У сталіцу Украіны з неабвешчаным візітам прыбыў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Відэа яго прысутнасці на Міхайлаўскай плошчы ў суправаджэнні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага публікуюць украінскія тэлеграм-каналы.
Джо Байдэн ушанаваў памяць абаронцаў Украіны, паведамляе тэлеграм-канал «Украина Сейчас», які апублікаваў відэа. Пры гэтым у Кіеве гучала сірэна паветранай трывогі, абвешчанай праз актыўнасць расійскай авіяцыі на тэрыторыі Беларусі.
— Джозэф Байдэн, вітаю ў Кіеве! Ваш візіт — гэта вельмі важная праява падтрымкі для ўсіх украінцаў, — напісаў Зяленскі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.
As we approach the anniversary of Russia’s brutal invasion of Ukraine, I’m in Kyiv today to meet with President Zelenskyy and reaffirm our unwavering commitment to Ukraine’s democracy, sovereignty, and territorial integrity.
— President Biden (@POTUS) February 20, 2023
— Набліжаецца гадавіна жорсткага ўварвання Расіі ва Украіну, і сёння я знаходжуся ў Кіеве, каб сустрэцца з прэзідэнтам Зяленскім і пацвердзіць нашую непахісную прыхільнасць дэмакратыі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, — пракаментаваў свой візіт Байдэн. Ён таксама адзначыў, што ЗША і кааліцыя краін-партнёраў працягнуць падтрымліваць Украіну.
Раней паведамлялася, што ў Кіеве таксама знаходзіцца ізраільская парламенцкая дэлегацыя і дырэктар МВФ Крысталіна Георгіева. Чакаецца прыезд і прэм’ер-міністра Італіі Джорджы Мэлані.
Намеснік міністра замежных справаў Андрэй Мельнік у эфіры тэлемарафона раніцай 20 лютага заявіў, што ўкраінская дыпламатыя рыхтуе сюрпрыз, звязаны з візітам высокіх замежных гасцей у Кіеў.
— Давайце мы пакуль захаваем гэтую інтрыгу і не будзем забягаць наперад. Я спадзяюся, што той сюрпрыз, які рыхтуецца, што ўсё атрымаецца. Бо для нас важна, што напярэдадні першай гадавіны агрэсіі, поўнамаштабнай агрэсіі, мы адчуем і ўбачым не толькі падтрымку на словах, не толькі салідарнасць, але і яшчэ большую дапамогу і таксама прысутнасць нашых важных, галоўных партнёраў у Кіеве, — паведаміў украінскі дыпламат.