У Мінабароны Расіі заявілі, што баевікам ПВК Вагнера ўдалося захапіць тры кварталы ў паўночнай, цэнтральнай і паўднёвай частках Бахмута. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі пра шматлікія атакі праціўніка ў раёне Мар'інкі. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі, чаму Яўгену Прыгожыну ўдалося вярнуць ласку расійскага прэзідэнта Пуціна.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 419-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: баі за Бахмут працягваюцца
Расійскія войскі ў панядзелак нанеслі чатыры ракетныя і 41 авіяцыйны ўдар, правялі 57 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і цывільнай інфраструктуры населеных пунктаў. Ёсць параненыя сярод мірнага насельніцтва, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійскія войскі, нягледзячы на вялікія страты, працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Актыўна выкарыстоўваюць аператыўна-тактычную і ваенную авіяцыю. За суткі на названых участках фронту УСУ адбілі больш за 70 атак праціўніка.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў восем населеных пунктаў.
— На Купянскім напрамку расіяне вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні паблізу Сінькоўкі. Абстрэлам падвергліся пяць населеных пунктаў.
— На Ліманскім напрамку праціўнік вёў наступальныя дзеянні ў раёне на поўнач ад Спірнага, поспеху не меў. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся пяць населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку не спыняюцца баі за горад Бахмут. Расіяне спрабавалі таксама наступаць у раёне населеных пунктаў Іванаўскае і Прадцечына. Ад абстрэлаў праціўніка пацярпелі 11 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім напрамку спробы наступу расійскіх войскаў зафіксаваныя ў раёнах Новакалінава, Севернага і Першамайскага Данецкай вобласці. Расіяне абстралялі восем населеных пунктаў.
— На Мар'інскім напрамку адбітыя шматлікія атакі праціўніка ў раёне Мар'інкі. Абстрэлам падвергліся тры населеныя пункты Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку праціўнік наступальных дзеянняў не праводзіў. Расіяне абстралялі сем населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні. За суткі яны абстралялі больш за 40 населеных пунктаў. Сярод іх і горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 12 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка.
— Збіты варожы разведвальны БПЛА тыпу «Мерлін».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі два раёны канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка, а таксама станцыю радыёэлектроннай барацьбы.
Мінабароны РФ: нанесеныя ўдары па пунктах кіравання 25-й паветрана-дэсантнай і 110-й механізаванай брыгад УСУ
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Бахмут падтрымку штурмавым атрадам ПВК Вагнера аказваюць Паветрана-дэсантныя войскі і падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў — яны не даюць УСУ контратакаваць з флангаў.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Крахмальнае, Альшана, Кучароўка і Двурэчная Харкаўскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Сінькоўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці спыненыя дзеянні дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 35 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, дзве самаходныя гаўбіцы М109 Paladin, а таксама гаўбіца Д-20.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Чырвонапапоўка Луганскай вобласці, Церны і Грыгораўка Данецкай вобласці. Страты УСУ склалі больш за 80 вайскоўцаў, а таксама дзве баявыя браніраваныя машыны.
— На Данецкім напрамку штурмавыя атрады ў выніку актыўных дзеянняў авалодалі трыма кварталамі ў паўночнай, цэнтральнай і паўднёвай частках Бахмута. Ударамі авіяцыі, агнём артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ, якія высоўваліся для контратакі, у раёнах населеных пунктаў Часаў Яр і Канстанцінаўка. Для падтрымкі штурмавых атрадаў авіяцыя за суткі здзейсніла шэсць вылетаў. Артылерыйскія падраздзяленні выканалі 63 агнявыя задачы.
Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі звыш 290 украінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў. Знішчаная адна ўкраінская баявая машына пяхоты, тры баявыя браніраваныя машыны, восем аўтамабіляў, баявая машына РСЗА «Град», артылерыйская сістэма М777, радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Наваполь Данецкай вобласці, Малая Такмачка і Палтаўка Запарожскай вобласці. Знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя машыны пяхоты, два пікапы, а таксама гаўбіца Д-20. У раёнах населеных пунктаў Гуляйполе і Чырвоная Крыніца Запарожскай вобласці знішчаныя два склады боепрыпасаў.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за суткі знішчаныя больш за 25 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777, а таксама дзве гаўбіцы Д-30.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 98 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 126 раёнах. У раёнах населеных пунктаў Церны і Аўдзееўка Данецкай вобласці пабітыя пункты кіравання 25-й паветрана-дэсантнай і 110-й механізаванай брыгад УСУ. У раёнах населеных пунктаў Кабзарцы і Снігіроўка Мікалаеўскай вобласці знішчаныя два склады паліва для ўкраінскай ваеннай тэхнікі. Сродкамі СПА за суткі знішчаныя шэсць украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: расійскім войскам удалося дабіцца чарговых поспехаў у Бахмуце
Яўгену Прыгожыну, відаць, удалося вярнуць ласку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны. На думку экспертаў, гэтаму паспрыяла расчараванне Пуціна ва Узброеных сілах праз іх няздольнасць выканаць задачы, пастаўленыя перад імі падчас зімовага наступу на Данбасе. Падобна, што сілы Вагнера зноў атрымліваюць падмацаванні, боепрыпасы і палітычнае прызнанне. Дзярждума таксама разгледзіць папраўкі да расійскага закона пра правы ветэранаў, якія прадугледжваюць прысваенне статусу ветэрана прыватным ваенным кампаніям (ПВК) і валанцёрам, за што раней неаднаразова выступаў Прыгожын. Прыняцце гэтага законапраекта азначала б, што становішча Прыгожына ў найбліжэйшым атачэнні Крамля палепшылася, кажуць у Інстытуце.
Разам з тым, адзначаюць аналітыкі, ступень даверу і добразычлівасці Пуціна да Прыгожына пакуль няясная. Але тое, што ён прызначыў камандзіраў, звязаных з Прыгожыным, напрыклад камандуючага ПДВ генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага, сведчыць, што галоўны прыярытэт для прэзідэнта РФ цяпер — перамога ў Бахмуце. Як лічаць у ISW, горад Пуцін хацеў бы атрымаць напярэдадні Дня Перамогі 9 траўня або, паводле чутак, да прэс-канферэнцыі «Жывая лінія», якая рыхтуецца ў чэрвені, каб зацвердзіць свой аўтарытэт сярод расійскай аўдыторыі.
Паляпшэнне адносін Пуціна з Прыгожыным можа таксама сведчыць пра тое, што прэзідэнт РФ не гатовы адкрыта ўзмацняць мабілізацыю. Пуцін павялічыў штогадовую квоту прызыву з 134 000 прызыўнікоў да 147 000 і, імаверна, адчувае недахоп інструктараў для падрыхтоўкі прызыўнікоў, рэшты мабілізаваных і добраахвотнікаў. Крэмль, магчыма, спадзяецца выкарыстоўваць інструктараў Вагнера для падрыхтоўкі сваіх мабілізаваных, кажуць у ISW. Да таго ж ПВК Вагнера цяпер праводзіць вярбоўку па ўсёй Расіі, і цалкам магчыма, што Крэмль усё яшчэ можа разглядаць гэтую кампанію як рэальную крыніцу павелічэння баявой моцы.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны ўсход ад Купянска і на поўдзень ад Крамянной;
- расійскія войскі дамагліся чарговых поспехаў у Бахмуце і працягнулі наземныя атакі на лініі Аўдзееўка — Данецк;
- расійскія войскі працягвалі абарончыя мерапрыемствы на поўдні Украіны;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць выдаваць расійскія пашпарты на акупаваных тэрыторыях Украіны;
- інтэрв'ю з двума былымі наймітамі-вагнераўцамі пра іх абыходжанне з украінскімі цывільнымі асобамі і ваеннапалоннымі яшчэ раз дэманструе, што жорсткасць — аснова дзеянняў ПВК Вагнера;
- міністр абароны Кітая Лі Шанфу сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Маскве 16 красавіка і паабяцаў умацоўваць ваенныя абмены і супрацоўніцтва паміж Расіяй і Кітаем. Пуцін працягваў спробы прадставіць Расію раўнапраўным абаронным партнёрам Кітая і ціхаакіянскай ваенна-марской дзяржавай падчас гэтага візіту.