У ГУБАЗіК не хочуць спыняць рэпрэсіі супраць беларусаў, якія падтрымалі пратэсты 2020 года, бо асцерагаюцца, што зноў успыхнуць хваляванні. Пра гэта расказаў у інтэрв'ю прапагандысту Рыгору Азаронку намеснік начальніка ведамства Міхаіл Бедункевіч.
Спікер адзначыў, што «час ад часу дзесьці праскоквае на розных рэсурсах і ў розных сродках масавай інфармацыі» пасыл спыніць пераслед людзей па палітычных матывах. Аднак намеснік начальніка ГУБАЗіК гэтай ідэі не падтрымлівае.
— Калі не працаваць над гэтым, то тады яны зноў пачнуць працаваць супраць нас. З’явяцца і ўзмоцняцца тыя ж таемныя ячэйкі, будуць развівацца ініцыятывы, будзе ісці праца па падрыве дзяржавы знутры, будуць шкодзіць, гадзіць. Калі не будзем працаваць, зноў могуць быць перадумовы да тых праблем, якія ўзніклі ў нас не так даўно, — сказаў Бедункевіч.
Намеснік начальніка ГУБАЗіК таксама прыгразіў, што «калі яшчэ да кагосьці не дайшлі, то гэта не значыць, што яны невядомыя».
— Проста, магчыма, цяпер гэта не трэба рабіць. Прыйдзе час, мы ўсё гэта раскажам і пакажам.