Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Раніцай 6 чэрвеня ўкраінскі бок заявіў пра тое, што войскі РФ падарвалі дамбу Кахоўскай гідраэлектрастанцыі ў Херсонскай вобласці, выклікаўшы затапленне навакольных тэрыторый. Расія ж абвінавачвае ў абвальванні плаціны саму Украіну. Разбіраемся ў пытанні і спрабуем зразумець, каму можа быць выгаднае знішчэнне дамбы і паводка ў рэгіёне.

Што адбываецца

Каля 6-й раніцы аператыўнае камандаванне «Поўдзень» УСУ паведаміла, што расійскія акупацыйныя войскі ажыццявілі падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС. Кіраўнік прызначанай уладамі Расіі акупацыйнай адміністрацыі Новакахоўскага раёна Херсонскай вобласці Уладзімір Лявонцьеў у гутарцы з расійскімі дзяржаўнымі СМІ спачатку абверг падрыў ГЭС, назваўшы гэтую інфармацыю трызненнем, але потым пацвердзіў факт надзвычайнага здарэння, заявіўшы, што па станцыі былі нанесеныя «шматлікія ўдары».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расію ў падрыве Кахоўскай ГЭС. Ён таксама расказаў пра скліканне тэрміновага паседжання Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБА).

Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
Тэрміновае паседжанне РНБА Украіны пасля выбуху Кахоўскай ГЭС, 6 чэрвеня 2023 года. Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

«Расійскія тэрарысты разбурэннем дамбы Кахоўскай ГЭС толькі пацвярджаюць для ўсяго свету, што іх трэба выгнаць з кожнага кутка ўкраінскай зямлі. Ніводнага метра нельга ім пакідаць, таму што кожны метр яны выкарыстоўваюць для тэрору. Толькі перамога Украіны верне бяспеку. І гэтая перамога будзе. Ні вадой, ні ракетамі, ні чым заўгодна тэрарыстам не ўдасца спыніць Украіну», — заявіў ён.

На левабярэжжы Дняпра пачалося затапленне населеных пунктаў (іх колькасць даходзіць да 80), а ва «Укргідраэнерга» заявілі, што Кахоўская ГЭС аднаўленню не падлягае. Ахвяр сярод мірнага насельніцтва няма, расказаў прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль, аднак праблемы з падачай вады назіраюцца нават у буйных гарадах Днепрапятроўскай вобласці. Сама Кахоўская ГЭС цалкам сышла пад ваду.

Одна из затопленных улиц в Херсоне. Фото: t.me/suspilnekherson
Адна з затопленых вуліц у Херсоне. Фота: t.me/suspilnekherson

Каму наносіць шкоду падрыў дамбы?

Без сумневу, найперш Украіне. 100% усіх земляў, якія будуць затопленыя пасля скіду вады з Кахоўскага вадасховішча, — украінскія. Уся сапсаваная або знішчаная ў выніку затаплення маёмасць — украінская (акрамя, магчыма, расійскіх вайсковых складоў, калі іх размяшчалі паблізу Дняпра ніжэй за новую Кахоўку). Велізарная шкода будзе нанесеная прыродзе, многія людзі могуць застацца без даху над галавой.

Шведскі журналіст Ларс Вільдэранг яшчэ ў кастрычніку 2022 года даследаваў магчымыя наступствы прарыву дамбы Кахоўскай ГЭС для рэгіёна пры найгоршым сцэнары развіцця падзей. Ён зрабіў гэта пасля заявы тагачаснага камандуючага расійскай арміяй ва Украіне Сяргея Суравікіна. 19 кастрычніка 2022 года апошні паведаміў пра атрыманую інфармацыю што да намераў Кіева нанесці ўдар па плаціне Кахоўскай гідраэлектрастанцыі. Тады Суравікіна падтрымаў кіраўнік Херсонскай акупацыйнай адміністрацыі Уладзімір Сальда. Амерыканскі Інстытут па вывучэнні вайны адзначаў, што расіяне могуць распаўсюджваць такія звесткі, каб стварыць інфармацыйныя ўмовы для разбурэння дамбы сваімі сіламі.

Для свайго даследавання Ларс Вільдэранг выкарыстаў мадэль, спецыяльна створаную шведскай гідралагічнай кампаніяй Dämningsverket. Згодна з разлікамі, пры самым горшым сцэнары (то-бок пры падрыве ўсіх шлюзаў) будуць затопленыя вялікія тэрыторыі на левым (паўднёва-ўсходнім, цяпер акупаваным Расіяй) беразе. Пад’ём вады журналіст прагназаваў не толькі ў Дняпры, але і ў рацэ Паўднёвы Буг (яна ўпадае ў Чорнае мора праз агульны з Дняпром заліў) уверх да Мікалаева. Будзе затопленая частка Херсона (гэта ўжо адбываецца на нашых вачах), некалькі меншых гарадоў і вёсак па абодва берагі Дняпра. На піку магутнасці патоку з дамбы будзе вывяргацца 14 000 кубаметраў вады ў секунду, што можна параўнаць з патокам Ніягарскага вадаспаду.

Таксама Вільдэранг адзначаў у якасці магчымых наступстваў прыпыненне падачы астуджальнай вады на Запарожскую АЭС, якую трэба астуджаць нават пры спыненых рэактарах. Словам, шкода для Украіны ад падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС можа быць велізарная. Анімацыю, якую шведскія гідролагі падрыхтавалі для даследавання Вільдэранга, вы можаце ўбачыць ніжэй.

Аднак Расія ад разбурэння плаціны ў Новай Кахоўцы таксама зазнае значную шкоду. Як ужо адзначалася вышэй, затапленне пасля падрыву дамбы ў першую чаргу закране левы бераг Дняпра — а там стаяць расійскія войскі. Больш за тое, на левабярэжжы расіяне з мінулага года капаюць палявыя ўмацаванні, якія таксама могуць зазнаць затапленне і стаць бескарыснымі.

Таксама менавіта з вадасховішча Кахоўскай ГЭС пачынаецца Паўночна-Крымскі канал, які злучае галоўнае рэчышча Дняпра з Крымам. Да 2014 года Украіна забяспечвала праз гэты канал да 85% патрэбаў паўвострава ў прэснай вадзе. Пасля анексіі Крыма пастаўкі спыніліся, а рэгулярнае выкарыстанне крымчанамі вады з падземных крыніц прывяло да засалення мясцовай глебы. ААН ускладала адказнасць за доступ жыхароў Крыма да вады на Расію, якая анексавала рэгіён. Тым не менш у выпадку гуманітарнай катастрофы для ўкраінскіх грамадзян (калі пра яе заявяць міжнародныя арганізацыі) Кіеў быў гатовы пастаўляць ваду на паўвостраў.

Першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук яшчэ ў 2021 годзе называў узброенае ўварванне Крамля ў бок Дняпра праз ваду для Крыма «справай часу». Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін у кастрычніку 2022 года казаў, што прычынай уварвання Расіі ва Украіну было ў тым ліку гэтае пытанне. «У Крыме пражываюць 2,5 млн чалавек. [Улады Украіны] узялі і ваду адсеклі. Войскам давялося зайсці і ваду адкрыць у Крым. Вось як прыклад логікі нашых дзеянняў», — сказаў Пуцін падчас прэс-канферэнцыі ў Астане.

Праўда, гэта было, мяркуючы з усяго, першыя і адзіныя словы расійскага прэзідэнта пра тое, што пастаўка вады ў Крым для яго хоць неяк важная: да вайны Пуцін успамінаў пра гэтае пытанне нерэгулярна, а ў 2014 годзе (калі Расія анексавала паўвостраў, і праблема Паўночна-Крымскага канала стала для расіян рубам) наогул не выказваўся на гэтую тэму. Таму прымаць як аксіёму той факт, што падача вады ў Крым важная для Масквы і асабіста для Пуціна, наўрад ці варта.

Дык што, ніводны з бакоў не меў матывацыі падарваць плаціну?

Напэўна, гэта не так. Хоць Расія сапраўды зазнае пэўную (магчыма, значную — гэта залежыць ад колькасці вайсковых аб’ектаў, якія былі размешчаныя на левым беразе) шкоду ад затаплення тэрыторый на левым беразе Дняпра, гэта можа прынесці расіянам і значную выгаду. Магчыма, у хуткім часе пачнецца контрнаступленне на адным з участкаў фронту. Калі расійскі бок мяркуе з нейкай прычыны, што ўдар будзе нанесены менавіта на Херсонскім напрамку, то затапіць навакольныя тэрыторыі — цалкам лагічная стратэгія для боку, які абараняецца.

Гісторыя ведае такія прыклады, у тым ліку зусім нядаўнія: так, у сакавіку 2022 года УСУ ўзарвалі дамбу Кіеўскага вадасховішча, пусціўшы ваду ў рэчышча дробнай ракі Ірпень. Гэта стала адной з прычын перамогі ў бітве за вёску Машчун, якая ў сваю чаргу стала адным з асноўных складнікаў паспяховай абароны Кіева. Калі расіяне сапраўды лічаць, што ўдар УСУ будзе нанесены тут, патэнцыйная выгада ад ператварэння рэгіёна ў непрыдатны для наступальных дзеянняў можа перамагчы нежаданне тапіць уласны ўмацаваны раён і ні ў чым не вінаватыя населеныя пункты.

А вось для ўкраінцаў, якія наступаюць, затапленне левага берага Дняпра наўрад ці можа быць хоць неяк выгадным. Яшчэ восенню 2022 года пра гэта пісала Руская служба Бі-бі-сі, адзначаючы, што цяжка планаваць наступальныя аперацыі, калі тэрыторыя на поўдзень ад Дняпра ператворыцца ў балота. Выданне дадавала, што гэта было б лагічным, калі б найбліжэйшымі планамі УСУ было засесці ў абарону.

Аднак цяпер нішто не сведчыць пра тое, што на Херсонскім напрамку ўкраінскія войскі маюць патрэбу ў такім радыкальным метадзе ўмацавання абароны: пасля лістападаўскага адступлення расіян з правабярэжжа Дняпра сведчанняў, што Расія збіраецца правесці наступ, які пачнецца з перакідвання войскаў праз шырокую раку, не з’яўлялася.

Так выглядит Каховская ГЭС после разрушения. 6 июня 2023 года. Фото: телеграм-канал Суспільне Херсон
Так выглядае Кахоўская ГЭС пасля разбурэння. 6 чэрвеня 2023 года. Фота: тэлеграм-канал «Суспільне Херсон»

Расійскі палявы камандзір Ігар Гіркін (псеўданім — Стралкоў) адзначыў, праўда, што матывацыяй украінскага боку (калі б гэта зрабіў ён) магла быць спроба «змыць» расійскія ўмацаванні на левабярэжжы Дняпра, а таксама стварыць умовы для захопу Кінбурнскай касы і гіпатэтычнага дэсанту праз Днепр вышэй за Новую Кахоўку. Аднак наўрад ці знішчэнне ўмацаванняў з’яўляецца годнай кампенсацыяй за немагчымасць наступаць праз разліў ракі (а іншыя пералічаныя аперацыі не нясуць відавочнай выгады).

Важным момантам з’яўляецца і тое, што наўмыснае разбурэнне дамбы Кахоўскай ГЭС наўпрост супярэчыць Жэнеўскім канвенцыям, а дакладней — артыкулу 56 дадатковага пратакола да канвенцый, што датычыць абароны ахвяр міжнародных узброеных канфліктаў. Пункт 1 артыкула кажа:

«Устаноўкі і збудаванні, якія змяшчаюць небяспечныя сілы, а менавіта: плаціны, дамбы і атамныя электрастанцыі не павінныя станавіцца аб’ектам нападу нават у тых выпадках, калі такія аб’екты з’яўляюцца ваеннымі аб’ектамі, калі такі напад можа выклікаць вызваленне небяспечных сіл і наступныя цяжкія страты сярод цывільнага насельніцтва».

У выпадку, калі з’явяцца доказы датычнасці Украіны да падрыву плаціны, краіна рызыкуе сутыкнуцца з вельмі негатыўнай рэакцыяй сусветнай супольнасці. А пасля 15 месяцаў вайны няма падставаў меркаваць, што Кіеў схільны ігнараваць законы вайны. Разам з тым расійскі бок, відаць, ставіцца да Жэнеўскіх канвенцый спакайней, перыядычна парушаючы іх і нават дапускаючы ваенныя злачынствы. Раней расіяне ўжо абвінавачвалі ўкраінцаў, да прыкладу, у стварэнні «брудных бомбаў», якія нібыта планавалася потым падарваць, — гэтыя звесткі не пацвердзіліся.

Словам, пакуль пры іншых роўных умовах больш матываванай падарваць плаціну Кахоўскай ГЭС выглядае Расія. Ужо падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу стала вядома, што за тыдзень да выбуху на Кахоўскай ГЭС улады РФ дазволілі не расследаваць аварыі і тэракты на небяспечных аб’ектах — гэта дазволіць Крамлю наогул ніяк не тлумачыць тое, што адбылося.

Чытайце таксама