У Віцебску арыштавалі на 10 сутак мясцовага жыхара, які працуе вартаўніком. Паводле абвінавачання, ён напісаў на заснежанай машыне свайго суседа-міліцыянта «Жыве Беларусь!» і такім чынам «пікетаваў без дазволу». Сам віцяблянін патлумачыў, што проста хацеў падняць суседу настрой, гаворыцца ў пастанове суда.
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска вынес пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні 30 лістапада. Там гаворыцца, што вартаўнік каля 9 раніцы напісаў на снезе на капоце машыны, якая належыць яго суседу-міліцыянту, фразу «Жыве Беларусь!». Праз паўгадзіны надпіс убачыў сам уладальнік аўтамабіля.
Суд вырашыў, што віцяблянін такім чынам «публічна выказаў свае асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця», а значыць, паўдзельнічаў у пікетаванні без дазволу ўладаў.
Дарэчы, калі справа аб адміністрацыйным правапарушэнні яшчэ рыхтавалася да разгляду, вартаўнік прызнаўся, што зрабіў надпіс «з мэтай падняць суседу настрой». Аднак на судовым паседжанні ён патлумачыў, што надпіс быў на капоце і раней: каб яго прачытаць, ён змахнуў снег з некалькіх літар, якія былі дрэнна бачныя.
Суд не ўлічыў аргументы мужчыны: яго прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прызначылі арышт на 10 сутак.
Нагадаем, у лістападзе МУС абнавіла спіс нацысцкіх арганізацый, сімволікі і атрыбутыкі, забароненых у Беларусі. Сярод іншага туды трапіў вокліч «Жыве Беларусь» і адказ «Жыве» — калі лозунг будзе суправаджацца «ўзняццем правай рукі з распрастанай далонню», за гэта пагражае крымінальная адказнасць.