У Сінгапурскім праліве 6 лістапада былі заўважаныя тры ваенныя караблі Ціхаакіянскага флоту Расіі: «Вараг», «Адмірал Трыбуц» і «Барыс Бутома». З лютага гэтага года яны знаходзіліся ў Міжземным моры і, на думку ўкраінскага эксперта Андрэя Кліменкі, рыхтаваліся ўвайсці ў Чорнае мора, каб удзельнічаць у вайне супраць Украіны (як, напрыклад, шэраг караблёў Паўночнага флоту, якія РФ загадзя перакінула ў Чорнае мора) — аднак, відавочна, не змаглі гэта зрабіць. Падобна, менавіта іх меў на ўвазе міністр замежных справаў Турцыі, калі ў пачатку вясны заяўляў, што Турцыя адмовіла Расіі ў транзіце трох не прыпісаных да чарнаморскіх базаў ваенных караблёў у Чорнае мора. А ці мусіць Турцыя наогул прапускаць расійскія ваенныя караблі праз пралівы Басфор і Дарданелы? І ці можна інтэрпрэтаваць сітуацыю як выклік, які Анкара кідае Маскве? Разбіраемся.
Што адбылося і чаму гэта важна
Сітуацыя, якая склалася з праходам расійскіх караблёў праз пралівы, цесна звязаная з няўдалай спробай РФ замаскаваць вайну супраць Украіны, называючы яе «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». З’яўленне тэрміна «СВА» абумоўленае не толькі жаданнем выставіць свае дзеянні ў добрым святле перад грамадствам, але і канкрэтнымі юрыдычнымі наступствамі. Развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны — злачынства як з пункту гледжання расійскіх законаў, так і ў міжнародным праве. Акрамя таго, сам факт вядзення вайны Расіяй прыводзіць у дзеянне спецыфічныя палажэнні разнастайных міжнародных дамоваў. Адна з іх — Канвенцыя Мантрэ аб статусе праліваў — акурат і вызначае правы і абавязкі Турцыі што да праліваў Басфор і Дарданелы, праз якія праходзіць адзіны марскі шлях з Чорнага мора ў Міжземнае і назад.
Канвенцыя была прынятая ў 1936 годзе ў швейцарскім горадзе-курорце Мантрэ, ад якога і атрымала назву. Яна стала вынікам шматгадовых спробаў вырашыць супярэчнасці паміж турэцкім суверэнітэтам над чарнаморскімі пралівамі і інтарэсамі іншых краін у басейне Чорнага мора. Дакумент забяспечвае адносную свабоду праходу па Басфоры і Дарданелах для грамадзянскіх караблёў, але жорстка рэгламентуе парадак выкарыстання праліваў караблямі ваеннымі. У прыватнасці, правы Турцыі ў гэтай сферы вельмі моцна залежаць ад таго, ці ўдзельнічае краіна, якая падпісала Канвенцыю, у вайне. У артыкуле 19 дакумента вызначана, што ваенныя караблі дзяржавы, якая ваюе, не могуць праходзіць праз пралівы, акрамя як падчас вяртання на сваю базу.
Турцыя паслядоўна прытрымліваецца патрабаванняў Канвенцыі Мантрэ, але ў некаторых выпадках выкарыстоўвае шчыліны, якія ёсць у яе тэксце. Напрыклад, у 1960-я ЗША адпраўлялі ў Чорнае мора баявыя караблі з супрацьлодкавымі ракетамі ASROC калібра 420 мм. Калі СССР заявіў пратэст у сувязі з тым, што паводле Канвенцыі нечарнаморская дзяржава не павінная праводзіць праз пралівы караблі з гарматамі калібрам больш за 203 мм, Турцыя адхіліла савецкія скаргі, адзначыўшы, што ракеты гарматамі не з’яўляюцца. А на момант падпісання Канвенцыі ракет такога класа ўвогуле не існавала.
Сітуацыя, якая склалася ў лютым, таксама пакідала Турцыі пэўную свабоду для манеўру. Калі б Анкара захацела прапусціць караблі Ціхаакіянскага флоту Расіі ў Чорнае мора, яна магла б гэта зрабіць. Напрыклад, скарыстаўшыся версіяй расійскай прапаганды, якая сцвярджае, што ніякай вайны насамрэч няма, ёсць толькі «спецаперацыя». Гэта значыла б, што, з пункту гледжання Турцыі, Расія не ёсць дзяржавай, якая ваюе, і пад дзеянне абмежавальных палажэнняў Канвенцыі Мантрэ не трапляе.
Тым не менш ужо 27 лютага, на чацвёрты дзень поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, турэцкі міністр замежных справаў Меўлют Чавушаглу адказаў на зварот Кіева і на афіцыйным узроўні прызнаў расійска-ўкраінскі ўзброены канфлікт вайной: «Цяпер гэта не пара авіяўдараў, сітуацыя ва Украіне афіцыйна з’яўляецца вайной… Мы будзем выконваць Канвенцыю Мантрэ».
Тое, што расійскія баявыя караблі Ціхаакіянскага флоту знаходзяцца цяпер не ў Чорным моры, а па дарозе да партоў прыпіскі, азначае, што за мінулыя восем месяцаў пазіцыя Турцыі не змянілася. Яе кіраўніцтва па-ранейшаму лічыць вайну вайной, а Расію — яе ўдзельніцай.
А навошта наогул Расіі Ціхаакіянскі флот у Чорным моры?
Ракетны крэйсер «Вараг» быў спушчаны на ваду ў 1983 годзе і да 1995-га насіў назву «Червона Украіна». Гэты «забойца авіяносцаў» пабудаваны на суднабудаўнічым заводзе ў Мікалаеве і адносіцца да таго самага тыпу ракетных крэйсераў 1164 «Атлант», што і патопленая ўкраінцамі ў красавіку «Масква». Як і загінулы карабель, што быў флагманам Чарнаморскага флоту, «Вараг» — флагманскі карабель флоту Ціхаакіянскага.
Па мерках расійскага флоту «Вараг» — вялікі і моцны карабель, які нясе 16 пускавых установак супрацькарабельных ракет П-1000 «Вулкан». Гэтыя ракеты з максімальнай далёкасцю палёту да 800 км здольныя несці звычайную фугасна-кумулятыўную баявую частку з 500 кг выбуховага рэчыва альбо ядзерную боегалоўку магутнасцю ў 350 кілатон. З дапамогай «зграі» такіх ракет «Вараг» тэарэтычна павінен тапіць на вялікай дыстанцыі авіяносную групоўку праціўніка. Акрамя гэтага, на борце «Варага» ёсць 64 пускавыя ўстаноўкі зенітна-ракетнага комплексу «Форт» — марскі комплекс С-300, які расійская армія актыўна выкарыстоўвае для вядзення агню па наземных аб’ектах. Караблёў узроўню «Масквы» і «Варага» ў Расіі ў Чорным моры больш няма.
Калі б Турцыя пагадзілася прапусціць ракетны крэйсер у Чорнае мора, яго роля ў вайне моцна залежала б ад часу, у які ён туды трапіў бы.
-
Калі б Турцыя прапусціла «Варага» праз пралівы на пачатковай стадыі канфлікту, то разам з «Масквой» гэтыя крэйсеры забяспечылі б расійскае дамінаванне ў паўночна-заходняй частцы Чорнага мора і ў паветры над ёй. Прысутнасць тут двух караблёў такога ўзроўню з іх магутнымі радыёлакацыйнымі станцыямі зрабіла б задачу знішчэння аднаго з іх значна больш складанай. Зразумела, нельга сцвярджаць, што Украіна не змагла б патапіць «Маскву» або «Вараг» і ў гэтым выпадку, але імавернасць гэтага была б прыкметна ніжэйшай.
-
Прайшоўшы праз пралівы вясной-летам, ужо пасля патаплення «Масквы», «Вараг» мог бы замяніць яе, робячы расійскія караблі не такімі безабароннымі ад удараў з паветра. З яго падтрымкай расійскі Чарнаморскі флот, імаверна, дзейнічаў б смялей.
-
Нарэшце, на цяперашняй стадыі вайны, калі Расія імкнецца напярэдадні зімы разбурыць энергетычную інфраструктуру Украіны, велізарны ракетны арсенал «Варага» амаль напэўна выкарыстоўваўся б ва ўдарах па ўкраінскіх гарадах. І зрабіў бы гэтыя ўдары больш разбуральнымі.

Калі «Вараг» ствараўся для барацьбы з авіяноснымі групоўкамі імавернага праціўніка, то галоўнай мэтай для супрацьлодкавага карабля «Адмірал Трыбуц» мусілі стаць падводныя лодкі. Такая спецыялізацыя адбілася на яго ўзбраенні, якое ўключае некалькі тыпаў тарпед і ракета-тарпед. Па надводных і наземных цэлях «Адмірал Трыбуц» можа весці агонь з хуткастрэльнай (да 60 стрэлаў у хвіліну) 100-міліметровай гарматы. Ад нападаў з паветра карабель абараняе зенітна-ракетны комплекс «Кінжал» сярэдняга радыусу дзеяння з боекамплектам з 64 ракет. У складзе Чарнаморскага флоту Расіі такіх караблёў няма.
«Адмірал Трыбуц» наўрад ці знайшоў бы ў Чорным моры падводную лодку праціўніка (адзіная ўкраінская субмарына «Запарожжа» была захопленая расіянамі яшчэ ў сакавіку 2014 года падчас анексіі Крыма). Але яго зенітна-ракетны комплекс мог бы прыкметна ўзмацніць супрацьпаветраныя магчымасці Чарнаморскага флоту, зрабіўшы расійскія караблі больш складанымі мэтамі для ўкраінскіх ракет і беспілотнікаў. Мог «Адмірал Трыбуц» знайсці прымяненне і ў блакадзе ўкраінскіх партоў.
Танкер «Барыс Бутома» — гэта судна, якое выкарыстоўваецца для забеспячэння караблёў у далёкіх паходах. Ён змяшчае 8250 тон мазуту, 2050 тон дызельнага паліва і 1000 тон авіяпаліва, змазачныя алівы, прэсную ваду, прадукты харчавання. Танкер павялічвае аўтаномнасць караблёў, дазваляючы ім дзейнічаць у аддаленых ад базаў раёнах сусветнага акіяна. Нейкага істотнага ўплыву на ход баявых дзеянняў у Чорным моры «Барыс Бутома» не зрабіў бы.
Чаму чарнаморскія пралівы так важныя для Расіі і пры чым тут Сталін
У міжнародным праве існуе паняцце «пралівы, якія выкарыстоўваюцца для міжнароднага суднаходства» («міжнародныя пралівы»). Транспартныя артэрыі з такім статусам могуць свабодна выкарыстоўваць мірныя караблі і (з пэўнымі агаворкамі) ваенныя караблі ўсіх краін, а дзяржавы, якія мяжуюць з пралівамі, не павінныя перашкаджаць транзітнаму пераходу праз іх. Да такіх праліваў адносяцца, напрыклад, Гібралтар паміж Еўропай і Афрыкай і Армузскі праліў, які злучае нафтаносны рэгіён Персідскага заліва з Аравійскім морам. Акрамя таго, існуюць «пралівы з рэжымам мірнага праходу», накшталт Месінскага паміж Сіцыліяй і мацерыковай Італіяй, праходжанне чужых ваенных караблёў праз якія моцна абмежаванае. Статус праліваў абодвух тыпаў рэгулюецца Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982 года, ратыфікаванай большасцю краін свету, але не Турцыяй.
Рэжым некаторых важных праліваў быў урэгуляваны да прыняцця Канвенцыі ААН, і яны традыцыйна маюць іншы статус (напрыклад, балтыйскія пралівы, парадак праходу праз якія быў рэгламентаваны яшчэ ў XIX стагоддзі). Паколькі Канвенцыя Мантрэ была падпісаная яшчэ ў 1936 годзе, асаблівы статус маюць і Басфор з Дарданеламі.
З моманту падзення Канстанцінопаля ў 1453 годзе Асманская імперыя, а затым яе пераемніца Турэцкая Рэспубліка трымаюць Чорнае мора «за горла» — то-бок кантралююць абодва чарнаморскія пралівы і невялікае Мармуровае мора паміж імі. Цягам XIX стагоддзя Асманская імперыя пад ціскам вялікіх дзяржаваў падпісала некалькі дамоваў, якія рэгулююць «караблеабарот» паміж Чорным і Міжземным морамі. Самай важнай з іх была Лонданская канвенцыя аб пралівах, заключаная ў 1841 годзе паміж Асманскай імперыяй, Аўстрыяй, Вялікабрытаніяй, Прусіяй, Расіяй і Францыяй. Яна забараніла праход праз пралівы ваенным караблям усіх краін, акрамя саюзнікаў асманскага султана ў ваенны час.
У гады Першай сусветнай вайны Расійская імперыя была як ніколі блізкая да вырашэння пытання праліваў на сваю карысць. Увесну 1915 года яна дамовілася са сваімі саюзнікамі — Вялікабрытаніяй і Францыяй — пра тое, што па выніках вайны Канстанцінопаль, заходні бераг Басфора, Мармуровага мора і Дарданелаў, а таксама частка Паўднёвай Фракіі будуць перададзеныя Расіі. Але бальшавікі, якія захапілі ўладу восенню 1917 года, паставілі крыж на гэтых планах.
У снежні 1917-га старшыня Савета народных камісараў РСФСР Уладзімір Ленін і народны камісар па справах нацыянальнасцяў РСФСР Іосіф Сталін звярнуліся да ўсіх працоўных мусульманаў Расіі і Усходу з заклікам зрынаць драпежнікаў і прыгнятальнікаў. Сярод іншага зварот утрымліваў такія словы: «Мы заяўляем, што таемныя дамовы зрынутага цара пра захоп Канстанцінопаля, пацверджаныя зрынутым Керанскім, — цяпер парваныя і знішчаныя. Рэспубліка Расійская і яе ўрад, Савет народных камісараў, супраць захопу чужых зкмляў: Канстанцінопаль павінен застацца ў руках мусульман».
Словы бальшавіцкіх лідараў не разышліся са справай: у лютым 1918 года быў падпісаны сепаратны мір з цэнтральнымі дзяржавамі, у тым ліку з туркамі. У выніку, калі восенню 1918 года Антанта дзяліла ўладанні зрынутай Асманскай імперыі, Расіі ў ліку пераможцаў не было.
З 1918-га да канца 1923 года чарнаморскія пралівы знаходзіліся пад кантролем Антанты, чые войскі акупавалі Канстанцінопаль і яго наваколлі. Паводле Лазанскай мірнай дамовы 1923 года Турцыя, якая змяніла Асманскую імперыю на гістарычнай арэне, абавязвалася дэмілітарызаваць пралівы (то-бок разбурыць умацаванні на іх берагах) і прапускаць праз іх як гандлёвыя судны, так і ўсе ваенныя караблі іншых краін.
Канвенцыя Мантрэ 1936 года, якая дзейнічае ў дачыненні да праліваў да гэтага часу, прымалася ўжо ў новых рэаліях. Свет пачаў скочвацца да новай сусветнай вайны. У Міжземнамор'і гэта выяўлялася ва ўзмацненні Італіі, якая будавала ўмацаванні на размешчаных ля турэцкага ўзбярэжжа астравах Родас, Кос і Лерас, якія ёй тады належалі. Агрэсіўныя памкненні італьянскіх фашыстаў таксама станавіліся явай: вясной 1936 года яны анексавалі Эфіопію.
У гэтых умовах Турцыя ініцыявала перагляд рэжыму чарнаморскіх праліваў. Перамовы пачаліся ў швейцарскім горадзе Мантрэ ў чэрвені 1936 года. Падпісаная 20 ліпеня Канвенцыя стала вынікам складаных перамоваў Турцыі, СССР і Вялікабрытаніі, якія змаглі дасягнуць кампрамісу.
Канвенцыя ўзмацніла турэцкі кантроль над пралівамі, надзяліўшы Анкару значна большымі правамі, чым Лазанская дамова. Акрамя таго, Турцыя вярнула сабе ваенны кантроль за зонай праліваў і атрымала права будаваць там умацаванні. Таксама яна змагла закрываць пралівы для ўсіх замежных ваенных караблёў у выпадку вайны з турэцкім удзелам, а таксама ў сітуацыі, калі ёй пагражае агрэсія. Нечарнаморскія замежныя дзяржавы абавязаныя апавяшчаць Турцыю пра намер правесці праз пралівы свой ваенны карабель за 15 дзён, чарнаморскія — за восем дзён. Пагадненне падрабязна апісвае танаж, тыпы і прызначэнне ваенных караблёў, якія могуць прэтэндаваць на праходжанне праз пралівы, і тэрміны іх знаходжання ў Чорным моры. Напрыклад, яно вызначае, што сукупны танаж усіх ваенных караблеў нечарнаморскіх дзяржаваў у Чорным моры не можа перавышаць 45 000 тон, у тым ліку не больш за 30 000 тон ад адной краіны.
У цэлым Канвенцыя адпавядала турэцкім і савецкім інтарэсам у той момант. Вялікабрытанія ішла на саступкі, жадаючы ўтрымаць незадаволеную Турцыю ад дрэйфу ў бок германска-італьянскага блока. Хоць дакумент абмяжоўваў магчымасці вываду савецкага ваенна-марскога флоту ў Міжземнае мора, ён прыкметна памяншаў пагрозу і для СССР з боку Чорнага мора. Гэта адыграла сваю ролю ў гады Другой сусветнай вайны, калі Германіі і Італіі давялося дзейнічаць на Чорным моры галоўным чынам невялікімі судамі, якія перакідвалі туды па Дунаі і каналах. Бо, як ужо згадвалася вышэй, артыкул 19 Канвенцыі вызначае, што ў сітуацыі, калі Турцыя не з’яўляецца бокам канфлікту, яна не павінная прапускаць праз пралівы ваенныя караблі дзяржаваў-праціўніц, акрамя сітуацый, калі яны ідуць у парты прыпіскі.
Турцыя кідае выклік Расіі?
Сітуацыя з расійскімі ваеннымі караблямі, якія вяртаюцца на Далёкі Усход, досыць паказальная. Флагман Ціхаакіянскага флоту і яго эскорт былі адпраўленыя ў Міжземнае мора загадзя — яшчэ да пачатку гарачай фазы вайны. Наўрад ці расійскае кіраўніцтва адправіла б караблі ў такую далеч, не спадзеючыся хоць бы на мінімальную магчымасць станоўчага выніку перамоваў з Турцыяй.
Падставы для такіх надзей сапраўды былі. Туркі, нагадаем, вольна трактавалі правілы Канвенцыі не толькі на карысць амерыканцаў з іх супрацьлодкавымі ракетамі ASROC. У перыяд халоднай вайны Анкара зрабіла вельмі істотную саступку свайму патэнцыйнаму саперніку — Савецкаму Саюзу.
Канвенцыя ўтрымлівае непрамую забарону на праход праз пралівы авіяносцаў. У дакуменце яны пазначаныя як караблі, якія сканструяваныя або прыстасаваныя ў першую чаргу для перавозкі і эксплуатацыі самалётаў у моры. Пры гэтым наяўнасць самалётаў на караблях іншых тыпаў з пункту гледжання Канвенцыі не робіць іх авіяносцамі. СССР, ствараючы свае авіяносцы, прадбачліва узброіў іх магутнымі супрацькарабельнымі ракетамі, якія з’яўляюцца асноўным узбраеннем ракетных крэйсераў. Такія «гібрыды» былі вылучаныя ў асобны клас «авіяносных крэйсераў». Такі выкрут дазволіў Савецкаму Саюзу прэтэндаваць на праходжанне гэтых караблёў праз Басфор і Дарданелы.
Дзіўна, але Турцыя, якая ўваходзіла ў NATO і ў цэлым у перыяд халоднай вайны была далёка не самай прыязнай да СССР дзяржавай, дазволіла Савецкаму Саюзу праводзіць свае авіяносцы з ракетамі праз пралівы. Існуе меркаванне, што такім чынам яна хацела пазбегнуць магчымага перагляду палажэнняў Канвенцыі Мантрэ, якія ў цяперашнім выглядзе даюць Турцыі значна больш магчымасцяў для кантролю над пралівамі, чым значна больш ліберальная Канвенцыя ААН па марскім праве.
СССР, сапраўдная звышдзяржава, якая мела адну з дзвюх наймацнейшых армій свету і аўтарытэтам у міжнароднай супольнасці, цалкам мог паставіць пытанне рубам і «працягнуць» рашэнне аб пераглядзе Канвенцыі Мантрэ калі не праз Савет бяспекі ААН, то праз яе Генеральную асамблею. А таму туркам было прасцей прапусціць савецкія авіяносцы, каб не даваць Маскве лішніх падставаў для разборак. Ці пад сілу такое сучаснай Расійскай Федэрацыі? Адказ на гэтае пытанне, магчыма, прайшоў днямі Сінгапурскім пралівам на ўсход.
Цяперашняя сітуацыя — шмат у чым адлюстраванне цяжкага становішча РФ на міжнароднай арэне. Краіна так і не змагла пераканаць свет у тым, што вядзе ва Украіне толькі «спецаперацыю», што дазваляе нават фармальна нейтральным краінам накладаць на яе абмежаванні. А перабудаваць сістэму пад сябе, што, імаверна, мог зрабіць СССР, сучасная Расія, здаецца, не ў сілах. Больш за тое, бачачы вынікі расійскай ваеннай кампаніі, значна смялей могуць паводзіць сябе і такія краіны як Турцыя, чый уплыў у рэгіёне на фоне паразаў РФ толькі ўзрастае. Назваць гэта «выклікам Расіі» пакуль складана, але праводзіць уласную палітыку без усякай аглядкі на Маскву Анкара ўжо сапраўды ў стане.
Чытайце таксама


