Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


ЗША 14 сакавіка страцілі над Чорным морам разведвальна-ўдарны беспілотнік MQ-9 Reaper — паводле версіі Вашынгтона, дрон сутыкнуўся з расійскім знішчальнікам Су-27, прычым над нейтральнымі водамі. Крэмль у сваю чаргу лічыць, што самалёт РФ тут ні пры чым, і дадае, што «Рыпер» ляцеў у бок анексаванага Крыма з выключанымі транспондарамі. Расказваем, што здарылася і што за беспілотнік упаў (ці быў збіты).

«Небяспечны і непрафесійны перахоп»

У заяве Еўрапейскага камандавання Узброеных сіл ЗША гаворыцца, што «два расійскія Су-27 здзейснілі небяспечны і непрафесійны перахоп» дрона MQ-9 ВПС ЗША, які знаходзіўся ў міжнароднай паветранай прасторы.

Паводле заявы, інцыдэнт здарыўся раніцай 14 сакавіка. Амерыканцы сцвярджаюць, што адзін з расійскіх самалётаў «зачапіў турбавінтавы рухавік» дрона, і вайскоўцам ЗША давялося затапіць БПЛА ў міжнародных водах. Таксама сцвярджалася, што да гэтага самалёты «праляталі над ім безразважным і непрафесійным спосабам» і злівалі на дрон паліва падчас пралёту.

Паводле амерыканскага боку, MQ-9 Reaper выконваў «руцінныя» задачы ў міжнароднай паветранай прасторы. Карэспандэнт CBS Дэвід Марцін заявіў, што такія палёты былі і раней, як і іх перахопы, але бяспечныя — без спробаў збіць апарат. Марцін таксама дадаў, што расійскі пілот падвергнуў велізарнай рызыцы асабіста сябе.

Мінабароны Расіі заявіла, што сродкі кантролю паветранай прасторы над акваторыяй Чорнага мора раніцай 14 сакавіка выявілі беспілотнік, які ляцеў «у кірунку мяжы Расійскай Федэрацыі», а яго транспондары (прылады, якія дазваляюць адсочваць палёт і апазнаваць лётныя апараты) былі выключаныя. Пры гэтым беспілотнік, паводле МА РФ, парушыў паветраныя межы, устаноўленыя Масквой на час вайны, — установа сцвярджае, што звесткі пра гэтыя межы апублікаваныя ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і даведзеныя да ўсіх карыстальнікаў міжнароднай паветранай прасторы.

Наяўнасць у раёне інцыдэнту знішчальнікаў Мінабароны Расіі прызнала, аднак заявіла, што самалёты са складу дзяжурных па СПА сіл проста падняліся ў паветра, не збівалі і не ўступалі ў кантакт з дронам, а ўпаў ён «у выніку рэзкага манеўравання».

Пасля тэлеканал CBS апублікаваў рэканструкцыю падзення беспілотніка. Згодна з кадрамі відэа і тлумачэннямі, знішчальнікі Расіі не менш за 19 разоў праходзілі паблізу беспілотніка і выкідвалі ў паветра паліва — у выніку аднаго з такіх пралётаў MQ-9 страціў кіраванне і зваліўся ў мора.

Паказана і дзе гэта адбылося- за 75 міляў (каля 120 кіламетраў) на паўднёвы захад ад Крыма.

Што за БПЛА зваліўся ў Чорнае мора?

MQ-9 Reaper («Жнец») — адзін з самых вядомых амерыканскіх разведвальна-ўдарных беспілотнікаў. Здалёку ён вельмі падобны на самы вядомы дрон ЗША MQ-1 Predator (часам MQ-9 нават называюць Predator B) — а таксама на беспілотнік Grey Eagle (які мінулым летам Вашынгтон вырашыў быў адправіць УСУ, але гэтага так і не здарылася).

Як і вышэйпералічаныя мадэлі, Reaper уяўляе сабой беспілотны самалёт, кіраваны з зямлі наўпрост ці праз спадарожнік, з магутнымі камерамі і кіравальным узбраеннем.

Ад «братоў» MQ-9 адрозніваецца ў першую чаргу памерамі — гэта адзін з самых вялікіх і цяжкіх БПЛА ў амерыканскіх узброеных сілах. Для параўнання, Predator можа несці ўсяго каля 100 кілаграмаў бомбаў і ракет, Grey Eagle магутнейшы і здольны падняць больш за 300 кг, а Reaper разлічаны ўжо на 1,3 тоны (гэты паказчык параўнальны ўжо не з беспілотнікамі, а з пілатавальнымі самалётамі накшталт МіГ-29). Адпаведна, нашмат большы і цяжэйшы і сам БПЛА — ён важыць каля 4,7 тоны супраць крыху больш чым тоны ў MQ-1.

Першы прататып дрона падняўся ў неба яшчэ ў 2001 годзе — і праз шэсць гадоў, у 2007-м, беспілотны самалёт быў прыняты на ўзбраенне ў ЗША. Машына выкарыстоўваецца для разведвальных дзеянняў, патрулявання, пошуку зніклых, пры патрэбе — для паражэння цэляў.

MQ-9 Reaper. Фото: U.S. Air Force
MQ-9 Reaper. Фота: U.S. Air Force

У адрозненне ад большасці дронаў (такіх як Predator або «Байрактар»), якія абсталёўваюцца невялікімі поршневымі маторамі магутнасцю ад 100 да 200 конскіх сіл, MQ-9 абсталёўваецца магутным турбавінтавым рухавіком HoneyWell TPE 331−10 на 910 конскіх сіл. Ён дазваляе апарату даўжынёй 11 метраў і размахам крылаў у цэлых 20 метраў развіваць хуткасць да 400 кіламетраў у гадзіну (але звычайна дрон лётае на хуткасці каля 300 км/г).

БПЛА выкананы па модульнай сістэме — то-бок у залежнасці ад патрэбаў заказчыка ён можа мець розныя камплектавальнікі. Магчыма, таму кошт апарата вельмі моцна вар’юецца — ад 16 да 30 мільёнаў даляраў. Аднак у любым выпадку гэта вельмі і вельмі дарагі дрон, параўнальны па кошце з сучаснымі знішчальнікамі.

«Экіпаж» беспілотніка складаюць два чалавекі, якія знаходзяцца ў пункце кіравання, — адзін з іх адказвае за палёт апарата, другі кантралюе датчыкі і пры неабходнасці выкарыстоўвае ўзбраенне. Паліва дрону хапае на 27 гадзін палёту, далёкасць складае 1900 кіламетраў туды і назад. Каб лётаць на такія адлегласці, беспілотнік абсталёўваецца антэнай спадарожнікавай сувязі і кіруецца праз сатэліт.

Галоўнай зброяй MQ-9 Reaper, як і ў яго «братоў», застаецца выключна ўдалая супрацьтанкавая ракета AGM-114 Hellfire. Гэты 45-кілаграмовы боепрыпас наводзіцца па прамяні лазера і можа знішчыць любы танк (для чаго ён і ствараўся ў гады халоднай вайны — ракетай узбройваліся ўдарныя верталёты, якія мусілі выбіваць савецкія танкавыя армады ў Еўропе).

Акрамя ракет «Жнец» нясе карэктавальныя бомбы двух відаў — кіраваныя па лазеры GBU-12 Paweway II і GBU-38 JDAM, якія карэктуюцца праз GPS.

Пры неабходнасці дрон можа браць на борт і ракеты «паветра-паветра», каб паспрабаваць адбіцца ад самалётаў.

Але асноўнай функцыяй БПЛА застаецца разведка. Беспілотнік абсталёўваецца аптычна-электроннай сістэмай AN/AAS 52 са звычайнай і цеплавізійнай камерай, лазерным далямерам і цэлеўказальнікам для бомбаў і ракет. Дакладныя іх характарыстыкі невядомыя, аднак ёсць звесткі, што гэтыя камеры дазваляюць разгледзець нават нумарныя знакі машыны з трох кіламетраў.

Як мог упасці дрон?

Версія, прапанаваная расійскім бокам — падзенне дрона з прычыны рэзкіх манеўраў, — выклікае пытанні. Беспілотнікі накшталт MQ-9 — не гоначныя FPV-дроны, якія сапраўды могуць добра манеўраваць і хутка мяняць кірунак руху. Нават сустрэўшы знішчальнікі, якія ідуць на перахоп, беспілотнік наўрад ці паспрабаваў сысці ад іх манеўруючы: гэта абсалютна бескарысна, хуткасці Су-27 і «Жняца» несупастаўныя, схавацца ад самалётаў у небе ён бы дакладна не змог. Прычым усё роўна, быў гэта сапраўды Су-27 (такіх самалётаў у расійскай авіяцыі няшмат, але ў Крыме яны дакладна ёсць) ці адна з яго мадэрнізацый накшталт Су-30 або Су-35, — беспілотнік усё роўна нашмат павольнейшы.

Многоцелевой истребитель Су-27. Фото: wikipedia.org
Шматмэтавы знішчальнік Су-27. Фота: wikipedia.org

Зрэшты, магчымасць падзення дрона без старонняга ўздзеяння ёсць — калі ён проста зламаецца. Але наўрад ці шанцы гэтага высокія — пакуль, наколькі вядома, выпадкаў крушэння MQ-9 над морам не было.

Адзначым, што раней расійскі бок нічога не казаў пра тое, што будзе збіваць дроны ў небе над міжнароднымі водамі. Больш за тое, расійскія ваенныя эксперты выказвалі меркаванне, што Расія выконвае ўсе ўстаноўленыя правілы, таму такія інцыдэнты немагчымыя.

Што да амерыканскай версіі, паводле якой беспілотнік упаў ці то ад сутыкнення з самалётам, ці то ад пралітага на вінт паліва, то такое магчыма.

Сама па сабе магчымасць аварыйна зліваць паліва ў навакольную прастору ў самалётаў ёсць. Сядаючы, лётны апарат заўсёды мусіць быць лягчэйшы, чым у момант узлёту — інакш падчас пасадкі могуць не вытрымаць шасі. Таму калі машына захавала ў баках зашмат паліва, яго можна проста пазбавіцца (гэта не толькі палягчае самалёт, але і зніжае пажаранебяспеку, калі падчас прызямлення нешта пойдзе не так).

Магчыма, выпадак, калі Су-27 ужо зліваў на паветраныя аб’екты газу з мэтай іх пашкодзіць, быў і ў мінулым — у 1987 годзе над Баранцавым морам савецкі лётчык Васіль Цымбал сустрэў патрульны самалёт Нарвегіі «Арыён» і зліў проста на нарвежскую машыну паліва, каб збіць яе з курсу. Некаторыя расійскія крыніцы наўпрост параўноўваюць інцыдэнт 14 сакавіка з гэтым выпадкам.

Само па сабе траплянне газы на беспілотнік наўрад ці магло прымусіць MQ-9 зваліцца. Аднак калі Су-27 зачапіў дрон ці хаця б праляцеў ушчыльную да яго, беспілотнік мог страціць кіраванне праз зрыў паветраных патокаў. Пілот знішчальніка ў гэтым выпадку рызыкаваў — сутыкненне з амаль пяцітонным «Жняцом» магло быць для яго фатальным. Матывацыя лётчыка магла быць пры гэтым любой — аж да простай зухаватасці (лічыцца, што згаданы Цымбал абліваў нарвежскі самалёт газай без загаду камандавання).

Што будзе далей?

Наўрад ці падзенне дрона, хай і дарагога, стане паваротным момантам у адносінах Расіі і ЗША. Імаверна, усё скончыцца ўзаемнымі абвінавачаннямі, пасля чаго інцыдэнт паступова забудзецца. Каардынатар па стратэгічных камунікацыях у Савеце нацыянальнай бяспекі Белага Дома Джон Кірбі ўжо заявіў, што ЗША працягнуць палёты над Чорным морам.

Праблемы могуць узнікнуць, калі Расія таксама зробіць перахопы сістэматычнымі і падзенні дронаў «у выніку рэзкага манеўравання» працягнуцца. У гэтым выпадку эскалацыя сітуацыі сапраўды магчымая — аднак пакуль казаць пра такое рана.

Усе абломкі беспілотніка ніводнаму боку пакуль не ўдалося знайсці. Аднак калі збіты дрон будзе падняты з дна мора Расіяй, варта адзначыць яшчэ адзін момант. Раней ЗША не пастаўлялі УСУ баявыя дроны накшталт «Рыпераў» з дзвюх прычын, агучаных амерыканскім кіраўніцтвам: праз боязь, што начынка беспілотнікаў можа трапіць у рукі расіян, і ўсё таго ж нежадання эскалацыі канфлікту. Цяпер жа тэхналогіі MQ-9 цалкам могуць аказацца ў Расіі — у выніку шанцы Украіны атрымаць адны з найлепшых у свеце дронаў могуць вырасці.