Новым уладальнікам гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Мега Парк» у Мінску стала кампанія «МегаАктыў». Гэта вынікае са звестак нядаўна створанага сайта комплексу.
Падобна, будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Мега Парк», якое пачалося больш за дзесяць гадоў таму, можа зрушыцца з мёртвай кропкі. У яго з’явіўся новы ўласнік — «МегаАктыў». Валодаюць гэтай кампаніяй вядомыя бізнесоўцы Аляксандр Машэнскі (90%) і Віталь Сініцкі (10%), высветліла «Люстэрка» са звестак Адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Абодва гэтыя бізнесоўцы вядомыя буйнымі паспяховымі праектамі: першы — у вытворчасці і гандлі, другі — у будаўніцтве. Імаверна, Віталь Сініцкі прадаў вялікую долю ў гэтым праекце Аляксандру Машэнскаму. Такую выснову можна зрабіць з таго, што былая кампанія — уладальнік ТРЦ «Сігмаполюс», якая купіла даўгабуд у пачатку гэтага года, належыць менавіта Сініцкаму.
На сайце «Мега Парка» гаворыцца, што гандлёва-забаўляльны цэнтр адкрыецца ў 2025 годзе. Як плануецца, там будуць крамы, фудкорт, СПА і фітнес-цэнтр, а таксама кінатэатр на сем кіназалаў і парк «жывых трапічных раслін» плошчай больш за 2000 м². Гэты цэнтр мае з’явіцца ў Мінску на скрыжаванні вуліц Казіміраўскай і Каменнагорскай.
Нагадаем, ТРЦ пачалі будаваць па інвестдамове яшчэ ў 2012 годзе і першапачаткова хацелі адкрыць у 2017-м. «Мега Парк» планаваўся як вялікі і сучасны комплекс з лядовай арэнай і кінатэатрам. Потым адкрыццё перанеслі на 2020 год, але тады яно зноў не адбылося. У нейкі момант працы спыніліся, і вонкава практычна дабудаваны ТРЦ не мяняецца ўжо некалькі гадоў.
Заказчыкам будаўніцтва было ТАА «Вінтэраінвест» з замежным капіталам. У Мінгарвыканкаме потым расказалі, што інвестар збег, і дабудоўваць аб’ект збіраўся горад. Але ў выніку ўлады вырашылі выставіць яго на аўкцыён.
Чытайце таксама


