Увечары 19 чэрвеня над Беларуссю пранёсся шторм: выпаў град, дрэвы валіліся на чыгуначныя шляхі і правады, праз што цягнікі ішлі з затрымкамі. У Зэльвенскім раёне паваленае дрэва забіла жанчыну, якая прыехала з сям’ёй адпачыць на вадаём. У МНС расказалі пра іншыя наступствы ўчорашняй непагадзі.
Больш за ўсё дасталася Гродзенскай вобласці: там прайшоў навальнічны фронт з ветрам, які разганяўся да 22 м/с. Пацярпелі шэсць населеных пунктаў у Зэльвенскім і Слонімскім раёнах, пашкоджаныя дахі 47 жылых дамоў, два грамадскія аб’екты і чатыры сельскагаспадарчыя будынкі.
Зафіксаваныя 73 выпадкі падзення дрэваў, 46 з іх — у Гродзенскай вобласці. Паваленыя дрэвы пашкодзілі чатыры аўтамабілі ў Гродзенскай і адзін — у Магілёўскай абласцях. Вядуцца аднаўленчыя работы.
У Мінску ўсяго за гадзіну, з 18.30 да 19.30, выпала 23,4 мм дажджу пры сярэднямесячнай норме 89 мм. Былі падтопленыя два ўчасткі дарог, затрымка ў руху шасці тралейбусных і аднаго аўтобуснага маршрутаў склала да 1 гадзіны 17 хвілін.
Паводле інфармацыі БЧ, у выніку падзення дрэваў на чыгуначныя шляхі затрымка ў руху 26 пасажырскіх цягнікоў у Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях склала да 2 гадзін 28 хвілін.
Паводле звестак ДВА «Белэнерга», цягам сутак на тэрыторыі краіны перыядычна парушалася электразабяспечанне 571 населенага пункта (Брэсцкая вобласць — чатыры, Віцебская — 147, Гомельская — два, Гродзенская — 91, Мінская — 324, Магілёўская — тры), 28 сельскагаспадарчых будынкаў і 1979 трансфарматарных падстанцый. Да раніцы без электразабяспечання заставаліся 84 населеныя пункты (з іх у Мінскай вобласці — 72), а таксама сем сельскагаспадарчых будынкаў і 325 трансфарматарных падстанцый.