Простым беларусам трапіць на прыём можна толькі за грошы. Як лечаць чыноўнікаў, ці вялікія там чэргі і якое абсталяванне? Пра гэта «Люстэрка» паразмаўляла з былым супрацоўнікам Адміністрацыі Лукашэнкі.
Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі.
«Пакуль нехта пачынае кар’еру са „старшыны“, у Адміністрацыі ты адразу робішся „капітанам“»
Дзесяць гадоў Дзмітрый працаваў у арганізацыі, якая ўваходзіць у структуру Адміністрацыі Лукашэнкі. За гэты час суразмоўца «Люстэрка» ў службовай іерархіі дарос да ўзроўню дзяржаўнага службоўца трэцяга класа.
— Калі параўноўваць з войскам, то трэці клас дзяржаўнага службоўца адпавядае сярэдняму афіцэрскаму званню, прыкладна маёрскаму, — тлумачыць Дзмітрый. — Цікава, што класы супрацоўнікаў Адміністрацыі Лукашэнкі (а яшчэ Савета бяспекі і падобных у плане значнасці структур) пачынаюцца з чацвёртага. У міністэрствах — з шостага, у МЗС — з сёмага, а чыноўнікі ў рэгіёнах паўзуць з апошняга, дзявятага, класа. То-бок пакуль нехта пачынае кар’еру са «старшыны», ты прыходзіш на працу ў Адміністрацыю і адразу робішся «капітанам».
Адна з «плюшак» такога высокага службовага становішча — магчымасць абслугоўвання ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
— Упэўнены, вашым чытачам таксама знаёмая гэтая ўстанова. У народзе яе называюць лячэбнай камісіяй (або лечкамісіяй), а чыноўнікі выкарыстоўваюць карацейшую назву — «лечка», — дзеліцца Дзмітрый.
«Лечка» з’явілася ў Мінску ў 1931 годзе і да 2018-га працавала ў квартале вуліц Чырвонаармейскай, Энгельса і Ульянаўскай. У медцэнтры была паліклініка, стацыянар, шматпрофільнае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, аддзяленне хуткай дапамогі і дыягнастычныя службы. Тут абслугоўвалі найвышэйшых службовых асобаў, выбітных дзеячаў культуры, мастацтва, спорту і грамадзян, якія маюць ганаровыя званні і ўзнагароды. Пазней туды маглі трапіць і звычайныя беларусы. Праўда, платна. З 2001 да 2007 года, а потым з 2009 года кіраўніком лечкамісіі была меркаваная маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская.
У 2018 годзе лечкамісія пераехала ў Ждановічы (будаўніцтва абышлося ў 100 мільёнаў даляраў). А медцэнтр на Чырвонаармейскай перадалі гораду. На канец 2017 года, дарэчы, на ўліку ў лечкамісіі стаяла каля шасці тысяч дзяржслужбоўцаў.
— Стары будынак быў не ў найлепшым стане праз узрост, — успамінае экс-чыноўнік. — Там пакінулі ўсё абсталяванне ад «лечкі» — у новы ўсё закуплялася з нуля. Яшчэ там засталася частка спецыялістаў, не ўсе захацелі працаваць у Ждановічах.
Цікава, што ў адным са старых карпусоў Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра, хутчэй за ўсё, з’явіцца яшчэ адна, 18-я, рэзідэнцыя Лукашэнкі. Пра гэта ў верасні мінулага года расказваў BELPOL.
Пасля пераезду ў клінікі з’явіўся новы сайт. Наш суразмоўца звяртае ўвагу на яго назву — vip-clinic.by.
— То-бок падкрэсліваецца, што гэта клініка для вельмі важных персон, — кажа ён. — Так, спачатку там планавалі абслугоўваць толькі найвышэйшых чыноўнікаў узроўню прэзідэнта, прэм’ера, міністраў. Але потым аказалася, што лечкамісія пустуе — дактары сядзяць без нагрузкі, прастойвае абсталяванне. Тады ў лечкамісіі дазволілі абслугоўвацца супрацоўнікам узроўню начальнікаў упраўленняў і аддзелаў. А потым — усім чыноўнікам з арганізацый найвышэйшага звяна, яны яшчэ называюцца рэспубліканскімі органамі грамадзянскага кіравання (скарочана — РОГК). І так колькасць пацыентаў вырасла да пяці тысяч чалавек. У старой «лечцы», напрыклад, абслугоўвалі 17 тысяч.
«Пасля лечкамісіі мне страшна ісці ў звычайную клініку»
Дзмітрый прызнаецца, што за ўсе дзесяць гадоў працы на дзяржаўнай службе ён не карыстаўся паслугамі звычайных установаў аховы здароўя і лячыўся толькі ў клініцы для чыноўнікаў. Таму, адзначае, яму складана казаць пра адрозненні лечкамісіі ад паліклінік для звычайных грамадзян.
— Я разумею, што гэта гучыць дзіўна, але вось так яно было, — уздыхаючы, кажа мужчына. — Напрыклад, я ведаю, што ў звычайных клініках бываюць вялікія чэргі і талон да доктара можна атрымаць на дату толькі праз паўтара-два месяцы пасля звароту. У «лечцы» гэты тэрмін быў меншы — звычайна доктар прымае на гэтым альбо наступным тыдні. А калі нешта тэрміновае, то ў той жа дзень можна прыйсці без праблем. Чэргі былі толькі да стаматолага. Прызнаюся шчыра, пасля лечкамісіі мне страшна ісці ў звычайную клініку.
Яшчэ адно адрозненне звычайных бальніц і чыноўніцкай клінікі, паводле назіранняў Дзмітрыя, заключаецца ў розных падыходах да рэабілітацыі пацыентаў пасля складаных захворванняў і аперацый.
— У нас медыцына для шараговых грамадзян на гэта вельмі моцна пакутуе, — адзначае Дзмітрый. — Напрыклад, пасля вывіху або інсульту цябе вылечаць, вядома. Але вось з працэдурамі аднаўлення — масажы, віхравыя ванны, лекавая фізкультура, шведскія сценкі, мячы, медыцынскія бегавыя дарожкі — ва ўстановах для грамадзян усё вельмі кепска. А ў «лечцы» з гэтым наогул праблем няма. Найвышэйшыя чыноўнікі могуць хадзіць туды проста так, каб пазаймацца фізіятэрапіяй.
Паслугі лечкамісіі звычайныя беларусы могуць атрымаць платна. Але, паводле Дзмітрыя, нават за грошы шараговыя пацыенты не могуць разлічваць на той жа ўзровень медыцыны і сэрвісу, якія даступныя чыноўнікам бясплатна.
— У «лечцы» чыноўнікі дзеляцца на два няроўныя класы — «віпы» і ўсе астатнія, — адзначае наш суразмоўца. — Да першых адносяцца найвышэйшыя службовыя асобы кшталту прэм’ера ці генерала Карпянкова (гаворка пра намесніка міністра ўнутраных справаў, генерала-маёра Мікалая Карпянкова. — Заўв. рэд.). Усе астатнія — гэта чыноўнікі, прымацаваныя да віп-клінікі, і шараговыя грамадзяне, якія лечацца платна. Там ты проста знаходзішся ў нармальнай па еўрапейскіх мерках клініцы. Усё адносна на найвышэйшым узроўні, вакол сасновы лес. Ты спакойна чакаеш сваёй чаргі, і дактары з табой нармальна размаўляюць. Вобразна кажучы, усё адбываецца так, як яно мусіць быць у нармальнай медыцыне. Але калі ты службовая асоба высокага ўзроўню, то цябе пад ручку заўсёды будзе вадзіць медсястра, і там у цябе больш магчымасцяў. Калі, напрыклад, хочаш запісацца на масаж, то зробіш гэта без праблем.
— Яшчэ мяне ўразіла мэбля ў палатах «лечкі». Пацыенты ляжаць у артапедычных ложках, якія абсталяваныя электронікай, што рэгулюе становішча цела, — працягвае Дзмітрый. — У звычайных бальніцах гэта, як правіла, прымітыўныя механізмы: трэба ўстаць, зразумець механізм і наладзіць пад сябе. А ў лечкамісіі ўсё робіцца кнопкай, і ты можаш рэгуляваць вышыню галавы, ног. Як у добрых еўрапейскіх бальніцах. Зразумела, што ў «лечцы» стаіць самае сучаснае медыцынскае абсталяванне. Але ўразіла мяне іншае. Як у нас у звычайных бальніцах падлогі мыюць? Металічнае вядро, ануча, драўляная швабра. І вада з хлоркай. А там для гэтага ёсць спецыяльная італьянская машына. І яшчэ ёсць віп-палаты для Лукашэнкі. Не ўпэўнены, ці даступныя яны найвышэйшым чыноўнікам, але яго сыны дакладна могуць імі карыстацца.
«Раілі нават не глядзець у яго бок, гэта ж цэлы прэм’ер-міністр»
Наведваючы лечкамісію, Дзмітрый часам перасякаўся з чыноўнікамі высокага ўзроўню. Аднойчы сустрэў прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку. Праўда, пагаварыць з другой асобай краіны Дзмітрыю не ўдалося.
— Раілі нават не глядзець у яго бок, гэта ж цэлы прэм’ер-міністр! — смяецца мужчына.
У калідорах лечкамісіі наш суразмоўца сустракаў і галоўную доктарку Ірыну Абельскую.
— Яна была «пры выкананні», то-бок працавала, калі я яе бачыў, — успамінае Дзмітрый. — Аднойчы я стаў сведкам спрэчкі Абельскай з адным з дактароў, які спрабаваў уладкаваць у клініку нейкага свайго сваяка. Ірына на яго наехала са словамі: «Вы ж ведаеце, якія ў нас тут пацыенты, мы проста так з вуліцы браць не можам». Мне яна падалася вельмі спакойнай і акуратнай жанчынай.
Увесну 2022 года ў клініцы Дзмітрый бачыў беларускіх чыноўнікаў, якія вярнуліся з Украіны за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Кажа, тыя скардзіліся на праблемы падчас выезду з Украіны.
— Яны расказвалі пра свае прыгоды, як яны выбіраліся ў 20-х днях лютага 2022-га. Скардзіліся, што ўкраінцы ўжо разумелі, што будзе ўварванне, і нічога не саромеліся, — пераказвае Дзмітрый словы прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі ва Украіне. — Запомнілася гісторыя пра тое, як украінская паліцыя іх тармазіла і патрабавала 400 еўра за праезд. Нашыя скідваліся і плацілі.
«Ад кавіду на дзяржслужбе паміралі, але не тыя, хто ляжаў у „лечцы“»
Падчас пандэміі каранавіруса Дзмітрый двойчы наведваў лечкамісію. Кажа, што з першых дзён эпідэміі ў віп-клініцы ўсё было абсталявана паводле найвышэйшых стандартаў.
— Шчыра, я не ведаю, як ішлі справы ў звычайных бальніцах, але ў лечкамісіі адразу ўсё было паводле стандартаў, як трэба, — дактары былі ў спецыяльных касцюмах, — кажа ён. — А калі стала зразумела, што ўсё сур’ёзна, то для прыёму пацыентаў абсталявалі спецыяльны блок з асобным уваходам. Там дактары надзявалі яшчэ сур’ёзнейшыя касцюмы, я такія толькі ў кіно да гэтага бачыў.
Дзмітрый кажа, што падчас пандэміі дактары лечкамісіі без праблем ставілі сваім высокапастаўленым пацыентам афіцыйны дыягназ «каранавірус». Не было і недахопу і ў тэстах на кавід.
— Калі ты прыходзіў з падазрэннем на кавід, то цябе адпраўлялі ў тое самае спецыяльнае аддзяленне, а там усе сядзелі ў невялікім калідоры. Натуральна, хтосьці быў ужо хворы і заражаў іншых, — успамінае Дзмітрый. — Пасля чакання гадзіну-дзве ўсім і заўсёды ставілі дыягназ «кавід». Наколькі я ведаю, у звычайных бальніцах часта былі сітуацыі, калі афіцыйна называлі любую іншую хваробу, але па факце ўсе разумелі, што лечаць ад каранавіруса. У «лечцы» ніколі такога не было. Заўсёды выпісвалі прыстойны спіс лекаў, а потым адпраўлялі дадому лячыцца. Спачатку бальнічныя выпісвалі на два тыдні. Але потым адляжацца ўжо не давалі — адпраўлялі на працу праз 5−7 дзён.
Пацыентам з цяжкімі формамі каранавіруса ў лечкамісіі можна было разлічваць на найлепшы ў краіне догляд. Паводле Дзмітрыя, вынікам такога падыходу была вельмі нізкая смяротнасць чыноўнікаў.
— Фішка «лечкі» ў тым, што там у выпадку нейкай экстраннай сітуацыі можна сабраць кансіліум дактароў. Напрыклад, калі пацыенту вельмі кепска. Для гэтага нават можна прыцягваць дактароў з іншых бальніц, — тлумачыць Дзмітрый. — Гэта правіла, якое ў іх яшчэ з савецкіх часоў дзейнічае. І ў нас было некалькі такіх выпадкаў. І таму, наколькі я ведаю, ад кавіду людзі на дзяржслужбе паміралі, але не тыя, хто ляжаў у «лечцы». Разумееце розніцу? У дактароў існуе правіла: калі медыцына дазваляе, то чалавека выцягнуць можна. І ў лечкамісіі заўсёды выцягвалі. Я ведаю людзей, якія ўжо адной нагой былі на тым свеце. Але іх выратавалі.
«Падзеі 2020 года для чыноўнікаў былі вельмі стрэсавымі»
Дзмітрый кажа, што ў 2020 годзе ў чыноўнікаў павышаны попыт быў не толькі на паслугі дактароў-інфекцыяністаў. На фоне стрэсу, выкліканага пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, многія з іх пачалі звяртацца па дапамогу да псіхіятраў. Паводле нашага суразмоўцы, попыт на іх паслугі і таблеткі вырас у разы.
— Калі каротка, дзяржслужба моцна падсела на транквілізатары і антыдэпрэсанты, — лічыць Дзмітрый. — Прычым чыноўнікі, якія атрымалі іх у «лечцы», трохі іранічна потым глядзелі на калег, якія знаходзілі заспакаенне толькі ў валяр’янцы і прэпаратах з амінафенілмаслянай кіслатой. Доктарка, да якой звяртаўся і я, тлумачыла сітуацыю так: падзеі 2020 года для чыноўнікаў былі вельмі стрэсавымі. Для многіх станавілася ударам, калі затрымлівалі іх сваякоў, сяброў, навуковых кіраўнікоў і выкладчыкаў. Праблемы ў асабістым жыцці, як правіла, рабіліся абцяжарвальным фактарам. І ў выніку людзі траплялі да яе з дыягназам «дэпрэсія», «разлад» і гэтак далей. Такая вось сацыялогія атрымлівалася.
Ці баяліся чыноўнікі, што некаторыя дактары, якім яны давяраюць такія адчувальныя дэталі свайго жыцця, могуць быць супрацоўнікамі спецслужбаў? Дзмітрый кажа, што такое магчыма. Але не задумваўся пра гэта за ўвесь час працы на дзяржслужбе. Ён успамінае, як у лечкамісіі была арганізаваная абарона персанальных звестак пацыентаў.
— У іх там свая закрытая сістэма і нейкія вельмі спецыфічныя праграмы, — расказвае Дзмітрый. — У звычайнай бальніцы запісаць, напрыклад, рэнтген-здымак можна на звычайную флэшку. У «лечцы» гэты фокус не пройдзе — ім трэба прынесці CD-дыск, прычым з аднаразовым запісам. Уласна, падзеі 2020 года паказалі — хакеры здолеліўзламаць базу дадзеных пашпартоў, штрафаў, супрацоўнікаў МУС, але вось з «лечкай» у іх нічога не выйшла.
Чытайце таксама