Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Аналитики заявили, что Россия использует перемирие для дискредитации Украины. Объясняем почему
  2. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  3. Администрация Трампа выдвинула Киеву условия для завершения войны, включая признание Крыма российским и отказ от НАТО — WSJ
  4. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  5. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
  6. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  7. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  8. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  9. Умер папа Франциск
  10. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  11. Невероятное снижение доллара: опустится ли курс ниже 3 рублей? Прогноз по валютам
Читать по-русски


Нядаўна ў сеціце з’явілася відэа выступу праўладных спявачак сясцёр Груздзевых, якія выступілі ў лагеры «Дубрава» перад дзецьмі, прывезенымі ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны. Проста са сцэны яны пажадалі Байдэну і Зяленскаму «здохнуць», а Пуціну — «квітнець» і «ўзяць пад кантроль усю Украіну». Ролік чакана выклікаў абурэнне ў грамадстве — і «Люстэрка» папрасіла артыстак растлумачыць, што ўсё гэта было. Груздзевы расказалі нам, што выступ адбыўся 7 кастрычніка 2022-га, і здзівіліся, «што хтосьці раптам яго вырашыў апублікаваць». У артыстак своеасаблівае бачанне сітуацыі — тлумачым, чаму гэта даволі скажонае ўспрыманне рэальнасці.

Першым відэа апублікавала брытанскае выданне The Telegraph — яго гэтаму медыя перадало Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Выступаючы перад украінскімі дзецьмі, праўладныя спявачкі сказалі, што тыя «абраныя» і «шчасліўчыкі», а таксама пажадалі «хутчэй вырашыць гэтую сітуацыю».

— Каб Байдэн здох, божа, прабач мне. Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў і ўзяў пад свой кантроль усю Украіну. Божа. Вы ведаеце, мы ходзім у царкву, ставім свечкі за сваіх ворагаў. За Байдэна ставілі, за Зяленскага, — сказалі артысткі са сцэны.

Відэа шырока разышлося па сеціве — на гэта звярнулі ўвагу і самі Груздзевы, якія атрымалі мноства абураных іх учынкам каментароў. У сторыс у сябе ў Instagram яны выклалі скрыншоты некаторых водгукаў і, магчыма, са шчырым здзіўленнем спыталі: «Адкуль такая нянавісць?»

Скриншоты некоторых комментариев пользователей в сторис Instagram сестер Груздевых
Скрыншоты некаторых каментароў карыстальнікаў у сторыс Instagram сясцёр Груздевых

Спявачкі паспрабавалі апраўдацца за свае словы ў адрас Байдэна і Зяленскага, якія прагучалі ў роліку. Яны заявілі, што проста пажадалі прэзідэнтам ЗША і Украіны «такога здароўя, пра якое яны нават марыць не могуць», і наогул «агучылі думкі многіх людзей».

«Люстэрка» напісала Груздзевым у Instagram і задало два пытанні: «Чаму вы лічыце дапушчальным жадаць смерці людзям на вачах у дзясяткаў няпоўнагадовых?» і «Чаму дзеці, перад якімі вы выступалі, „абраныя“?»

Спявачкі адказалі нам, што «Зяленскі і Байдэн не могуць называцца людзьмі. Па іх віне загінула столькі людзей». На думку артыстак, «вайну развязала Амерыка, а не Расія».

Груздзевы сцвярджаюць, што агучылі не проста «думкі многіх людзей», але ўжо і «жаданне кожнага ўкраінскага дзіцяці, якое засынае і прачынаецца пад свіст снарадаў, і кожнага нармальнага чалавека».

«Вы асуджаеце нашыя праведныя словы, а чаму ж вы не асуджаеце Зяленскага і Байдэна за злачынствы супраць чалавецтва?» — спыталі ў нас у адказ артысткі.

Канкрэтных злачынстваў палітыкаў яны не назвалі, аднак упэўненыя, што «была магчымасць заключыць мір, але Байдэн забараніў Зяленскаму гэта рабіць». І тут жа расказалі чаму.

«Амерыцы так выгадныя войны! Няўжо яна адмовіцца ад таго, што прыносіць ёй казачны прыбытак?» — пытаюць сёстры. Якім чынам ЗША ўзбагачаюцца на вайне ва Украіне, яны таксама не патлумачылі.

«Усе разумеюць, што Расія падчас СВА (так Груздзевы называюць вайну Расіі супраць Украіны. — Заўв. рэд.) абараняе сваю зямлю, сваіх людзей і свае каштоўнасці, а таму перамога адназначна будзе за ёй! Тут няма ніякіх сумневаў! І, як сказаў нядаўна У. Пуцін: „Я веру, што перамога будзе заўсёды за намі. Мы пераможам, гэта адназначна, іншага не дадзена. І думаю, што нашая краіна ўрэшце будзе гарантам міру і бяспекі для ўсіх народаў, для ўсіх дзяржаваў свету“. І так яно і будзе! Вось пабачыце!» — паабяцалі праўладныя спявачкі.

Нарэшце яны ўспомнілі, праз што, уласна, разгарэўся скандал з іх відэа — праз выступ перад вывезенымі з акупаваных украінскіх тэрыторый дзецьмі, якіх спявачкі назвалі «абранымі» і «шчасліўчыкамі»:

«Чаму гэтыя дзеці абраныя? Таму што Байдэн і Зяленскі абралі гэтых дзяцей для знішчэння — а Беларусь як можа адагравае іх ад гэтых жахаў, і як вы думаеце, што могуць пажадаць гэтыя дзеці прэзідэнтам Амерыкі і Украіны? Гэтыя дзеці пасля канцэрта абступілі нас з усіх бакоў і расказвалі тыя жахі, якія ім давялося перажыць!»

Што можа пагражаць Груздзевым

На нашую думку, што ў самім відэа, што ў адказе артыстак «Люстэрку» можна ўгледзець прапаганду вайны («Каб Пуцін квітнеў і ўзяў пад свой кантроль усю Украіну», «Усе разумеюць, што Расія падчас СВА абараняе сваю зямлю, сваіх людзей і свае каштоўнасці, а таму перамога адназначна будзе за ёй!»). Разглядаць такія заявы можна ў кантэксце адпаведнага артыкула 123 КК Беларусі (Прапаганда вайны). Максімальнае пакаранне па ім — пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Абвінавачанні Беларусі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей

27 красавіка гэтага года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.

У МЗС Беларусі запэўніваюць, што часовыя прыезды дзяцей на аздараўленне ў Беларусь «адбываюцца з прытрымліваннем адпаведных прававых працэдур, усе дзеці заязджаюць і выязджаюць з Беларусі легальна ў суправаджэнні дарослых, маючы на руках усе неабходныя дакументы».

Тым часам у Народным антыкрызісным упраўленні заявілі, што рыхтуюць дакументы на Лукашэнку ў Гаагскі суд праз вываз дзяцей з Украіны.

Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці ў гэтай краіне Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю і перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей.