Жыхарка Беларусі сутыкнулася з сэксуальным гвалтам. Мужчына, які напаў на яе, быў асуджаны, але пасля памёр. Нягледзячы на гэта, жанчына вырашыла дабіцца кампенсацыі маральнай шкоды — калі не з яго, дык хаця б з яго нашчадкаў. Незвычайную справу разглядаў суд Ленінскага раёна Гродна, вынік стаў вядомы з банка судовых рашэнняў.
Як вынікае з дакумента, Валерый (усе імёны выдуманыя) згвалціў Марыну і за гэта быў асуджаны па ч. 1 арт. 166 КК (прысуд невядомы, але ён мог скласці да 4 гадоў абмежавання ці да 7 гадоў пазбаўлення волі. — Заўв. рэд.). Пазней мужчына памёр.
Пацярпелая падала пазоў у суд. Яна адзначыла, што тое, што здарылася, прынесла ёй глыбокія маральныя пакуты: яна адчувала прыніжэнне і трывогу, а таксама сорам перад сваім мужам, калегамі і сваякамі. Маральную шкоду яна ацаніла ў 100 000 рублёў. Паколькі злачынец памёр, жанчына прасіла спагнаць грошы з яго нашчадкаў.
У справе было чатыры адказчыкі. Яны не прызналі пазову і адмаўляліся плаціць. Трое з іх былі няпоўнагадовымі дзецьмі Валерыя.
Суд прыйшоў да высновы, што Марына мае права на кампенсацыю маральнай шкоды.
Пры гэтым было выяўлена, што спадчыну пасля смерці Валерыя прынялі толькі тры чалавекі — тыя самыя дзеці. А значыць, толькі яны адказваюць па яго абавязаннях і з астатніх шкода не можа быць спагнаная.
Акрамя таго, як адзначаецца ў рашэнні, улічвалася ступень маральных пакутаў пацярпелай і матэрыяльнае становішча няпоўнагадовых дзяцей, у якіх няма ніякага даходу.
У выніку патрабаванні згвалтаванай жанчыны былі задаволеныя, але толькі на малую частку. Траіх дзяцей злачынца абавязалі выплаціць ёй усяго па 900 рублёў з кожнага.
Спадчына — гэта не толькі маёмасць, але і абавязанні і даўгі. Згодна з артыкулам 1033 Грамадзянскага кодэкса, у спадчыну не ўваходзяць некаторыя правы і абавязкі, «непарыўна звязаныя з асобай» памерлага, напрыклад яго права на кампенсацыі ад іншых людзей. Аднак, згодна з пастановай Пленума Вярхоўнага суда, у кола выключэнняў не трапляе абавязак памерлага кампенсаваць нанесеную ім шкоду — яна ўсё ж перадаецца ў спадчыну. Але, як і іншыя даўгі, толькі ў межах кошту той маёмасці, якую атрымалі спадчыннікі. Пры гэтым патрабаванні пра кампенсацыю маральнай шкоды, згодна з артыкулам 209 Грамадзянскага кодэкса, не маюць пазоўнай даўнасці.
Чытайце таксама


