Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  2. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  3. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  4. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  5. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  6. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  7. Путин отклонил предложение США и Украины о 30-дневном прекращении огня — эксперты о ситуации на войне
  8. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
  9. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  10. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  11. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  12. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  13. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
Читать по-русски


«Вельмі шмат свабоды, але і адказнасці таксама», — адзначыла яркую асаблівасць навучання ў нарвежскай ВНУ беларуска Аляксандра Гаўрусік. Дзяўчына другі год вучыцца ў магістратуры Бергенскага ўніверсітэта — адной з найлепшых ВНУ свету. Для праекта «Я вучуся» яна расказала пра тое, як трапіла на навучанне ў Нарвегію, умовы, у якіх жыве, а таксама планы на будучыню.

Фото: "Зеркало"
Аляксандра Гаўрусік. Фота: «Люстэрка»

У Беларусі «брала крэдыт, каб аплаціць навучанне»

Пінчанка Аляксандра Гаўрусік вучылася на платным аддзяленні ў Гродзенскім універсітэце на перакладчыка, вывучала англійскую і кітайскую мовы. Каб аплачваць навучанне, дзяўчына знаходзіла падпрацоўку. Дапамогі ў мамы старалася не прасіць. Жанчыне і так было няпроста — яна адна гадавала сына, малодшага брата нашай гераіні.

— Матэрыяльнае пытанне стаяла для мяне вельмі востра. Удвая цяжэй стала, калі з інтэрната давялося з’ехаць і наймаць кватэру. Я была радая, знайшоўшы варыянт жылля, дзе за арэнду з мяне не бралі грошай: я мусіла даглядаць старэнькую бабулю. Але і гэта не ратавала, я нават брала крэдыт, каб аплаціць навучанне. Вядома, ва ўмовах, калі заклапочаны пошукам грошай, цалкам аддацца адукацыі немагчыма, — успамінае Аляксандра пра студэнцкія гады ў Беларусі.

Нягледзячы на цяжкасці з фінансамі, вучыцца дзяўчыне падабалася, і чым бліжэй было да дыплома, тым большым было яе жаданне працягнуць адукацыю ў магістратуры ці на курсах. Тады яна лічыла, што лепш, калі гэта будзе за мяжой: можна адначасова вучыцца і свет глядзець.

Фото: телеграм-канал Khliabets
За пікет з плакатам Аляксандра Гаўрусік адседзела ў ІЧУ 15 сутак і ледзь не вылецела з універсітэта. Фота: тэлеграм-канал Khliabets

Мара Сашы павісла на валаску восенню 2020 года, калі пасля адзіночнага пікета ёй прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Да выпускных экзаменаў заставалася ўсяго некалькі месяцаў. Калі пасля ІЧУ Аляксандра прыйшла ва ўніверсітэт, то даведалася, што рыхтуюцца дакументы на яе адлічэнне. З гэтай нагоды студэнтку «на размову» выклікаў прарэктар па выхаваўчай працы. На шчасце, ВНУ Саша ўсё ж скончыла, а пасля паспела яшчэ і папрацаваць па спецыяльнасці.

«Грошай у мяне не было, таму я разглядала толькі бясплатнае навучанне»

— Паралельна я шукала розныя навучальныя праграмы, у гэтым прасіла дапамагчы беларусаў, якія ўжо вучыліся ў ВНУ розных краін. Грошай у мяне не было, таму я разглядала толькі бясплатнае навучанне, каб была стыпендыя і інтэрнат, — успамінае Аляксандра.

Праз знаёмых Саша даведалася, што ў Нарвегіі ёсць цікавая праграма для бакалаўраў, звязаная з дзяржаўным кіраваннем. Увогуле дзяўчына марыла пра нешта больш творчае, але паразважаўшы, прыйшла да высновы, што ёй выпаў выдатны шанец, а яе дадатковыя веды могуць спатрэбіцца ў новай Беларусі.

Фото из архива героя
Беларуска вельмі палюбіла спакойную Нарвегію. У вольны час яна ходзіць па Бергене і ездзіць па краіне. Фота ад гераіні тэксту

— Для паступлення трэба было скласці матывацыйны ліст, растлумачыць, чаму я хачу вучыцца. А таксама прайсці сумоўе: расказаць пра свой дыплом, досвед, а заадно прадэманстраваць веданне англійскай мовы, бо на ёй вядзецца навучанне, — расказвае беларуска.

Пасля размовы з нарвежскім бокам дзяўчыне паведамілі, што яе ўдзел у праграме ўхваляюць, і прапанавалі выбраць адну з чатырох ВНУ Нарвегіі, дзе яна хацела б вучыцца. Беларуска спынілася на Бергенскім універсітэце. Аляксандры далі візавую падтрымку, бясплатнае двухгадовае навучанне ў магістратуры, стыпендыю і жыллё.

У інтэрнаце няма вахцёраў, а сяброў можна пакінуць на ноч

Яшчэ да прыезду ў Нарвегію беларуска мусіла сама выбраць з прапанаваных варыянтаў жыллё ў інтэрнаце. Кажа, што на фоне беларускіх яно выглядала «вельмі крута»:

— Калі я праз сайт выбірала пакой, то ў мяне вочы ад здзіўлення акругліліся. У інтэрнаце былі нават студыі са сваёй кухняй і ванным пакоем. Але гэта даражэйшы варыянт. Я аддала перавагу больш бюджэтнаму — асобны пакой з душам і агульнай на блок кухняй.

Восенню 2021 года Аляксандра Гаўрусік прыехала ў Нарвегію, засялілася ў інтэрнат і пачала вучыцца.

— Жыву ў студэнцкім гарадку, у самым высокім інтэрнаце. Цікава, што тут няма вахцёраў, як у нас. Мой пакой знаходзіцца ў ізаляваным блоку, побач восем студэнтаў: нарвежцы, японец, немец — у кожнага з іх асобны пакой. Жыллё з мэбляй, а вось тэкстыль трэба было купляць самой. Месяц пражывання каштуе 4600 крон (крыху больш за 1100 рублёў), гэта амаль палова маёй стыпендыі ў 11 000 крон (2633 рублі).

Студэнты карыстаюцца агульнай кухняй, яна тут вялікая, прычым з посудам і тэхнікай — лядоўнямі, плітой, духоўкай, мікрахвалёўкай, пасудамыйкай і аэрагрылем. Тут жа ёсць куток для адпачынку з доўгім абедзенным сталом, канапамі, яшчэ адным нізкім столікам і тэлевізарам.

Месцы агульнага карыстання студэнты павінныя прыбіраць самі, хоць часам яны забываюць гэта рабіць.

— У інтэрнаце ёсць супрацоўнікі, якія ходзяць па блоках і сочаць, каб усюды было чыста. Калі яны бачаць беспарадак, то нам дасылаюць паведамленне: маўляў, трэба прыбраць ці яны дашлюць прыбіральшчыцу. Толькі вось паслугі клінера раскінуць на нашы стыпендыі. Адгадайце, хутка пасля гэтага напамінку на кухні становіцца чыста? — усміхаецца Аляксандра.

Дзяўчына кажа, што студэнты могуць прыводзіць да сябе ў госці сяброў, нават пакінуць іх на ноч — выганяць ніхто не будзе. Часам суседзі ладзяць вечарынкі з прыяцелямі, але выконваюць правіла — не парушаюць спакою суседзяў.

«У крамах я ўсё яшчэ пераводжу кроны ў рублі і думаю, як жа ўсё дорага ў параўнанні з Беларуссю»

Беларуска адзначыла, што рэшты стыпендыі ў 4800 крон (каля 1150 рублёў) ёй цалкам хапае на прадукты, праезд і невялікія пакупкі. Вядома, на гэтыя грошы ў Нарвегіі моцна не разгуляешся, даводзіцца эканоміць, аднак падпрацоўваць, як гэта было на радзіме, у Аляксандры няма неабходнасці.

— У крамах я ўсё яшчэ пераводжу кроны ў рублі і думаю, як жа ўсё дорага ў параўнанні з Беларуссю. Праз гэта магу пашкадаваць купіць сабе мяса, аддаю перавагу каўбасе. Увогуле гатую я мала, прасцей зайсці ва ўстановы для студэнтаў, там ежу і напоі прадаюць са зніжкамі. Да прыкладу, я купляла каву за 10 крон (2,40 рубля), а яе звычайная цана — 30−50 крон (каля 7,20−12 рублёў).

Фото: "Зеркало"
Гэтая невялікая зона арганізаваная ў фае фітнес-цэнтра для студэнтаў. Тут можна пасядзець за столікамі, папрацаваць, выпіць кавы, зарадзіць тэлефон. Такіх месцаў у студгарадку вельмі шмат. Фота: «Люстэрка»

Аляксандра кажа, што ў цэлым у Нарвегіі шмат зніжак для студэнтаў, гэта не толькі розныя бары і кавярні, але і спартовыя залы, басейны, транспарт.

— Ты не сядзіш пад замком у сваім пакоі, таму што ў цябе няма грошай, а проста ідзеш — гэта даступна. Магчымасць наведваць такія месцы вельмі палягчае сацыялізацыю. Там ты камунікуеш з людзьмі, знаходзіш новых знаёмых, практыкуеш мову.

Дзяўчына расказала, што ў Нарвегіі таксама ёсць спосаб фінансавай падтрымкі студэнтаў: у жніўні, перад пачаткам навучальнага года, ім даюць павышаную стыпендыю. Гэта для таго, каб яны маглі закупіць усё неабходнае для навучання, напрыклад камп’ютар або кнігі (яны ў краіне вельмі дарагія, адна можа каштаваць 40−50 еўра).

«Няма лішніх прадметаў, як у нашых універсітэтах»

— Уліцца ва ўніверсітэцкае асяроддзе мне было няцяжка — я чалавек таварыскі. Але адначасова зразумела, што мой «інгліш» не такі ўжо выдатны. І хоць у Нарвегіі ўсе гавораць на англійскай, некаторых людзей (часцей такіх, як і я, прыезджых) зразумець складана, у тым ліку выкладчыкаў.

Для замежных студэнтаў у Нарвегіі ёсць інтэграцыйная праграма, але Аляксандра на яе не трапіла — заняткі пачаліся 17 жніўня, а яна прыехала ў верасні. Затое пры ўніверсітэце ёсць курсы нарвежскай мовы, Аляксандра іх наведвае.

Што да навучання, то ў Нарвегіі яна пабудавана па Балонскай сістэме. Магістарская праграма, дзе вучыцца беларуска, уключае вывучэнне некалькіх прадметных курсаў. Пры гэтым для кожнай спецыялізацыі ёсць набор абавязковых прадметаў, астатнія студэнты выбіраюць па жаданні.

Балонская сістэма вышэйшай адукацыі — гэта адзіны стандарт навучання ў ВНУ, які з’явіўся ў 1999 годзе. Ён мяркуе двухузроўневую сістэму навучання, веды студэнтаў ацэньваюць па адзінай шкале, так званых «навучальныя крэдытаў» якія паказваюць, колькі часу было аддадзена той ці іншай дысцыпліне. Сістэма дае магчымасць вучыцца не толькі ў сваім універсітэце, але і ездзіць на стажыроўкі ў іншыя ВНУ.

За 23 гады да сістэмы далучыліся 47 краін, у тым ліку і былога СССР: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Украіна, Эстонія.

Сёлета беларускія і расійскія ВНУ выключылі з Балонскага працэсу.

— Мне спадабалася, што курсы можна выбіраць і ты вывучаеш тое, што бліжэйшае, да чаго ёсць цяга. Дзякуючы гэтаму тут няма лішніх прадметаў, як у нашых універсітэтах. Вядома, курс можа перастаць падабацца, тады з яго можна сысці і перайсці на нейкі іншы. Але ўвесь час скакаць туды-сюды не варыянт: проста не паспееш атрымаць веды, не здасі залік і не скончыш год.

Фото героини материала
Для кожнага магістранта ва ўніверсітэце арганізаванае месца для саманавучання. Гэта стол Аляксандры. Фота ад гераіні тэксту

Залікі ацэньваюцца па літарнай шкале ад A (гэта самая высокая адзнака) да F (fail, або няўдача). Прадмет здадзены, калі студэнту паставілі любую літару, акрамя F. Пры гэтым кожны залік або прадмет мае пэўную ўстойлівую колькасць балаў (так званыя крэдыты). Іх сума ўплывае на тое, колькі прадметаў трэба вывучыць, каб атрымаць дыплом. Да прыкладу, за залік па філасофіі і дзяржаўнай палітыцы даюць 10 балаў, а каб атрымаць дыплом, трэба 180 балаў (у залежнасці ад спецыяльнасці).

Па сваёй спецыяльнасці master public administration (магістр дзяржаўнага кіравання) Аляксандра мусіць у першы і другі гады навучання здаць залікі па шасці курсах і зарабіць 120 балаў. У ліку абавязковых для яе прадметаў — тэорыя арганізацый і паліталогія. Астатнія больш вучаць, як правільна рыхтавацца да абароны магістарскай працы.

Фото из архива героя
Гэта бібліятэка факультэтаў сацыяльных навук, музыкі і псіхалогіі. Акрамя кніг тут ёсць сінтэзатар, піяніна, пласцінкі і касеты. Праслухаць яе можна ў навушніках, ёсць і спецыяльныя гукаізаляваныя пакоі. Фота ад гераіні тэксту

— Кожны тыдзень у мяне два навучальныя дні, увесь астатні тыдзень — для самастойнай працы, гэта пяць дзён. Здаецца, што на цябе абрынулася неверагодная свабода! — расказвае дзяўчына. — Але гэта ілюзія: трэба чытаць вельмі шмат розных артыкулаў, даследаванняў, якія дасылаюць выкладчыкі, шукаць інфармацыю для сваёй працы. Таму адказнасць у студэнта вельмі вялікая — трэба рыхтавацца, а не тусіць.

Летась Аляксандра і сама трапіла ў пастку «вольнага часу» і аддавалася грамадскім «дзвіжухам», праз што з некаторымі прадметамі ўзніклі цяжкасці. Дзяўчына своечасова выправілася і больш такіх промахаў стараецца не дапускаць.

«Студэнт — гэта галоўная каштоўнасць, яго паважаюць, слухаюць»

— Нарвежская мадэль навучання мне падабаецца. Тут студэнт — галоўная каштоўнасць, яго паважаюць, слухаюць, прымаюць яго прэтэнзіі і пярэчанні, — тлумачыць Аляксандра. — Усё для таго, каб ён вывучыўся і быў класным спецыялістам са сваім меркаваннем і ідэямі. Студэнт нават можа паскардзіцца на выкладчыка, калі нешта ідзе не так, і з гэтым будуць разбірацца.

Дзяўчына кажа, што стаўленне выкладчыкаў да студэнтаў у Нарвегіі іншае, адрознае ад беларускага, — спагадлівае, адкрытае. У любы момант можна звярнуцца да выкладчыка з пытаннем, пры гэтым не трэба стаяць пад дзвярыма і чакаць, калі табе аддадуць хвілінку ўвагі:

— У гэтым розніца з нашай адукацыяй. У беларускім універсітэце студэнтаў жорстка ціснулі па вучобе. Праз адзнакі выкладчык мог проста зняважыць і загнабіць. Да гэтага часу памятаю, як усе мы са страхам ішлі здаваць залік па англійскай граматыцы. На жаль, гэта зусім не матывуе.

Фото из архива героя
За час навучання Аляксандра пазнаёмілася са студэнтамі з розных краін. Фота гераіні

Прыкладна паўгода засталося Аляксандры да абароны магістарскай працы, прадставіць яна яе павінная ў першы дзень лета. Яе тэма звязаная з адукацыяй у Беларусі.

— Я хачу напісаць, як у нас пабудаванае навучанне, пра кантроль дзяржавы за гэтым працэсам, навязванне ідэалогіі, — удакладняе яна. — З улікам таго, што многія звесткі ў нас не агучваюцца, збіраць інфармацыю няпроста. Шукаю інтэрв'ю на гэтую тэму, манітору навіны, а мой самы наведвальны рэсурс — гэта сайт Мінадукацыі Беларусі.

Аляксандра не ведае, чым будзе займацца пасля заканчэння магістратуры Бергенскага ўніверсітэта. Пакуль ясна толькі адно — пры цяперашняй сітуацыі ў Беларусі вярнуцца на радзіму яна не можа:

— Для мяне гэта небяспечна. Таму, калі нічога не зменіцца, я хачу застацца ў Нарвегіі — папрашу абароны, знайду працу. Ну, а калі дома сітуацыя зменіцца, я вярнуся, там будзе вельмі цікава і шмат магчымасцяў для рэалізацыі.