Жыхарка Брэста два гады пакутавала ад болю ў нырках праз камяні, а лячэнне, якое прызначылі дактары, не давала эфекту — камяні з’яўляліся зноў і зноў, у выніку ёй дапамаглі судовыя эксперты. Пра гэта расказалі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.
Дактары зрабілі жыхарцы Брэста чарговую аперацыю і дасталі камень памерам тры сантыметры. Пацыентка аддала яго судовым экспертам для даследавання. Спецыялісты высветлілі хімічны склад атрыманага каменя і перадалі ёй заключэнне. З ім яна пайшла да медыкаў, каб яны маглі падабраць правільную тэрапію.
«Былі вельмі моцныя болі, і, зразумела, страціць нырку не хацелася. Таму ў тэрміновым парадку мы зрабілі такую экспертызу», — расказалі судовыя эксперты.
Паводле падлікаў медыкаў, больш чым у паловы пацыентаў у Беларусі пасля аперацыі па выдаленні камянёў у нырках або іх самастойнага выхаду з арганізма здараюцца рэцыдывы.
У сувязі з гэтым у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз з верасня 2020 года пачалі праводзіць даследаванні ныркавых камянёў, каб дапамагчы медыкам прызначыць правільнае лячэнне і расказаць пацыентам, якія прадукты трэба выключыць з рацыёну, каб больш не ўзнікала такіх праблем.
«Да нас звяртаюцца з просьбай правесці такую экспертызу жыхары не толькі горада Брэста, але і Брэсцкай вобласці. На гэты момант такая экспертыза праводзіцца ў тэрмін каля пяці дзён. Але бываюць выпадкі, калі неабходна правесці экспертызу ў карацейшыя тэрміны — два дні. Гэта датычыць тых грамадзян, якія знаходзяцца на гэты момант у стацыянары. Пасля правядзення экспертызы грамадзянін адразу на рукі атрымлівае заключэнне эксперта, з якім ужо можа звяртацца да доктара», — расказалі ў Камітэце судовых экспертыз.
Камяні ў нырках сустракаюцца прыкладна ў 20% насельніцтва, і часцей за ўсё — у мужчын ва ўзросце ад 40 гадоў. У мачакаменнай хваробы шмат розных прычын, але асноўныя — гэта генетычныя фактары і няправільнае харчаванне, а таксама недастатковае ўжыванне вадкасці і прыём лекаў.
Як адзначаюць медыкі, чыстая пітная вада — найлепшая прафілактыка ўзнікнення ныркавых камянёў.