Нямецкія і французскія журналісты выпусцілі расследаванне аб дзейнасці IKEA у Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн супрацоўнічаў з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных. «Радыё Свабода» пагутарыла з былымі вязнямі аб прымусовай працы.
«Там кувалдай адбівалі сабе і іншым ногі, рукі, галаву»
Свае вытворчыя цэхі ёсць у кожнай беларускай калоніі. У асноўным гэта швейная, абутковая вытворчасць, дрэваапрацоўка. З 2015 году з'явілася новая «праца» — абдзіраць ізаляцыю з правадоў, здабываць медзь і алюміній. Гэтую працу, па словах былых вязняў, прыдумалі адмыслова для «наркаманаў». Гэта значыць тых, хто адбывае тэрмін па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу. Цяпер многія вязні працуюць на «кабелі». Яны кажуць, што гэтая праца вельмі цяжкая. Заробкі ж на «кабелі» — 50-70 капеек за месяц.
Суразмоўца «Радыё Свабода» Максім (імя змененае) адбываў пакаранне паводле палітычнага артыкулу ў калоніі ў Глыбокім.
— Ніякай кваліфікаванай працы ў зоне не было. На працу гналі ўсіх, апроч пенсіянераў і інвалідаў. Рэзаць кабелі, разбіваць электраматоры. Карацей, здабываць для краіны каляровы метал — алюміній, медзь. За метал людзі атрымлівалі нават па 70 капеек (за месяц працы. — «Радыё Свабода»). Бо вылічвалі. У некага кампенсацыі, іншым вылічвалі за ежу, вопратку, лазню і на «фонд калоніі», — кажа Максім.
Ён расказвае, што пра спецвопратку гаворка не ішла.
— У чым хадзілі, у тым і працавалі. Гэта выглядала так: вялізны, вельмі брудны цэх. Туды заязджае грузавік і высыпае кабелі, электраматоры. Са сметнікаў нейкіх. І вось на гэтай гары мітусяцца «зэкі». У дыме, у брудзе. Бо кабелі цяжка разбіраць, таму іх абпальвалі. І вось «зэкі» лазяць па гэтай гары з кувалдамі і выдзіраюць там алюміній, — кажа былы вязень.
Ён лічыць гэта «канцлагерам, катаваннем і здзекамі».
— Траўматызм там быў вялікі. Бо пры мне ў чалавека адляцела кувалда і разбіла яму ўвесь твар, у яго быў пералом сківіцы. Чалавека завезлі ў горад, так-сяк зашылі і прывезлі назад. То адзін другому кувалдай незнарок стукне па назе ці руцэ. Там і косткі разбівалі, трушчылі. Зрабілі неяк самаробны станок, нешта там рабілі на ім для міліцыі. Штосьці зляцела са станка і хлопцу руку пераламала, — кажа Максім.
Ён дадаў, што ні пра тэхніку бяспекі, ні пра чалавечыя ўмовы працы «там проста не чулі».
«Сваячка за месяц зарабляе 10 рублёў»
Сваячка Марыны (імя змененае) адбывае пакаранне ў жаночай калоніі ў Гомелі. Спецыяльнае прадпрыемства там займаецца ў асноўным тым, што шые вопратку для міліцыі, пракуратуры, спецвопратку, пасцельную бялізну. Асаблівасцю было тое, што нядаўна жанчыны шылі шапкі для вайскоўцаў.
— Я ня ведаю, для якіх менавіта вайскоўцаў, але сваячка была занятая на гэтай вытворчасці. Працуе яна сем дзён на тыдзень. Мае адзін выходны раз на два тыдні. Змены — з 6 раніцы да 15 гадзін. Наступная — з 15.00 да 21.30. Вядома, праца цяжкая, а адмовіцца ад яе нельга, — кажа Марына.
За месяц яе сваячка атрымлівае заробак каля 10 рублёў.
«Заробкі на зоне — ад 2 рублёў 50 капеек да 5 рублёў за месяц»
Вязні ў шклоўскай калоніі працуюць на швейнай, абутковай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і на «кабелі».
— Дрэваапрацоўка — гэта пілаваць бярвёны. Улетку 2022 году пачалі рабіць скрынкі для боепрыпасаў. Не ведаю дакладна, для беларускага войска ці для расейскага. Скрынкі былі чорныя і зялёныя. Шыюць абутак. У асноўным спецыяльны, для прамысловай вытворчасці. Адзенне — у асноўным гэта форма для кадэтаў, курсантаў, пракуратуры. Але шыюць і на заказ. Напрыклад, ёсць такое светлагорскае прадпрыемства «Светлатэкс». Для іх шылі адзенне. Яны прыязджалі і толькі набівалі адмысловым пісталетам свае біркі «Светлатэкс». Што нібыта гэтае адзенне шылі яны, а не зэкі са шклоўскай калоніі, — распавёў Сяргей.
Ён нядаўна адбыў пакаранне па палітычным артыкуле. Сяргей кажа, што швейная і абутковая прамысловасць — гэта «эліта». Там можна зарабіць ад 2 з паловай да 5 рублёў за месяц.
— На дрэваапрацоўцы можна разлічваць на 53-57 капеек за месяц. Самая цяжкая праца — на «кабелі». Праца брудная, на холадзе, за капейкі, — кажа Сяргей.
На зоне існуюць свае паборы — «на фонд атраду».
— Загадчык гаспадаркі цябе схіляе, каб ты напісаў заяву, што ты ад чыстага сэрца хочаш дапамагчы калоніі і пералічваеш, скажам, 50 рублёў. Гэтыя грошы ідуць на рамонт і іншае. Адмовішся — атрымаеш іншае стаўленне. Жыццё табе гарантавана сапсуюць, — кажа былы вязень.
«Вязні самі цалкам сябе забяспечваюць»
Аляксандр адбыў пакаранне ў калоніі №15, якая знаходзіцца ў пасёлку Вейна пад Магілёвам.
— Адразу скажу, што ніколі не верце, калі кажуць: «Зэкі жывуць за нашы падаткі». Гэта хлусня. У кожнай калоніі ёсць вытворчасць. Зарабляюць там і 50-70 капеек, і нават тры капейкі можна на рукі атрымаць за месяц працы. У нашай калоніі была дрэваапрацоўка, у тым ліку рабілі мэблю. Толькі я не ведаю, для каго яе рабілі. І «кабелі» — самая чорная і цяжкая праца. Вязні здабываюць мэтал, калонія яго прадае і купляе гнілую бульбу, каб карміць вязняў. Заробкі такія, таму што ўсё сабе забірала калонія. За ежу, вопратку, у «фонд калоніі», на рамонт калоніі і так далей. Працуеш у адной робе. У ёй жа і ходзіш у сталоўку, і па атрадзе, — кажа Аляксандр.
Ён дадаў, што ў калоніі робяць паддоны, розныя дошкі. «Нам не даводзілі інфармацыі, куды менавіта гэта ўсё ідзе», — дадаў былы зняволены.
У калоніі ў Вейне ля Магілёва адбываў пакаранне і былы палітвязень Ціхан Клюкач.
— У калоніі ўся праца прымусовая. Бо ты не можаш выбіраць, дзе ты будзеш працаваць. Куды паставяць, туды і пойдзеш. Як правіла, палітычных з жоўтымі біркамі ставяць на самую цяжкую працу. Напрыклад, на дрэваапрацоўцы гэта — цягаць катлы кіляграмаў па 50 з першага паверху на трэці, у цэх. Хаця б можна было размясціць цэх на першым паверсе, і гэта б было лягічна. Мы займаліся трэскамі. Драбілі дошкі на трэскі. Гэта пакавалася ў мяхі. Куды потым ішло, не ведаю. Казалі, што на ацяпленне ў Еўропу. Але дакладна я не ведаю, — кажа былы вязень.
Ён атрымліваў заробак ад 3 да 7 рублёў. Ціхан кажа, што цяжка было працаваць узімку, на холадзе. «Бо роба была лёгкай, а зімовы абутак ад летняга адрозніваўся толькі тым, што ён трохі вышэйшы. Таўшчыня падэшвы была такая ж», — дадаў былы палітвязень.
«На ферме працоўны дзень пачынаўся ў 04.30 і заканчваўся ў 22.30»
Былы палітзняволены Віктар Пархімчык адбываў пакаранне як на «хіміі», так і ў калоніі ў Шклове. Ён лічыць, што палітычных на «хіміі» выкарыстоўвалі «як рабоў». Ён працаваў на ферме жывёлаводам. Працоўная змена магла пачынацца ў 04.30 і скончыцца ў 22.30.
— Гэта пры тым, што, паводле Працоўнага кодэксу, працягласць працоўнага часу не можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень, — зазначыў Віктар.
Ён расказвае, што ад прымусовай працы палітычных на «хіміі» маюць прыбытак як кіраўніцтва калгасу (у выпадку Віктара гэта фэрма «Каралін», якая належыць да ААТ «Белавежскі». — «Радыё Свабода»), так і «Савушкин продукт». На гэтае прадпрыемства звозяць малако з фермаў. «І не толькі з Камянецкага раёну. „Хімія“ ёсць і ў Бярозе», — дадаў ён. — Што тычыцца «маёй» фермы, то магу сказаць, што службовыя асобы ААТ «Белавежскі», загадчык фермы Эдуард Пераходзька, заатэхнік Сяргей Тарлюк па дамоўленасці з прадстаўнікамі «хіміі», то бок «папраўчай установы адкрытага тыпу №45» Раманам Бубновым і Аляксандрам Галахам арганізавалі незаконнае выкарыстанне працы менавіта палітычных, нелаяльных зняволеных, — кажа Віктар.
Ён прадставіў графікі працы вязняў з подпісамі асоб, якія пералічаны вышэй. «Двух палітычных перавялі на „хатнюю хімію“, бо падчас адбыцця пакарання яны сталі інвалідамі», — кажа былы вязень.
Ён актыўна адстойваў свае правы. Аспрэчваў, калі яго прымусілі дабірацца да фермы з «хіміі» 25 кіламетраў пешкі. Таму яго перавялі ў калонію ў Шклоў.