Вайна ва Украіне ідзе ўжо больш за год, і на полі бою з’яўляецца ўсё больш новых экзэмпляраў тэхнікі. Пры гэтым часцяком «новых» азначае «раней не заўважаных на фронце», а зусім не «сучаснейшых, чым раней». Па факце расіяне, падобна, здымаюць з захоўвання ўсё старэйшую тэхніку (якую спрабуюць мадэрнізаваць) або намагаюцца павысіць эфектыўнасць звыклых баявых машын, выкарыстоўваючы іх у новым амплуа. Сабралі некалькі прыкладаў, якія засвяціліся на фота ці відэа ў апошнія тыдні.
Бронетранспарцёр БТР-50П — машына са сталінскіх часоў
Да нядаўняга часу на франтах вайны ва Украіне ледзь не адзінымі баявымі сістэмамі, якія памятаюць часы Сталіна, былі артылерыйскія гарматы. Прыкладам можна лічыць гаўбіцы Д-1, распрацаваныя ў 1943 годзе на замену гарматам Д-10 1930-х гадоў (апошнія так званая ПВК Вагнера выкарыстоўвала пяць гадоў таму ў Сірыі, але да Украіны яны, здаецца, не дабраліся).
Цяпер шэрагі тэхнікі на ўзбраенні УС РФ, распрацаванай да 1953 года, папоўніліся — у сеціве з’явіліся кадры перавозкі цягачамі савецкіх гусенічных бронетранспарцёраў БТР-50П.
Падчас Другой сусветнай вайны СССР засяродзіўся на танках і ўласных БТР не выпускаў зусім, абмежаваўшыся амерыканскай тэхнікай, якая пастаўлялася па ленд-лізе. Толькі ў пасляваенныя гады савецкія канструктары заняліся пытаннем стварэння машын для перавозкі пехацінцаў. Першымі мадэлямі сталі лёгкі БТР-40 і сярэдні БТР-152 — абодва на колавай базе. Аднак яны мелі не вельмі добрую праходнасць, і галоўнае — не ўмелі плаваць (у той час гэта лічылася крытычным). Таму ў канцы 40-х — пачатку 50-х, ледзь паставіўшы першыя бронетранспарцёры на ўзбраенне, савецкія канструктары заняліся распрацоўкай гусенічнай плавальнай мадэлі — ёю і стаў БТР-50.
Распрацоўваў яго НДІ ў Ленінградзе пад кіраўніцтвам знакамітага Жазэфа Коціна («адказнага» за стварэнне легендарных савецкіх танкаў КВ і ІС), праўда, галоўны канструктар у машыны быў іншы. Базай для новага БТР стаў савецкі лёгкі плавальны танк ПТ-76, адна з самых вядомых у свеце машын у сваім класе. БТР-50 атрымаўся досыць цяжкім — больш за 14 тон, мог перавозіць да 20 дэсантнікаў і ўмеў добра пераадольваць водныя перашкоды (ды і наогул дзякуючы гусенічнаму шасі меў нядрэнную праходнасць). Узбраеннем машыны служыў звычайны 7,62-мм або буйнакаліберны кулямёт.
Аднак у машыны быў вельмі слабы рухавік — дызельны В-6, які развіваў магутнасць усяго ў 240 конскіх сіл. Гэта дазваляла нават па шашы разганяцца толькі да 45 кіламетраў у гадзіну, а па перасечанай мясцовасці — нават менш. Першыя варыянты бронетранспарцёра выпускаліся без даху — дэсантнікі ніяк не былі абароненыя, напрыклад, ад аскепкаў, якія ляцяць зверху, або «кактэйляў Молатава», якія маглі кідаць з вокнаў.
Пры сваёй параўнальнай ціхаходнасці БТР-50 мог перавозіць даволі цяжкія грузы, да двух тон — канструкцыя машыны дазваляла, напрыклад, закаціць на яе гармату (і, як паказалі выпрабаванні, нават весці агонь на хаду, ператвараючы бронетранспарцёр ў эрзац-самаходку). Аднак у далейшым гэтыя магчымасці зніклі — эфектыўна перавозіць зброю было магчыма толькі ў варыянце без даху, а пяхота, якая перасоўваецца на такіх БТР, заўсёды будзе несці вялікія страты. Таму ў выніку дах над галовамі дэсантнікаў усё ж з’явіўся. Цяпер машына наогул не давала магчымасці стралкам весці агонь, застаючыся ўнутры: для таго каб уступіць у бой, неабходна было пакінуць бронетранспарцёр.
У серыйнай вытворчасці БТР-50 быў з 1952 па 1975 год, і зусім ужо няўдалай машынай яго назваць было нельга. Аднак вельмі буйны і дарагі бронетранспарцёр са слабым рухавіком чым далей, тым больш маральна састарваўся — і ў выніку быў заменены абсалютна не падобным да яго колавым БТР-60 (які і сфармаваў звыклае для нас аблічча «савецкага бронетранспарцёра» — наступныя мадэлі БТР-70 і БТР-80, якія стаяць на ўзбраенні і ў Беларусі, вельмі падобныя менавіта да «шасцідзясятага»).
З якой прычыны расіяне адправілі на фронт такія старажытныя машыны — не вельмі зразумела (да прыкладу, пра раскансервацыю сучаснейшых БТР-60 нічога чуваць не было). Магчыма, арміі Расіі спатрэбілася менавіта гусенічная тэхніка — да прыкладу, праз тое, што ў яе заканчваюцца запасы БМП-1 і МТ-ЛБ.
«Шахідмабіль» з МТ-ЛБ
Лёгкі шматмэтавы гусенічны транспарцёр-цягач МТ-ЛБ (які ў войсках атрымаў мянушку «маталыга») на вайне выконвае звычайна тую самую ролю «рабочага каня», для якой ён і ствараўся ў шасцідзясятыя і якую выконваў у дзясятках канфліктаў да гэтага, — возіць грузы і асабовы склад. Аднак днямі расійскія вайскоўцы вырашылі выкарыстаць стары бронетранспарцёр для сваёй новай тактыкі, якая трохі нагадвае метады ІДІЛ ці «Хезбалы». З машыны зрабілі «шахідмабіль».
Тэхнічна гэта не вельмі складана: па сутнасці, адзіны кампанент такой зброі — МТ-ЛБ. У дэсантнае аддзяленне машыны паклалі некалькі сотняў кілаграмаў дэтанавальнага шнура для ўстаноўкі размініравання УР-77 і дадалі тры аскепкава-фугасныя бомбы АФАБ-100−120.
Агулам у транспарцёр змясцілі, як можна ацаніць, прыкладна тону выбухоўкі ці нават больш. Потым МТ-ЛБ нейкім чынам (хутчэй за ўсё, заблакаваўшы рычагі і педаль газу) падагналі да апорнага пункта УСУ і так пакінулі. Пасля гэтага, відавочна, адбыўся выбух. На адным відэа відаць наступствы — падобна, што адзін чалавек забіты ці паранены, а наваколле літаральна знесла выбуховай хваляй, паламаўшы дрэвы. Расійскія крыніцы расказвалі пра тое, што апорны пункт УСУ цалкам знішчаны, і рапартавалі пра дзясяткі загінулых, але відэа ніяк гэтага не пацвярджае.
Украінскі расследавальнік па адкрытых крыніцах Necro Mancer пракаментаваў атаку МТ-ЛБ: «Хутка ж 2-я армія свету дакацілася да шахідмабіляў, цікава, смяротнікі таксама пойдуць?»
Адзначым, што ва ўзброеных канфліктах «шахідмабілі» ўсіх відаў не сталі важнай зброяй з прычыны іх значнай уразлівасці. Тонкая браня МТ-ЛБ лёгка прабіваецца з любога гранатамёта, рухацца ён можа толькі па простай лініі і ўяўляе сабой параўнальна нескладаную цэль. Разбураць такімі метадамі апорныя пункты праціўніка можна толькі пры ўмове, што абаронцы дазволяць машыне пераадолець адлегласць да пазіцый, — што вельмі малаімаверна і можа спрацаваць толькі выпадкова. Пры гэтым саму машыну бок, які атакуе, страціць гарантавана — а коштам бронетэхніка зусім не роўная цывільнаму аўтамабілю. Ва ўмовах, калі з захоўвання здымаюцца (цалкам магчыма, для замены тых самых МТ-ЛБ) бронетранспарцёры 50-х гадоў, тактыка блізкаўсходніх тэрарыстаў выглядае больш чым сумнеўнай.
Т-62М «узору 2022 года» — ці то мадэрнізацыя, ці то не
Пра тое, што асноўных баявых танкаў (нават самых старых, кшталту першых версій Т-72) Расіі не хапае і яна адпраўляе на фронт Т-62М, які вырабляўся з шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, вядома з лета. Улічваючы нездавальняючыя па сучасных мерках характарыстыкі танка, расіяне прадставілі яго «серыйную мадэрнізацыю» на зброевым форуме «Армія-2022».
На танк паставілі перыскапічны прыцэл, абсталявалі дынамічнай абаронай («цагліны» сталёвых пласцін з выбухоўкай, якія павышаюць абарону танка ад кумулятыўных боепрыпасаў) і спецыяльнымі кратамі ад супрацьтанкавых гранат, а таксама ўсталявалі аптычна-электронную сістэму на мачце, дзякуючы якой танк атрымаў лепшы агляд. Усяго такім чынам планавалася мадэрнізаваць 800 танкаў. Аднак, мяркуючы па ўсім, у выніку танкі пачалі перарабляць па-іншаму.
У сеціве з’явілася фота чарговага Т-62, прычым відавочна мадэрнізаванага — на ім адсутнічае стары лазерны далямер, а замест яго стаіць прыцэл 1ПН96МТ-02 (цяпер такія прыцэлы ставяць на розныя расійскія танкі, уключаючы найноўшыя — мабыць, праз недахоп беларускіх прыцэлаў «Сасна-У»), а таксама дымавыя гранатамёты. Пры гэтым на машыне няма ні дынамічнай абароны, ні супрацькумулятыўных кратаў, ні — самае галоўнае — мачты з аптычнымі прыборамі.
Мяркуючы па ўсім, канструктары вырашылі не асабліва напружвацца з ўдасканаленнямі і зрабілі, па сутнасці, прыкладны аналаг танкаў, якія адпраўлялі раней у Сірыю Башару Асаду — з мінімумам паляпшэнняў, затое параўнальна просты і танны. Як і ў выпадку з мадэрнізацыяй сучаснейшага Т-72Б3, якую паказалі раней, перад намі, мабыць, «мадэрнізацыя ваеннага часу», дзе ў аснове не імкненне зрабіць машыну значна лепшай, а проста фізічная наяўнасць камплектавальнікаў: калі іх няма, то і так нармальна. Ці з’явяцца на фронце ў вялікай колькасці «сапраўдныя» мадэрнізаваныя танкі, невядома.
Чытайце таксама


