Сітуацыя ў замежным гандлі Беларусі за ліпень абвастрылася. Так, імпарт тавараў за месяц перавысіў экспарт на 561,6 млн даляраў, вынікае са звестак Белстата. Гэта антырэкорд сёлета. Для параўнання: у чэрвені гэтая разбежка была на ўзроўні 117 млн даляраў на карысць імпарту. Такая сітуацыя відавочна сведчыць пра сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы нашай краіны, якая залежыць ад продажаў на замежныя рынкі.
У цэлым за студзень-ліпень імпарт перавысіў экспарт на 2 млрд 280,7 млн даляраў. Для параўнання: па выніках першага паўгоддзя гэты паказчык быў на ўзроўні 1,75 млрд даляраў.
Сітуацыя ў гандлі з краінамі СНД — якія ёсць перакосы
Нагадаем, Белстат у 2022 годзе перастаў публікаваць падрабязныя звесткі пра стан замежнага гандлю па краінах, абмяжоўваючыся толькі агульнымі — па краінах СНД і па-за гэтым аб’яднаннем.
Гандаль з краінамі СНД цяпер дэманструе рост. Так, экспарт за сем месяцаў павялічыўся на 4,2% адносна аналагічнага перыяду 2023-га — да 16 млрд 436,4 млн даляраў. Але імпарт вырас яшчэ больш — на 14,5%. Тым не менш гандаль з СНД застаецца выгадным для Беларусі, бо краіны гэтага рэгіёна па-ранейшаму купляюць на 1 млрд 164,5 млн даляраў больш нашых тавараў, чым Мінск набывае ў іх.
Як у Мінска ідзе гандаль з астатнім светам?
У той жа час гандаль з іншымі краінамі (па-за СНД) паказвае супрацьлеглую тэндэнцыю — экспарт за ліпень вырас на 5,6% да аналагічнага перыяду 2023-га, а імпарт скараціўся на 5,7%. Але гандаль з краінамі па-за СНД ідзе не на карысць Мінска: за сем месяцаў імпарт перавысіў экспарт на 3 млрд 445,2 млн даляраў.
Што кажуць пра праблему чыноўнікі і як Мінск спрабуе ўдарыць па імпарце (але крайнія — людзі)
Чыноўнікі не першы год змагаюцца з імпартам, але маюць з гэтым цяжкасці. Тым часам Беларусь усё больш збліжаецца з Расіяй па замежным гандлі.
У сярэдзіне жніўня гэтага года ў Мінэканомікі расказалі, праз што ўзніклі цяжкасці ў замежным гандлі: імпарт тавараў апярэджвае экспарт. У гэтым ведамстве лічаць, што «вінаватыя» ў гэтым у тым ліку цэны на нафту і калій. Нагадаем, раней гэтае міністэрства папракала ў праблемах у замежным гандлі ў тым ліку насельніцтва — за павышаны попыт на імпартныя тавары.
На праблему ў замежным гандлі 17 чэрвеня гэтага года звяртаў увагу Аляксандр Лукашэнка — яна яго насцярожвае. У гэты ж дзень прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка растлумачыў, чаму імпарт тавараў перавышае экспарт. На ягоную думку, «нейкай катастрофы няма». «Калі казаць пра прычыны, то яны таксама празаічныя — сусветная цана на нафту вырасла, адпаведна, мы закупляем сырую нафту, таму гэта сыграла на павелічэнне кошту імпарту», — заявіў раней Раман Галоўчанка.
Гэтая сітуацыя выклікае заклапочанасць у чыноўнікаў, бо Беларусь, хоць і актыўней прадае свае тавары на замежных рынках, пры гэтым вымушаная закупляць усё больш і больш імпарту. Адна з прычын гэтага — роля Беларусі як транзітнага звяна ў пастаўках падсанкцыйных тавараў у Расію. У такіх умовах ураду даводзіцца шукаць нестандартныя рашэнні для выпраўлення сітуацыі.
Адным з такіх рашэнняў сталі чарговыя контрсанкцыі, уведзеныя Беларуссю ў дачыненні да вытворцаў з «недружалюбных» краін (да прыкладу, у жніўні было некалькі такіх рашэнняў — першае і другое). Такія абмежаванні пазіцыянуюцца як адказ на новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Не выключана, што гэта таксама спроба выправіць негатыўны стан замежнагагандлю, скараціўшы імпарт і пераключыўшы спажыўцоў на беларускія тавары.
Для большасці замежных вытворцаў беларускі рынак не стратэгічна важны, таму вытворцы польскіх падгузнікаў або літоўскіх шпалер наўрад ці зазнаюць значныя страты ад контрсанкцый Мінска.
Па многіх таварных пазіцыях, адносна якіх уводзяцца абмежаванні на імпарт з
«недружалюбных» краін, у Беларусі ёсць уласныя вытворцы. Аднак такі
прымус купляць мясцовыя тавары непазбежна адбіваецца на шараговых спажыўцах. Яны страчваюць магчымасць набываць звыклыя і якасныя замежныя тавары. Гэта змушае іх пераключацца на айчынныя, расійскія тавары (або з іншых «дружалюбных» краін), якія часам саступаюць якасцю і асартыментам.
Чытайце таксама