Суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі 31 ліпеня разгледзіць апеляцыю на прысуд па «справе TUT.BY», вынікае з раскладу судовых паседжанняў.
Судовае паседжанне будзе праходзіць у закрытым рэжыме. У спісе абвінавачаных пяць чалавек: генеральны дырэктар «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, юрысконсульт Кацярына Ткачэнка, супрацоўніцы рэдакцыі Алена Талкачова і Вольга Лойка.
Марына Золатава і Людміла Чэкіна — адзіныя фігуранты «справы TUT.BY», якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Яны прызнаныя палітзняволенымі. КДБ уключыў іх у спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Прысуд ім суд вынес 17 сакавіка гэтага года. Кожнай — 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Марыну Золатаву суддзя прызнала вінаватай у «распаўсюдзе матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, заклікамі, звернутымі да замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі Інтэрнэт» і «наўмысных дзеяннях, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб».
Людмілу Чэкіну прызналі вінаватай ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў», а таксама ў «арганізацыі распаўсюду матэрыялаў з публічнымі заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, заклікамі, звернутымі да замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый, да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі Інтэрнэт» і «арганізацыі дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб».
Агулам разгляд крымінальнай справы заняў амаль два месяцы, прайшло 37 паседжанняў.
Алену Талкачову, Вольгу Лойка і Кацярыну Ткачэнка абвясцілі ў вышук пасля таго, як яны не з’явіліся ў суд.
«Справа TUT.BY»
Раніцай 18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы TUT.BY у Мінску і абласных цэнтрах. Да позняга вечара ў сталічным офісе праходзіў ператрус, а ў Дэпартаменце фінансавага кантролю КДК пасля такіх жа дзеянняў дома ў супрацоўнікаў дапытвалі нашых былых калег. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе. У той дзень затрымалі 15 чалавек.
У красавіку 2023 года стала вядома, што памілавалі дзевяцярых фігурантаў «справы TUT.BY», якія праходзілі па артыкуле за дапамаганне ў нявыплаце падаткаў.