Еўракамісія чакае ад Венгрыі тлумачэнняў адносна пашырэння аднаго з тыпаў віду на жыхарства — «нацыянальнай карты» — на грамадзян Беларусі і Расіі. Пра гэта паведаміла падчас брыфінгу 30 ліпеня прадстаўніца ЕК Аніта Хіпер.
Спікерка адзначыла, што Еўракамісія збіраецца праверыць гэтае рашэнне Венгрыі на прадмет адпаведнасці нормам Еўрасаюза і зразумець «маштабы гэтай схемы».
— Згодна з нашай палітыкай, Расія — гэта пагроза бяспецы Еўрасаюза, таму яго чальцы мусяць прымаць усе меры для гарантавання бяспекі ЕС і Шэнгенскай прасторы, — заявіла яна.
Аніта Хіпер таксама адзначыла, што Венгрыя, у адпаведнасці са сваімі абавязаннямі, павінная правяраць наяўнасць у асобаў з трэціх краін дакументаў, якія дазваляюць уезд у Еўрасаюз, а таксама наяўнасць ці адсутнасць забароны на ўезд у шэнгенскай інфармацыйнай сістэме.
30 ліпеня газета Financial Times паведаміла пра ліст лідара Еўрапейскай народнай партыі Манфрэда Вебера кіраўніку Еўрарады Шарлю Мішэлю, дзе ёсць заклік паўплываць на Венгрыю ў гэтым пытанні. Вебер падкрэсліў, што гэты крок дазволіць расіянам, якія не прайшлі праверкі, бесперашкодна падарожнічаць па большай частцы Еўрасаюза.
Нагадаем, Венгрыя пашырыла дзеянне аднаго з тыпаў віду на жыхарства — «нацыянальнай карты» (Nemzeti Kártyával) — на грамадзян Беларусі і Расіі. Адпаведнае рашэнне было прынятае ўрадам краіны 8 ліпеня.
Раней дзеянне праграмы распаўсюджвалася толькі на грамадзян Сербіі і Украіны. З 9 ліпеня «нацыянальнай картай» могуць карыстацца грамадзяне Беларусі, Расіі, Босніі і Герцагавіны, Малдовы, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі.
«Нацыянальная карта» прадугледжвае спрошчаныя ўмовы ўезду і знаходжання ў Венгрыі. Уладальнікі карты могуць уладкоўвацца на працу ў любых галінах (не толькі там, дзе назіраецца дэфіцыт кадраў) і прывезці з сабой сям’ю. Карта выдаецца на два гады, але можа падаўжацца неабмежаваную колькасць разоў. Для падаўжэння не трэба здаваць тэст на культурныя веды. Праз тры гады ўладальнік карты можа атрымаць пастаянны від на жыхарства.