Даўгі сельгаспрадпрыемстваў Гомельскай вобласці за 2023 год выраслі ў два разы. Гэта вынікае з закрытай справаздачы Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага аблвыканкама, якую «Люстэрка» атрымала з дапамогай BELPOL. Нагадаем, сёлета Гомельская вобласць, паводле звестак Белстата, — адзін з самых праблемных рэгіёнаў, яго развіццё стрымлівае акурат сельская гаспадарка.
Даўгі ў сельскай гаспадарцы назапашваюцца далей
У 2023 годзе запазычанасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскай вобласці павялічылася на 8% — да 3,22 млрд рублёў (за год да гэтага было 2 млрд 997 млн рублёў). З гэтай сумы 921,8 млн рублёў складаюць пратэрмінаваныя выплаты, што на 14% больш у параўнанні з мінулым годам. Гэта вынікае з дакумента, падрыхтаванага ў лютым 2024 года і падпісанага на той момант намесніцай старшыні Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага аблвыканкама Святланай Жыцінец.
Асноўная доля — гэта даўгі перад іншымі кампаніямі. Яны ацэньваліся ў 2,24 млрд рублёў. За год сума павялічылася на 8,1%. Прычым пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць вырасла на 14% — да 762 млн рублёў.
Крэдыторская запазычанасць — сума, якую кампанія камусьці вінная, а дэбіторская — сума, якую нехта вінны кампаніі.
Даўгі па крэдытах і пазыках былі 987,8 млн рублёў, уключаючы 159,8 млн пратэрмінаваных плацяжоў па іх (рост на 14%).
«Ёсць вострыя пытанні ў аплатнай дысцыпліне сельскагаспадарчых арганізацый, якія патрабуюць асаблівага кантролю з боку старшыняў райвыканкамаў», — гаворыцца ў дакуменце. Тамсама гаворыцца, што з 48 арганізацый, якія ў тым годзе мусілі плаціць па рэструктураваных даўгах (то-бок са змяненнем умоваў па крэдытах на карысць даўжнікоў), не зрабілі гэтага 32.
Павялічваюцца даўгі па падатках і камунальных
У дакуменце гаворыцца, што дадатковай праблемай стала неаплата тэхнікі, узятай у лізінг, дзе пратэрмінаваныя плацяжы складаюць 64 млн рублёў, уключаючы выпадкі, калі тэрмін лізінгу ўжо скончыўся.
Таксама звяртаецца ўвага на даўгі сельгаспрадпрыемстваў за электраэнергію і ацяпленне. На 1 студзеня гэтага года яны ацэньваліся ў 209,7 млн рублёў. За газ — у 48,7 млн.
«Стала сістэмнай наяўнасць запазычанасці па падатках і зборах сельскагаспадарчых арганізацый», — гаворыцца ў дакуменце. Аказваецца, падаткаў і збораў яны не заплацілі своечасова на 9,9 млн.
У той жа час запазычанасць іншых арганізацый перад сельгаспрадпрыемствамі за 2023 год вырасла на 27,8 млн рублёў, або 8% — да 376 млн рублёў. З іх 151,7 млн — пратэрмінаваныя выплаты, якія за год павялічыліся на 19%.
Чытайце таксама


